epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

У Вязынцы

Прыязджаюць сюды

паэты,

вопытныя і зусім маладыя,—

усе шукаюць тую сцяжынку,

якой ішоў калісьці Янка

з сялянскай хаты ў вялікую паэзію.

 

Шукаюць,

каб прымераць яе да сябе,

да сваёй творчай біяграфіі,

быццам не ведаюць,

што ніякай сцежкі не было.

 

Была

зарослая калючым цёрнам

аблога,

якую і прайшоў з горда ўзнятай

галавой

хлопец з Вязынкі.

 

Таму ён — паэт,

таму — Янка Купала.