epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Скульптар

Вечарам майскім,

калі па-над лугам

клубіўся туман,

зацвіталі сады,—

сэрца тваё

скамянела, аглухла,

і ад мяне ты пайшла назаўжды.

 

Знікла,

прапала,

нібыта растала...

У сэрцы пакінула

скруху і боль...

Сэрца ж не хоча з марай расстацца,

сэрца шукае сустрэчы з табой.

 

Свет абышоў.

Не было ўжо надзеі...

Сёння ж

пасля векавой слепаты

ў мармуру глыбе

ўбачыў цябе я,

хоць і старанна схавалася ты.

 

Кажуць, што мая ніхто не вяртае,

толькі хіба што мільгне ён у сне...

Мармур

я знішчу,—

і ты, як жывая,

прыйдзеш —

ужо назаўжды! —

да мяне.