epub
 
падключыць
слоўнікі

Цётка

Асеннія лісты

Сядзелі на прызбе, кланілі к сабе галовы, як дзве высахшыя макаўкі пад сільным ветрам, і вялі гарачую гутарку.

- Дзякуй, Сымонка, дзякуй, што адведаў ты мяне хаця перад смерцю. Рад, вельмі рад, - скрыпеў сухім голасам Сцяпан. - Гляджу на цябе і не веру сваім вачам - ці гэта ты, ці не ты?

- Мо і не я, - смяяўся Сымон, - пастукай! Толькі паволі, бо я цяпер шкляны, гы-гы!

- Смех смехам, а кусок часу. То ж мы з табой і не бачыліся з тае пары, як я купіў у Меера рабую карову і як прытрапілася, помніш?.. тое...

- Як не помніць? - помню.

- А знаеш, удалая была жывіна, словам не сказаць, - і ўежна, і да зімы ўладна, і на цяляты, проста гад - не карова...

Пыхаў Сымон люльку, напіхаючы тытунь, і падрыгваў выблекаванымі вачыма.

- Да таго часу, ваша, камень пакаці, то пакрышыцца. А што казаць пра скаціну! Яно ж нежанатыя былі тады?

- Гавары мацней, не чую! - наставіў вуха Сцяпан.

- Нежанатыя былі! Дзецюкі, як дубы, аж народ аглядаўся. А цяпер што? - трухло! Вунь унуку майму трэцяму гэты год на лёсы.

- Ці ж гэта так даўно? - Падняў з задзіву Сцяпан навісшыя бровы.- А я думаў, гадоў пятнаццаць.

- Павысахлі рэчкі... хо-хо! - кепкуе бяззубым ротам Сымон, - пят-нац-цаць, дрэнна, дрэнна, ваша, лічыш! - Б'е па плячы старога.- А як мяркуеш па нас, будзе ўжо па трынаццаць? Бо я думаю, што не! Глядзі, толькі, толькі зубы выразаюцца. - Паказвае бяззубы рот.

Ускалыхнуўся вецер на сухіх галінках, быццам смерць сміганула лёгкім ценем па ліцах старцаў.

- Эй, Сцяпане, Сцяпане, старыя мы ўжо пні! Адною палавінай на гэтым баку, другою на тым. Фю! Жыццё, як тая муха, бззз! і праляцела, - пстрыкае пальцамі Сымон у паветры.

- Так, так, яно-то так, праляцела, - годзіцца Сцяпан, - але як аглянешся назад, як падумаеш ды прыпомніш тыя магілы, насыпаны сваімі рукамі, на слезы выліт... каху-каху! - папярхнуўшыся горкім словам, кашляе. - Ось, спытай суседа і сведку аб пройдзенай дарозе, - паказвае скурчаным пальцам на крыж пры варотах, - усіх маленькіх пахаваў, усіх аплакаў. Не пашкадавалі, родненькія, мяне... старога, не пашкадавалі! - адно за адным, адно за адным, як пацерачкі, пакаціліся. - Згарнуўся ў кручок і кідаў жаласную скаргу ў вочы распяцця. - Ну, - заківаў галавою, - яго святая воля! Вечнае адпачыванне!..

А крыж - старавіна замшалы - ліцом глядзеў на абодвух і думаў сваю думу... Разам, пэўне, са Сцяпанам свой век скараталі, разам старэлі і горбіліся. Мо не адна бура над іх галовамі шумела, не адзін гром у іх сэрца мераў, а яны ціха смутак сабе павяралі. Нат і паходзілі адзін на аднаго: абодва шэрыя, сухія, замкнутыя ў сабе, панура глядзелі ў зямлю.

