epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Салаўі

Памяці Антона Бялевіча

 

— Годзе хныкаць і плакаць! —

буркнуў дзядзька Антон,

недаплецены лапаць

шпурнуў пад услон

і накінуў на плечы

дублёны кажух:

— Руш за мною, малеча,

я цуд пакажу.

 

Пахудзелая поўня

вісіць над сялом,

неўзаранае поле

скародзіць святлом;

палахлівыя цені

бягуць па мяжы...

Мы на леташнім сене

у пуні ляжым.

 

Абгарнуліся цесна

адным кажухом;

саграваецца цела

уласным цяплом;

удыхаю паветра

густое, бы ўзвар,

і цяжэюць павекі

ад слодычы мар.

 

Я ж бадзёруся: рана

яшчэ засынаць,—

дзядзькаў цуд абяцаны

баюся праспаць.

Дзядзька дужа не любіць

знявагі такой,

больш ніколі нікуды

не возьме з сабой.

 

Хоць і кажуць, што дзядзька —

лайдак і дзівак,

без ягоных дзівацтваў

не пражыць мне ніяк.

ён — мая ўся навука,

мая вера,

мой суд.

Я пытаю на вуха:

— Дзядзька, хутка твой цуд?

 

Дзядзька локцем ласкава

штурхнуў мяне ў бок:

— Ой, малеча-малява,

пусты кацялок!..

Не сапі гэтак носам,

а слыхам лаві:

вось-вось-вось за алёсам

запяюць салаўі.

 

І нібы па загаду,

калыхнуўшы ліству,

пачынае руладу

вясновы пяюн:

— Чок-чок-чок, ф’юць-ф’юць, ціву,

віць-віць-віць, тррр... пім-пім! —

то задужа імкліва,

то паволі зусім.

 

І з кустоў-пералескаў,

зарэчных гаёў

адгукнуліся песні

соцень дзвюх салаўёў.

— Я такога канцэрта

шчэ ніколі не чуў,

буду помніць да смерці,—

дзядзьку ўдзячна шапчу.

 

Вучыць дзядзька разважна;

— Пра смерць памаўчы.

Хай над ворагам нашым

крычаць крумкачы.

Нам з табою, мой дружа,

салоўка пяе.

А хто з песняю ў дружбе,

той вечна жыве!