epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Травінка. Успамін дзяцінства

Басанож па выспелай расе

бег на самы на высокі ўзгорак,

каб убачыць свет ва ўсёй красе,

дзе няма бядоты, крыўды, гора.

 

Што ж убачыў?

Голая зямля,

як і ў нас: пясок, тарфянік, гліна,

і па небе сунецца здаля

хмара — нібы чорная аўчына...

Абхапіў рукамі галаву:

воечкі!.. Як страшна, глуха, дзіка!..

І без сілы грымнуўся ў траву.

— Мама! Мама! — у адчаі клікаў.

 

І чакаў: вось зараз грымне гром,

пакарае люта за грахі ён:

спапяліць мяне сваім агнём,

а душу на мукі ў пекла кіне...

 

Жах які!

Ды ўсё ж я не сцярпеў,

ціхенька адно расплюшчыў вока:

свет пад сонцам весела зіхцеў,

тая ж хмара адплыла далёка.

 

Узняла мяцёлку, нібы сцяг,

перад носам мятлінка-травінка,

і буяла хараством жыцця

гэтая танюткая раслінка.