epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Ранавата цяпер вечарэе..."

Ранавата цяпер вечарэе,

золь паўзе пад туманам густым...

Дай жа рукі твае пагрэю,—

ты азябла зусім.

 

Ад расы травастой макрэе,

і святлее лугоў кілім.

Дай жа рукі твае пагрэю,—

ты азябла зусім.

 

Закаханыя не старэюць,

ім ісці праз агонь і дым.

Дай жа рукі твае пагрэю,—

ты азябла зусім.