epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Рэчы вялікіх людзей..."

Рэчы вялікіх людзей —

гадзіннікі і алоўкі,

кавенькі і насоўкі,

браслеты і пярсцёнкі,

нажнічкі і расчоскі,

падцяжкі і дзягі,

стрэльбы і біклагі,

піпкі і муштукі

і розныя там квіткі

ляжаць пад шклом у музеях пустых

не сведкамі таленту іх,

а глухім напамінкам аб тым,

што іх гаспадары

былі звычайнымі людзьмі:

хадзілі па зямлі,

елі,

пілі,

труціліся цыгарэтамі,

цкаваліся газетамі

аж да тае пары,

пакуль не сталі

бюстамі і партрэтамі.