epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Бачыў я...

Я бачыў, як хмары на небе збіраліся,

Як з кожнай часінай яны пагушчаліся,

Цямлівасцю сажы хутчэй фарбаваліся

Й шпарка кудысьці плылі,

Сеючы цем па зямлі.

 

Бліскучае сонца пад імі закрылася,

Заслонаю, здэцца, вакол зачынілася

Усё, што хоць каліва светлым зарылася,

Стухла і знікла нашчэнт!

Жудасным быў той мамэнт!

 

Прагучае сэрца ў грудзёх патрывожаных

Як бы скамянеўшы, або пераможана

Замерлым маўчала, жудою абложана;

Думкі снавалі весь час —

Бачучы страшны абраз.

 

Усё, што ад сонца па шчэлях хавалася,

Уцехаю бурнай святошняй вабралася

І раптам у купу адну пазляталася

Свята сваё святкаваць —

Зручны мамэнт карыстаць.

 

І толькі ўзнялася гульня іх развівая,

Як раптам сапнула вятрыска бурлівае

І з неба пагнала ўсцяж хмары цямлівыя

Дзесьці далёка, за бор —

Сонцу даючы прастор.

 

І следам за цем’ю хутчэй паказалася

Праменне, што ў небе за хмарай хавалася,

І мігам з зямлёю халоднай звянчалася,—

Ў песнях і неба, і дол

Рэзвым жыццём забурліла вакол.

 

А сэрца, спаткаўшыся з хуткаю зменаю,

Змярцвеласць сагнала пакутную, пленную,

Забілася радасцю соладка-пеннаю,

Чуючы голасна воклічны: «Устань!

Ўсё, што жыве, аддаць сонцу вітань!»

 

Капыль, 1910


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан