epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Славацкія трыялеты

*

На вузкіх вулках Браціславы

шмат сонца і кароткі цень;

мне ўсё тут нова і цікава,

на вузкіх вулках Браціславы.

У промнях гонару і славы

нясе Славакія свой дзень.

На вузкіх вулках Браціславы

шмат сонца і кароткі цень.

 

*

Калі ў Дунай глядзяцца зоркі,

здаецца, ён не мае дна.

Не трэба лішняе гаворкі,

калі ў Дунай глядзяцца зоркі.

Наш лёс не згубны, хлеб — не горкі,

не выпускай ты з рук стырна.

Калі ў Дунай глядзяцца зоркі,

здаецца, ён не мае дна.

 

*

Стаіць на плошчы Трнавы помнік —

салдат савецкі сцяг узняў,

яго залоцяць сонца промні.

Стаіць на плошчы Трнавы помнік.

Народ славацкі свята помніць,

прынёс яму хто светласць дня.

Стаіць на плошчы Трнавы помнік —

салдат савецкі сцяг узняў.

 

 

*

Дунай блакітны толькі ноччу,

пад цьмяным месяца святлом.

Я на свае пабачыў вочы —

Дунай блакітны толькі ноччу.

Магчыма, Штраус і сурочыў

сваім імпэтам і цяплом.

Дунай блакітны толькі ноччу

пад цьмяным месяца святлом.

 

*

Загінуў на зямлі славацкай

паэт Астапенка Змітрок.

Дзе пахаваны — не дазнацца:

загінуў на зямлі славацкай.

Ля кожнае магілы брацкай

схіляюся, спыніўшы крок:

загінуў на зямлі славацкай

паэт Астапенка Змітрок.

 

*

Прыгожым рускім словам «Дружба»

завуць студэнцкі інтэрнат.

З усіх краін хлапцоў, дзяўчат

склікае наша слова «дружба».

З японкай швед у танцы кружаць,

спяваюць немка і харват.

Прыгожым рускім словам «Дружба»

завуць студэнцкі інтэрнат.

 

*

Плывуць над Спішскім Штвэрткам хмары,

ледзь не зачэпяць за крыжы.

Як дзён мінулых міражы,

плывуць над Спішскім Штвэрткам хмары.

Старызну як ні беражы,

час выдзьме са скляпенняў чары.

Плывуць над Спішскім Штвэрткам хмары,

ледзь не зачэпяць за крыжы.

 

*

Спакойна сёння ля Дуная:

цвітуць сады, шумяць гаі,

у парку салавей спявае...

Спакойна сёння ля Дуная.

І толькі Славін нагадае,

якія тут ішлі баі.

Спакойна сёння ля Дуная:

цвітуць сады, шумяць гаі.

 

*

Гараць на Славіне цюльпаны,

як зоркі памяці людской,

тут нашы хлопцы пахаваны...

Гараць на Славіне цюльпаны.

І ўжо ніякі госць нязваны

не ступіць больш сюды нагой!

Гараць на Славіне цюльпаны,

як зоркі памяці людской.

 

*

Кажу я «дзякуй!» гіду Яну,

што паказаў «Славацкі рай»

і партызанскую паляну.

Кажу я «дзякуй!» гіду Яну.

Куды ні гляну, дзе ні стану —

яснее ўсюды небакрай.

Кажу я «дзякуй!» гіду Яну,

што паказаў «Славацкі рай».

 

*

Між тым, што будзе і было,

знаходзімся мы самі.

І душ цяпло, і дум святол —

між тым, што будзе і было.

Вунь бачыш: сонейка ўзышло

над сінімі гарамі.

Між тым, што будзе і было,

знаходзімся мы самі.

 

*

Кармілі просценькія жорны

усіх князёў і каралёў,

у градах горных, непакорных

кармілі просценькія жорны.

Здаровым, свежым хлебам чорным

з сялянскіх рэдзенькіх палёў

кармілі просценькія жорны

усіх князёў і каралёў.

 

 

*

У ціхай сонечнай даліне

шчыруе вёска Остры Грунь —

славацкая сястра Хатыні,

у ціхай сонечнай даліне.

Жыццё бурліць, жыццё не згіне:

квітнее сад, буяе рунь

у ціхай сонечнай даліне.

Будзь шчаснай, вёска Остры Грунь!