epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Праз меру

Хтось праз меру сучасны...

Хтось праз меру адсталы...

Хтось праз меру няшчасны...

Хтось — шчаслівы і ўдалы...

 

Так прывыклі мы жыць,

не шукае ніхто

больш для шчасця

сярэдзінкі той залатой,

што дзядам і бацькам

была гэтак да густу:

каб не посна, не тлуста,

абы даў бог лусту...

 

А нам — не абы,

нам выключнае трэба:

хлеб выпечкі свежай

і не нешта — да хлеба,

кажух самы модны,

гальштук — выдатны,

абутак — дабротны

і шапку — з андатры,

кватэру — як стайню,

і мэблю — з арэху,

пасаду, і званне,

і славу, і ўцеху...

 

Усё — каб адменна,

і ўсё — каб не нешта:

браць — поўнай жменяй,

губляць — дык дарэшты!