epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Ведаю, гэта — макеты, муляжы

ды тэхніка мікраілюмінацыі,

а здаецца,

нібыта зноў стаю на мяжы

дзяцінства з юнацтвам;

чытаю

на пасечанай асколкамі браме

загады пад чарнакрылымі арламі:

«За хаванне зброі — смерць!»

«За аказанне супраціўлення — смерць!»

«За дапамогу чырвонаармейцам — смерць!»

...А дома

на вышках, за снапамі жыта,

ляжыць наш лётчык

з нагой перабітай

вышэй калена кулямётнай чаргой,

і мне трэба хоць пад зямлёй

знайсці і бінт і ёд...

Вунь фашыст

увесь свой рыштунак павесіў на плот

і ў адных трусах паклыпаў да рэчкі...

А можа,

у яго кішэні ляжыць

паходная аптэчка?..

А можа?..

Вечарам маці жагнаецца:

— Крый божа!..

Абышліся б мы без бінтоў, без ёду.

ёсць бялізна,

сушаныя травы —

зраблю настой,

прынясу ад братавай мёду,

вылечу на славу.

Выхадзілі,

паставілі на ногі,

пайшоў баец у цёмную ноч з нашага парога

здабываць Перамогу.

І зноў — трывогі, трывогі, трывогі...

Аблавы...

Засады...

Налёты...

Блакады...

 

Таварыш экскурсавод,

памаўчы хоць хвіліну,—

сэрца маё навылёт

прабіваюць успаміны

спаленай вясны.

 

...З плячэй сваіх, пэўна, цяжару вайны

да смерці

не ўдасца мне скінуць.