epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Вяртанне

Дзень добры, Дняпро —

светлая казка майго маленства!

З твайго крутога берага

я закідваў вуду-валасянку,

спадзеючыся злавіць залатую рыбку.

Але ці то прынада была непрывабная,

ці то рыбка была непрынадная,—

яна так і не клюнула...

І тады я перайшоў на твой другі,

пясчаны, бераг,

ён быў цёплы і мяккі,

як матчына далонь.

Я грэўся пад сонцам

і любаваўся,

як па тваёй шырокай спіне

аднекуль з невядомых даляў

прыплывалі плыты, чаўны і параходы,

не спыняліся,

плылі далей —

у невядомыя далі,

пакідаючы ў памяці радасць сустрэч

і тугу развітанняў,

а ў сэрцы —

прагу да нязведанага...

 

Дзень добры, Дняпро —

светлая песня майго юнацтва!

Па гэтых вось лугавых сцяжынках

блукаў я шчаслівы,

наліты ружовым сокам першага кахання,

што расцвіло ў душы гарэзнай

буйным калінавым цветам.

Вясновымі вечарамі

я назіраў, як у плыткай вадзе

адбівалася зорнае неба,

і мне было ўжо мала

тваёй шырыні і глыбіні,—

сэрца рвалася ў далёкія далі,

каб прайсці лясы, пустыні, стэпы,

узабрацца на тую вяршыню,

з якой можна дастаць

самую яркую зорку

і пакласці яе ля ног каханай...

 

Дзень добры, Дняпро —

светлая мара маёй сталасці!

Як разумны і клапатлівы бацька,

ты не стаў тады мяне,

гарачага,

імклівага,

неразважнага,

утрымліваць каля сябе,

адпусціў ад сваіх сівых берагоў

у свет нязнаны,

каб я, гледзячы на зямныя дзівосы,

яшчэ больш палюбіў

тваю гордую спакойную плынь,

сумаваў па табе,

як рыбіна ў перасохлай пратоцы...

 

Дзень добры, Дняпро!

Я вярнуўся з далёкіх вандровак

на твае берагі,

цёплыя і мяккія, як матчыны далоні.