epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Успамін

Калісьці мы, зусім шчэ маладыя,

вячэралі на лузе ля ракі.

Хрумсцелі на зубах зялёныя гуркі,

у місках юшка смачна пахла дымам.

 

Вярба рукамі, кволымі, худымі,

маладзічок трымала за ражкі,

каб не зваліўся — хоць і не цяжкі,

ды хто яго на неба зноў падыме?

 

Лянота брала пакрысе ў палон,

і не было ў руках тае ўжо сілы,

каб здолець так высока ўскінуць вілы.

 

Ноч распусціла зорны парасон...

Клубок разваг з плячэй маіх пахілых

каціўся калабком у мяккі сон.