epub
 
падключыць
слоўнікі

Хведар Жычка

"Зямля пад снегам..."

Зямля пад снегам —

вабная жанчына,

а сонца ў небе —

поўны сіл мужчына.

Жанчына спіць

пад прасціною белай,

мужчына воддаль

тупае нясмела,

і з кожным днём

яму ўсё больш карціць

жанчыну

пацалункам разбудзіць.

Усё бліжэй, бліжэй

ён падступае,

па твары

прагным позіркам блукае,

любуецца

святлом на юных шчоках,

дыхнуў на кудзеркі

над вокам,

на ружы вуснаў глянуў —

не ўстрымаўся,

прыпаў да іх

і ўжо не адарваўся...