epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Вызваленне. Трыпціх успамінаў

1. Чорныя дні
2. Сонца ўзышло
3. Дзядзька Клім і генерал


1. Чорныя дні

Чорныя дні... У чорныя дні

ездзіла смерць на белым кані;

 

ехала ўладна па вёсцы маёй,

налева-направа махала касой...

 

Радзелі рады і сяброў, і радні...

Ад гора счарнелі б мы ў чорныя дні,

 

каб верай вялікай мы ўсе не жылі,

у сілу вялікую роднай зямлі,

 

у тое, што хутка да нас з-за Дняпра

прыйдзе ратунак з грымотным: «Ура-а-а!»

 

 

2. Сонца ўзышло

Як хутка час імчыцца! Пацяжэла

і пасівела галава мая.

А помніцца, была яна як вугаль,

і ўсе мяне дражнілі цыганёнкам,

і гэта дужа радавала маму,

што чорнай галава была ў мяне,

бо ўсіх дзяцей русявых, кажуць, будуць

фашысты аднімаць сілком у матак

і браць з іх кроў для раненых салдат.

Так, так, усіх дзяцей белагаловых

лавіць... ад матак аднімаць сілком...

А што рабіць, скажыце, Фрузе Бокуць?

Дзяцей маленькіх у яе чацвёра,

ва ўсіх — бялюткія, бы з кужалю, галоўкі...

Як толькі лясне дзесьці блізка стрэл

ці загурчыць на бальшаку машына,

хапае Фруза дзетак у бярэмя

і па канаве ў хмызнякі бяжыць...

Цяпер жа вунь і дзень і ноч фашысты

на захад адступаюць: едуць фуры,

грузавікі з дабром нарабаваным,

гарматы, легкавушкі і танкеткі...

Але страшней за ўсіх — матацыклісты

і верхавыя,— ім бальшак не трэба,

яны і па прасёлачных дарогах

заўсёды пройдуць — дождж там ці туман,—

па вёсках рыскаюць, пачуўшы песню пеўня,

убачыўшы дымок над цёплай хатай,

ляцяць наперагонкі:

— Матка, яйкі!

— Гіб шпэк!

— Гіб млека, бутэр, шнапс і брот...

Усё бяруць — і ежу, і адзежу,

яшчэ і прыслужы: каня пачысці,

памый машыну... Прынясі... Падай...

 

А неяк да Яўхіма Кашапара

прыпёрся афіцэр якісь вашывы

і загадаў Яўхімісе, у печы

каб запаліла і вады нагрэла.

Раздзеўся дагала той афіцэр,

каля цяпла пачаў ён вошы прудзіць,

затым палез у цэбар, і вяхоткай

Яўхіміха спіну каб шаравала,

ды ўсё крычаў, патрабаваў: «Гіб міло!»

Яму дай мыла! Мы ўжо тры гады

не бачылі яго, зусім забылі,

як пахне мыла, пеніцца ў начоўках...

 

А Фруза Бокуць у той час сядзела

з дзяцьмі ў балоце ля Пясчанай выспы,

дзяцей маленькіх у яе чацвёра,

ва ўсіх галоўкі белыя як снег.

Яны ў палоне звыкліся з няволяй

(жыў у блакітных вочках дзікі жах),

цярпелі холад, не прасілі есці,—

каб толькі жыць, каб разам з мамай быць...

 

Шумеў бязлістым лесам лістапад,

марозам дыхаў, да касцей праймаў.

Мы талакой бліндаж зрабілі Фрузе

з пячуркай — ноччу можна пратапіць.

 

Усход гудзеў...

Калі прыкласці вуха

да матухны-зямлі, дык можна чуць,

як пухкаюць гарматы дзесь за Сожам,

а мо і бліжай — за сівым Дняпром.

Дзе фронт?

Дзе тыл?

Што робіцца на свеце,

ніхто не ведаў...

Лютыя фашысты

сагналі, можа, тысячы народу

на беразе Дняпра капаць траншэі,

казалі: будзе тут «Дняпроўскі вал»,

які чырвоных спыніць і паверне

назад аж да Масквы, бо фюрэр мае

сакрэтнай зброі шмат, ускалыхне

ён ёю свет увесь і павядзе

на ўсіх мацерыках «парадак новы».

