epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

Залатая сярэдзінка

Парады маладым аўтарам

 

Пішаш, браце, прозу — тоўстыя раманы?

Не спяшай з канфліктаў гарадзіць гарод,

лепш, калі сюжэцік будзе твой туманны:

ні тупы, ні востры — нешта пасярод.

 

Ты — паэт?

Запомні, ехаць рызыкоўна

на кантрастах рэзкіх — каламазь і мёд...

Хай герой лірычны будзе памяркоўны:

ні змагар, ні мямля — нешта пасярод.

 

Публіцыст ты, браце?

З тэмаю надзённай

будзеш доўга біцца рыбінай аб лёд,

чытачу дай сёння нізку сцэн будзённых:

ні хлусню, ні праўду — нешта пасярод.

 

Для дзяцей ты пішаш кніжкі-маляванкі?

Не імкніся многа выдумляць прыгод,

наскубі бадылля і пляці пляцянку:

ані быль, ні казку — нешта пасярод.

 

Калі ж ты сатырык,

вырывай з карэннем

пустазелле злое, каб не выспеў плод,

і трымай надзейна у руках з натхненнем

ні мятлу, ні вілы — нешта пасярод,

 

Крытыкай заняўся?

Што ж, служы прагрэсу,

фіміямам славы акрапі ўмалот.

Будзь жа прынцыповым: не пускай у прэсу

ні ялей, ні доўбню — нешта пасярод.

 

Дык за працу, дружа!

Твор пішы і тут жа

сам чытай, каб іншым не ствараць турбот,

і лічы, што ты ўжо самабытны дужа:

ні чытач, ні аўтар — нешта пасярод.