epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

У мамы на руках

Спіць у мамы на руках сынок,

залюляны мараю салодкай,

нібы,

склаўшы крыльцы,

матылёк

спіць пад ласкай сонца на пялёстках.

 

На руках у мамы хлопчык спіць.

А на ганку летні ветрык лёгкі

ходзіць,

хоча дзверы адчыніць

у нязнаны свет,

у свет шырокі.

 

Хлопчык спіць у мамы на руках...

Можа, сніць сябе дарослым надта

у прыгожай форме марака

ці ў бліскучым шлеме касманаўта.

 

Пройдзе час —

і стане явай сон:

выйдзе ў мора, узляціць пад хмары,

працай рук нястомных будзе ён

маладзіць вясновыя абшары.

 

А пакуль — маленечкі сынок

на руках у мамы спіць салодка.

І жывы трапеча матылёк

над ягонай ільняной галоўкай.