epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Славацкае віно

Лідзіі Вадкерці-Гаворнікавай

 

Над Модрай сонца — як той бочкі дно,

з якой мы п’ём іскрыстае віно,

брацкае,

славацкае,

мяккае віно

і зусім не п’янае —

мудрае яно.

— Будзь здароў!

— На здраве!

Дабрыня вачэй.

— То ся зрэдку става...

— Чокнемся яшчэ!

 

Віно, віно, вінечка...

Нам жыць у дружбе вечна!

 

Лідзія славачка

раіць па-сваяцку:

— Не паверыш віну —

страціш дружбе цану.

Піць віно без сведак —

толькі гора зведаць:

застанешся адзін,

як былінка ў полі,

ап’янееш,

падурнееш,

будзеш босы, голы.

Трэба верыць віну,

ведаць дружбе цану.

Як падзелішся з сябрамі,

заспяваем песню разам:

«Віно, віно, вінечка.

Нам жыць у дружбе вечна!..»

Гэта песня продкаў нашых —

пастухоў, аратых,

беззямельных,

непісьменных,

ды душой багатых.

 

Над Модрай сонца — як той бочкі дно,

з якой мы п’ём іскрыстае віно.

 

Віно, віно, вінечка...

Нам жыць у дружбе вечна!