epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Прапішыце, доктар...

Прапішыце, доктар, мне не Сочы,

не Афон, не Ялту, не Місхор,

не ўзбярэжжа, дзе прыбой грукоча,

не даліну руж між сініх гор,—

 

прапішыце лепш мне бераг Сожа,

мокры поплаў і сунічны бор,

сцежкі палявыя, луг мурожны,

між балот пясчаны касагор;

 

прапішыце мне парылку лазні

з венікам пякучым па спіне,

прапішыце шчэ дыету мне —

са смятанай грэцкія аладкі

і пасцель на сене пад павеццю,

каб падняцца дрогка на дасвецці.