- Праз крыж твой і мукі, - выбач ім, Пане! - кончыў сваю малітву Сцяпан і ўжо крыху спакайнейшым голасам вёў далей гутарку:

- Жывём цяпер толькі ўдвух. Вось сяджу часам на прызбе і думаю: ану, хто каго перастаіць? Хацеў, было, падперці, але, як ужо на тое пайшло, - паглядзімо, хто каго: ці я яго, ці ён мяне? Равеснікі ж, бачыш, Сымоне, і мы з ім. Шчэ бацька мой нябожчык паставіў, якраз у той год, як я меў нарадзіцца.

І тут Сцяпан папраўляецца, сядае добра, бярэ Сымона за рукі, як ён прывык рабіць з кожным свежым чалавекам, і пачынае свой сказ, мо ўжо тысячу раз пераказаны ім у жыцці.

- Бацькі мае былі гаспадары, але дзеці ў іх не гадаваліся. Народзіцца худое, зялёнае, гадоў два-тры пакавэнчыцца ды памрэ. Перапрабавалі ўсяго чыста. Хто чаго не парадзіў: лекі, знахары, шаптухі, а скутку ні на шэлег. Знаку - ні той божа. Ходзіць гэта мая матка са мною, восьмым ці дзевятым, а пошасць, - знакам тым халера, - косіць народ, што ні радачкі. Хмарай ідзе па ўсёй старане. Людзі не згадаюць, што і рабіць: абворваюць вёскі, моляцца, на афяры даюць, крыжы ставяць. А матка гэта мая і кажа да бацькі: «Чалавечку, пастаўма і мы крыж, жывучы на аднаселлі... Мо і нас бог укрые ад заразы, а мо і дзеткі стануць гадавацца! Пасля яна-то спамінала, што быццам крыж агністы мільгануў ёй перад вачыма. Парадзіліся, пагаварылі ды паставілі злева ля варот. Праз колькі тыдняў я і нарадзіўся, - хлопец не хлопец, а цвік! так, такі дзіця-каўбук. Бабка стала купаць, зірк - і рукі адняліся... На правай лапатцы ў дзіцяці, знакам тым у мяне, чырвоны крыж, так, такі крыж - радзімы знак. Суседзі на здзіў дзівіліся: адны варажылі шчасце дзіцяці, другія - наадварот. Хе-хе-хе! значыць, прыйшоў на свет божы ўжо з крыжам. А после калі пасыпаліся - так толькі крыжы, крыжы па ўсёй скуры... А душа шчымам шчыміць. Бацькі з пажару не выйшлі, няшчасце з жонкай, астрог, калецтва, а после - як пацерачкі, - да апошняга...

Сціснуў галаву касцістымі рукамі і горка плакаў. Сівое валоссе сіратліва касмыкамі разносіў вецер. Дзеравяныя кулі пры нагах мёртва качаліся ад сударажнага плачу.

- Сцяпане! - крэпка надумаўшыся, азваўся Сымон.- Чуў, шмат чуў ад людзей пра тваё адзіноцтва, але што зробіш, жыццё трасе чалавекам... ой, рэчкі павысахлі... так трасе, так трасе, як вецер лісцем на дзераве! А мы з табою, Сцяпане, праўду сказаць, асеннія лісты, патрасе шчэ крыху намі, патрасе, і адпадзем! О-ё-ён! рэчкі павысахлі... бззз! і праляцела... А вазьмі хоць мяне: і жонка жыве, і дзяцей маю, і не калека. А дабра, што плюнуць. Палын кіпіць у грудзі, гаркаценне цераз берагі... - паказвае на сэрца. - Выгналі бацьку на старасць - і жабруе. Ох, рэчкі павысахлі... А што зробіш? Мусіць, там было так напісана... - Глядзіць, як гусак, адным вокам у неба.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Асенняе неба і хмарна і зімна... не адкажа вам, пажоўклыя лісточкі. Вецер толькі закалыша і знікне. Адзін звон мо па вас заплача шчыра, а зямля-маці прытуліць спрацаваныя косці. Елка або бяроза пусціць карэнне ў вашы збалелыя сэрцы, выцягне з іх усю горыч і вынесе ў вясёлай зелені суроваму свету... канец мукі.

 

1910-1912


1910-1912

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая