epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Ветэран

Сухой рукой перабірае медалі

за Кёнігсберг, Варшаву і Берлін,

 

нібыта біяграфію чытае,

далёкае былое ўспамінае,

 

сяброў па зброі — мёртвых і жывых,

крыху шчэ помняцца абліччы іх

 

і галасы — амаль дзіцячыя фальцэты,

грузінскія, малдаўскія акцэнты...

 

Звон кацялкоў ля кухні палявой...

Прывал кароткі і бясконцы бой...

 

Раненне і шпітальныя пакуты...

Над брацкімі магіламі салюты...

 

І зноў — у наступленне... Зноў: «Ура-а-а!..»

 

Прыйшоў унук вясёлы са двара:

— Дзед, тэлевізар уключай! Даўно

ідзе пра Шцірліца кіно,

а ты сумуеш.

Ну і дзед!