— А каб ты здох ды са сваім парадкам! —

бурчала Фруза, грэючы зацірку

на грубачцы бляшанай.— Злыдзень! Гад!

Цябе б вось накарміць бурдою гэткай,

якой кармлю дзяцей!.. А ты з іх кроў

яшчэ смактаць сабраўся, ненажэрны!..

Скуль быць крыві той? Паглядзіце, людцы,

як пасінелі тварыкі, свіцяцца

наскрозь яны, гаротнічкі мае...

Мы, «людцы», самі рэзалі бульбіну

на тонкія скрылёчкі, прыкладалі

іх да бляшанай печкі і чакалі,

пакуль яны падсмажацца, хапалі

гарачыя, піхалі прагна ў рот...

Нам голад — што? Хутчэй бы нашы танкі

прарвалі фронт фашысцкі і стралою

пранесліся па вуліцах, за імі

прыйшла пяхота — мужныя салдаты

у шэрых шынялях, бліскучых касках,

між іх — мае браты Васіль і Пеця,

абодва гарманісты... Іх чакаюць

не толькі я — усе дзяўчаты вёскі

і ператвораны ў цэйхгауз калгасны клуб...

 

Пайшлі дажджы халодныя...

Фашысты

у хаты лезлі, бралі падчыстую

усё, што можна з’есці або выпіць,

а што было сухое і гарэла —

палілі ў печах, грэліся, сушылі

прамоклыя падраныя мундзіры

ды пеклі бульбу, смажылі каніну,

нас гналі прэч.

Мы начавалі ў лёхах,

галодныя, дрыжалі і жывымі

не марылі застацца...

 

На світанку

пачулі раптам: грымнулі гарматы,

ад грому іх зямля ўся задрыжала,

і без прысвісту ў небе самалёты

раўнютка загулі...

І мы адразу

пазналі: гэта нашы.

— Нашы!

— Нашы!

Мы з лёхаў вылезлі, было ўжо відна.

Спыніўся танк ля хаты.

З люка вылез

баец у шлеме. Нам ён усміхнуўся,

сказаў прыветна:

— Здравствуйте, ребята!

І сонца ў той жа міг над краем узышло.

 

 

3. Дзядзька Клім і генерал

Па гразкай вулцы нашай вёскі

ішоў пяхотны грозны вал

і ехаў верхам Сакалоўскі,

яшчэ не маршал — генерал.

 

Прыгожы, статны, чарнабровы,

папаха злёгку набакір,

глядзеў, здавалася, сурова:

вядома ж — слаўны камандзір.

 

Ды штось дзіцячае ва ўхмылцы

было, калі ён нам казаў:

— На Іскры, гэтай вось кабылцы,

ад Курска к вам я прыскакаў

 

і да Берліна шчэ даеду,—

а, каб пацвердзіць свой зарок,

ён не махры даў Кліму-дзеду —

«Казбеку» поўны карабок.

 

Той карабок — пусты ўжо, праўда,—

бярог да самай смерці Клім

і паказаць яго быў рады

усім — старым і маладым.

 

Квіткі, даведкі і страхоўкі

у карабку тым Клім хаваў

і ганарыўся:

— Сакалоўскі!!!

Цяпер вунь маршалам ён стаў,

 

а быў жа тут во... Просты гэткі,

падаў руку...— запомніў дзед,

як генерал здымаў планшэтку,

у што ён быў абут-адзет.—

 

— Казаў «даеду» і даехаў

у тое зверава кубло...

Калі ж хто устаўляў са смехам:

— Дзед, што было — вадой сплыло,—

 

Клім абураўся:

— Што вы, людзі?!

Не! Не сплыло і не сплыве,

мо іншы хтосьці і забудзе,

а ў нашай памяці жыве

і будзе вечна жыць, паверце,

трывогай урывацца ў сны,

каб больш ніколі ўжо на свеце

крывавай не было вайны.

 

...Гляджу на Клімаву магілу —

зарослы муравой капец.

…................................................................

Які ж ён быў мужык стажылы,

хоць непісьменны, а мудрэц!