epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Столь у бацьковай хаце..."

Столь у бацьковай хаце

не здавалася нізкай,

там на клёцы жалезным

вісела калыска

 

і пад матчыну песню

гайдалася лёгка.

Засынаў немаўля

на кужэльных пялёнках.

 

Маці ў тварык глядзела

і бога маліла:

— Хай не будзе прыгожы,

а будзе шчаслівы.

 

Ды, відаць, той мальбы

не пачуў усявышні,—

выпаў лёс мне такі,

каб усюды быў лішнім:

 

між радні,

на гульні,

на дарах-частаваннях,

за святочным сталом,

пры дзяльбе караваю...

 

Так жыццё праляцела

маланкай імклівай.

Кажуць людзі: прыгожы,

знаю сам: нешчаслівы...