epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Трыялеты

*

Хачу з’яднаць я трыялетам

два антыподы-палюсы:

зіму-лядоўню з цёплым летам

хачу з’яднаць я трыялетам,

і не парушыўшы пры гэтым

прыроды велічнай красы.

Хачу з’яднаць я трыялетам

два антыподы-палюсы.

 

 

*

Ці ж гэта мала: сонца свеціць,

а ты — здаровы і жывы?

У садзе вецер грае веццем.

Ці ж гэта мала: сонца свеціць?

Суседка ўсмешкаю прывеціць

і здыме хустку з галавы.

Ці ж гэта мала: сонца свеціць,

а ты — здаровы і жывы?

 

*

Лаўлю вачамі зор мігценне,

а сэрцам слухаю зямлю.

Сівагаловы летуценнік,

лаўлю вачамі зор мігценне.

Я пра зямное прыцягненне

размоў залішніх не люблю -

лаўлю вачамі зор мігценне,

а сэрцам слухаю зямлю.

 

*

Нясу я з лесу не грыбы —

усмешку бабінага лета.

Бярэмя песень шчэ не спетых

нясу я з лесу — не грыбы.

Блукаючы ўвесь дзень без мэты,

што я згубіў, а што — набыў?

Нясу я з лесу не грыбы —

усмешку бабінага лета.

 

 

*

На неба ўзлезці ён хацеў,

але зваліўся ў яму.

А так стараўся, так пацеў —

на неба ўзлезці ён хацеў.

І красамоўствам зіхацеў,

і выдаваў таксама...

На неба ўзлезці ён хацеў,

але зваліўся ў яму.

 

*

З мяне анёл не атрымаўся —

на неба я ўзляцець не змог.

Жанчынамі я захапляўся,

з мяне анёл не атрымаўся.

Спакусам не супраціўляўся,

пераступаў чужы парог...

З мяне анёл не атрымаўся,

на неба я ўзляцець не змог.

 

*

Я думаў, што яшчэ далёка

і лістапад, і снегапад,

бяспечна па гаях галёкаў...

Я думаў, што яшчэ далёка...

Ішоў няспешным роўным крокам

і не аглядваўся назад,

бо думаў, што яшчэ далёка

і лістапад, і снегапад.

 

*

Для вусеня галінка — цэлы свет,

ягоны дом, ягоная дзяржава.

Тут ёсць яму прытулак і абед,—

для вусеня галінка — цэлы свет.

Пакіне і нашчадкам запавет:

рабіць патраву — гэта ваша права.

Для вусеня галінка — цэлы свет,

ягоны дом, ягоная дзяржава.