epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Адвячоркам

Люблю сачыць, як дзень пагодлівы канае

І шэрасць лёгкая над горадам шумлівым

Памерна ў вуліцы глыбокія спадае,

А над мурамі вісне дымам сівым.

 

Паветра ціхае паволі рэдне, стыне,

Выразней рэха гулкае ўтуруе:

Гудок фабрычны свіст зацяжны строма кіне,

Й працоўных натаўп рэзва, шумна зашнуруе.

 

Драты, што сеткамі крыжуюць вулкі, пляцы,

Губляюць ніткі доўгія ў прысценных ценях,

І пэнт нядаўны пільнай творчай дзеннай працы

Прымоўкне, стуліцца ў каменных цесных сценах.

 

Настрэчу ж месяцу блядному й зорак кучы

Агні электрыкі вакол з акон, з ліхтарань

Паднімуць ўверх прамень сярэбраны, бліскучы,

І зыкі выцісне дзяўчына на гітары...

 

Крыху пазней — і скрозь жыццё, як дым, знікае

Адно з куткоў пачуеш парак шэпт шчаслівы...

Люблю сачыць, як дзень над горадам канае,

Лятучы ціха к небу дымам лёгкім, сівым!

 

1/І-1924


01.01.1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан