epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Ветэраны

Вецер узносіць штандары,

пеніцца квецень вясны.

Рыцары полымнай мары,

ідуць ветэраны вайны:

маршалы і генералы,—

золатам слава зіхціць,

прозвішчы іх у аналы

трапіць змаглі пры жыцці;

мічманы і афіцэры

энскіх часцей франтавых,

поўныя кавалеры

ордэнаў баявых;

лётчыкі і танкісты,

снайперы і маракі,

стройныя артылерысты

і пехацінцы-стралкі;

падпольшчыкі і партызаны —

нябачнага фронту байцы...

Крочаць вайны ветэраны.

На тварах іх шрамы-рубцы.

Грудзі ў вясёлках істужак.

На скронях блішчыць серабро.

У сэрцах—адвага і мужнасць.

А вочы іх зычаць дабро.