epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Штосьці раптам сэрца зашчымела..."

Штосьці раптам сэрца зашчымела:

зноў перад вачамі паплылі,

бы ў забытым фільме чорна-белым,

баявой эскадры караблі.

 

Мора, мора!..

Ад майго юнацтва

так далёка ты ўжо адплыло,

што мне нават страшна азірацца —

раптам хвалі выб’юць з рук вясло.

 

Без вясла ў раз’юшанай стыхіі

як жа мне ўтрымацца на плаву?

 

Коціць мора спрэс валы крутыя

на маю сівую галаву...

 

— Гэй! — крычу я.— Сябрукі-матросы,

кіньце мне выратавальны круг!..

.........................................

Толькі вецер свішча стогалосы,

толькі хвалі пеняцца наўкруг...

 

І шчэ болей сэрца зашчымела:

паплылі, знікаючы ўдалі,

бы ў забытым фільме чорна-белым,

не маёй эскадры караблі.