epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Сябар юнацтва

Сядзім,

п’ём салодкае віно сустрэчы.

Захмялелі ад успамінаў

і глядзім на мінулае

праз зялёнае шкло радасці.

Ах, якія мы тады былі наіўныя,

якія добрыя!

Як моцна сябравалі,

выручалі адзін аднаго!

— А помніш?

— А помніш? — як гарох ад сцяны

адскокваюць ад рэальнасці

словы захаплення.

 

У запасе ўспамінаў —

яшчэ на цэлы тыдзень,

а віно ўсё выпіта.

На стале стаяць пустыя пляшкі,

і вецер,

як строгі боцман,

свішча ў іх дудкі,

падае каманду:

— Пастроіцца на вячэрнюю паверку!