epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Санет кніжнаму чалавеку

Паводле Дзімітра Панцялеева

 

Грызеш да стомы кнігі і трактаты,

збіраеш мёд з акацыі чужой,

і блытаніна ў галаве тваёй:

змяшаліся імёны, назвы, даты...

 

Харчуешся чым — праўдай ці хлуснёй?

Каму зайздросціш — здольным ці багатым?

Учора богам быў, а сёння стаў піратам.

Чым будзеш заўтра —духам ці зямлёй?

 

А дні бягуць... І наракаць не трэба,

што аднастайныя яны, нібы званок,

які склікае вучняў на урок.

 

Рабом абставін не зрабіся ты:

купі для Евы добры бохан хлеба —

вярніся з ёй у райскія кусты.