epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

У Клайпедзе

Горада не ўбачыў — лівень хлынуў,

пад брыльком кіёска

быў надзейны схоў.

 

Я купіў газету,

папрасіў дзяўчыну

растлумачыць сэнс літоўскіх слоў.

 

Прачытала:

— «Тіеsа» — па-літоўску «Праўда»,

—«Valstybins» — «дзяржава»,

«Tarybos» — «Савет»

«Klaipeda» — наш горад,

рускім братам

вернуты навечна ён цяпер Літве.

Зразумеў?

Скажы, яшчэ што хочаш

у Мінск прывезці з горада майго?

 

Паглядзеў дзяўчыне ў іскры-вочы

і сказаў:

— Жадаю аднаго:

каб жыла ты кветкаю шчаслівай

у Літве свабоднай, маладой.

 

...Гузікі бушлата зашпіліўшы,

я на кліч гарніста

выйшаў зноў пад дождж.