epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Бегунец

І
II
ІІІ
IV


І

Была цёмная-цёмная ноч, хоць вока выкалі. І ціхая пры гэтым. Неба несціхана слязілася ні то драбнюсенькім дожджыкам, ні то буйною вільгаццю. Было пранозавата-холадна, нібы вецер калоў іголкамі. Выбітыя сотнямі ног сцяжынкі праз збожжа і між лесу, гладкія і цвёрдыя нядаўна, зрабіліся гразкімі і слізкімі. Мокрае вецце дрэў і густая зелень травы ды збожжа, нахіліўшыся над сцяжынкамі, злівалі ваду.

Франусь Доўбня, здаравенны, высокага росту чырвонаармеец, адзеты няблага, у чорны, яшчэ мала пацёрты шынель, порткі брызентавыя з галіфом і цэлыя рыжыя чаравікі, паспешна ішоў з лесу між густога, ужо красуючага жыта. Раз-поразу ён азіраўся назад і ў бакі, хоць нельга было нічагуткі ўгледзець перад сабою, і ўсё прыгінаўся як найніжэй. Азіраючыся, ён спатыкаўся, трапляў у лужыны каля межаў, на межы і хрустаў зламанымі камлямі жыта. Некалькі разоў, яшчэ каля лесу, Франусь хлюпнуў у нейкую канаву, поўную вадою, і захапіў чаравікамі вады, якая, здавалася, не мела сабе меры. Абы спатыкаўся, дык ногі выціскалі пырскі, якія ляцелі пад порткі і студзілі разгарачанае цела.

Франусь Доўбня злаваўся, ажно скрыгатаў зубамі, праклінаючы то чаравікі, то сцежку, то жыта, то клунак, што раз-поразу штоўхаў яго ў плечы, у бок, па руках.

Усяго прайшоў каля трох вёрст, а паганая дарога да таго яго стаміла, што чуўся цяжар на ўсім целе; пад пахамі і ў поясе папрэла, а з ілба цурком каціліся фасоліны поту.

Франусь падымаў казырок шапкі, перакладаў лепей рэвальвер у кішэні і ў думках лаяўся: «Каб ты згарэла, каб ты! Замучыць, ды годзе. Гэта ж за ноч не ўбярэш гэтых пятнаццаць вёрст... Чаго добрага, каб не нагналі адно, а то...»

Страх хапіў яго за горла і не даваў дасказаць выразу. З дрыгатам, які ахопліваў усю яго постаць, Франусь азіраўся назад, у бакі, угору.

Посвіст ветру здаваўся гутаркаю многіх галасоў, якія несліся да яго, к яму навыперадкі.

Франусь падбягаў, сціскаючы зубы і сэрца.

— Няўжо-такі ўспадуць на след? Ці ліха ім! — суцяшаў ён сябе, нібы расціскаючы жалезныя абручы сполаху і даючы целу выпрастацца, разгарнуцца.

— Не трапяць, дарэмна! — разгортваў ён самаўцеху далей.— Не на таго напалі. Тут мне кожная мясціна знаёма; кожны кусцік свой — не выдадуць... Мы згавораны з маленства... Ваяваць!.. Ваюйце, калі маеце ахвоту, а я...

Пасля гэтакіх думак Франусю рабілася весялей, браў вадзёр пасмяяцца з дурнога камрота, з палітрука, з цэлае роты чырвонаармейцаў, з Савецкае ўлады... Сполах, які пхнуў яго на ўцёкі, падпраўляўся нялюбасцю да новага ладу, зашавельваў гаспадарска-шляхецкім пачуццём.

— Удалося, як лепш не трэба! Шыта-крыта! Канец усім мукам. Хай іх пярун спаліць!.. Вось прыйду дамоў, спачну крыху, а там, глядзі, праз дзень-другі і палякі прыйдуць — і жыві спакойна.

Франусь патрошку забываўся, як і што з ім, адкуль і куды ідзе, з якою мэтаю. У цемры ночы малявалася хата, абставіны дому, сям’я, спакой... і ногі зацішалі хаду, прыліпалі да глейкае зямлі ды прытрымліваліся ёю...

Пасля пацягло прысесці, перасапціся. Франусь Доўбня напружыў пагляд і пачаў мацаць нагамі ці камень, ці грудок, не пытаючыся, ёсць ён тут ці няма.

Пад нагамі хлюпала вада, трашчэла жыта.

— Не буду садзіцца... Гой, што я?.. Гэта спакуса,— парашыў Франусь Доўбня, пратаптаўшыся з паўгадзіны.— Пайду, а то наляціць дзень, і тады...

З посвістам ветру рассыпаліся знаёмыя галасы, прабеглі спіною мурашкі, сціснулася сэрца. Зачасцілі самі ногі.

Раптам — каўдобіна. З разгону апынуўся ў вадзе па пояс.

— Што за трасца! — вылаяўся Франусь Доўбня і хутчэй выскачыў на дарожку...

Яшчэ праз гадзіну несупыннай хады — і ён прымеціў у цемры ночы якіясьці будынкі. «Нарэшце і Драбінкі»,— мільганула думка ў галаве, і прыемная цеплата разбеглася па ўсім целе.

Франусь Доўбня, прыпамінаючы план вёскі, падаўся ўправа і выйшаў да платоў гародаў. Прыгледзеўся — то быў Вінцэнтаў капуснік.

— Дзякуй госпаду,— прашаптаў ён,— я дома!

Цішком, між платоў, дайшоў да гумна.

У суседнім двары забрахаў сабака. Франусь Доўбня прысеў з боку кастра дроў.

Сабака не ўнімаўся брахаць. Паўзком, стараючыся не шамаць, Франусь Доўбня мінуў два другія гумны і апынуўся пры сваім двары.

Густы садок усцяж пляца калыхаўся над дваром, дзеручы галінамі дрэўцаў салому на страсе.

— Не чакаюць! Пэўна старыя і надзею ўсякую згубілі мяне дачакацца. Вось ім — неўспадзеўкі, прымхаю. Як з мёртвых...

Франусь Доўбня з загумення пералез у двор, паўз сцену падышоў да дзвярэй і паспрабаваў адчыніць. Дзверы былі замкнуты. Тады ён падышоў к акну і дробным ціхім стукам прайшоў па шыбе.

— Хто там? — пачулася з-за акна.

— Я, Франусь... адчыніце-э...— зычным шэптам падаў ён з двара.

 

II

Украдкаю, перашэптваючыся з бацькам, Франусь увайшоў у хату. Панясло цяплом і спакоем. Захацелася сесці.

— Як жа ты, сынок, умудрыўся так? Цёмнаю ночкай! — пытаў бацька.

З ляжанкі злезла маці. Старэйшы брат, Платон, зашавяліўся на лаве. Пайшлі запытанні.

Франусь прысеў на лаве між двух акон і, седзячы, расказваў, як і што ён рабіў, каб уцячы з палка. «Падгаварыў камандзіра ўзвода, каб той дазволіў мне адлучыцца на нейкі час, а ўсё ўжо было раней сабрана. Камандзір даў дазвол, і я паціху, як бы за справаю, пакіраваў у лес. Клунак жа, гэты вось, яшчэ заўчасу прыхаваў у надзейным месцы. Пайшоў і — пайшоў...» — што слова, то гучней, выказваў Франусь.

Бацька прыняў ад яго клунак, шынель і боты і ўсё гэта разлажыў кожнае паасобку, што на лаве, што на ляжанцы. Маці пільна ўглядалася ў твар сына, хочучы выгледзець яго рысы ў цёмным хатнім змроку.

— Я захапіў нават з адзежы што-кольвек,— казаў далей Франусь,— і пару чаравік для бацькі. Прадаваў таварыш, а я пераняў. Цяжка да таго, што хлопцы апошняе прадаюць... Нямерна цягло ўцячы, і цяпер я так задаволен, што...

— Цішэй вы троха,— пераняў Платон, не паднімаючыся з лавы,— можа, у двары хто слухае...

Франуся запалохала братняя перасцярога. Раптам вярнулася нядаўняе пачуццё страху. Ён павярнуўся да акна, каб паглядзець у двор, але тут жа апамятаўся і адхіліўся назад. Чаго добрага — угледзяць знадворку, і тады... Раптам цяпло, хатняя гасціннасць адышлі дзесьці назад. У вачах, у гушчы змроку замігалі цудоўныя нарысы нейкіх падазроных вобразаў. З акон, якія стаялі супроць вачэй, нібыта хтось падглядаў. Брат не падымаўся з лавы, дзе спаў, і гэта непакоіла Франуся. А мо Платон асцерагаецца?

— Што ж у Драбінках чуваць? — запытаў ён цішком.— Чакаюць палякаў ці не?

— Пэўна, скора прыйдуць, бо бальшавікі вывозяцца. Усё-ўсё пазабіралі з рэўкома ды з маёнтка. Некалькі падводаў выправілі,— растлумачыў бацька.

— І яшчэ ўсё збіраюцца браць,— дадала маці.

— А самі як? Выехалі ці засталіся яшчэ? — дапаўняўся Франусь.

— Не, дзеткі,— яшчэ процьма іх тут. Нядаўна найшло, што ў маёнтку памясціцца не могуць. Каравулаў — поўна вёска...

— Лажыцеся ўжо вы,— недавольным голасам падаў Платон,— найшлі час гэткую гутарку весці.

Якраз на вуліцы пачуўся свіст. У адказ забрахала некалькі сабак. Франусь мігам прылёг на лаве, дрыжучы ўсім целам. Бацька адышоў к печы, а маці прыгнулася к зямлі.

— Вось кожны раз нешта бунтуюць ды бунтуюць,— шэптам выказалася яна,— няма ім зводу, гэтым паганым бальшавікам. Хай бы ўжо хутчэй яны ўцякалі...

Між хаты прабегла некалькі чалавек. Дзесьці, ля рэўкома, два разы стрэльнулі. Як быццам бы нехта крычаў, стукалі калёсы фурманак.

Франусь калаціўся, як у трасцы. Колькі было мажлівасці, ён туліўся да сцяны. Бегатню каля хаты ён прыняў за самую страшную адзнаку. Хаця б не пагоня за ім? Уцячы б з хаты? І хацелася, і баяўся. А калі хто стаіць каля хаты? Што тады? Не, лепш заставацца ў хаце.

Жадалася мець раду ад бацькоў, ды нешта трымала язык. Нельга гутарыць ні ў якім разе.

У хаце стаяла ціш, нібы нікога не было ў жывых. Можна было бзынканне мух прыняць за посвіст ветру.

Так працягвалася каля гадзіны. На вуліцы даўно заціхла трывога. Вёска мэрам замерла ў спакоі, а ў хаце Доўбняў ніхто не падаваў жыцця.

 

ІІІ

Золкам на вёсцы трывога аднавілася. Часты стрэл абняў яе жалезным паясом з усіх канцоў. Стукатня і крыкі напоўнілі паветра.

Нельга было спакойліва сядзець у хаце. Трэба было шукаць якое рады.

Уся сям’я Доўбняў узварушылася і зарухала па хаце. Ніхто не ведаў, што пачаць, хоць чулі аднакава ўсе, якая прыгода напаткала іх вёску.

Старая Доўбніха намерылася выскачыць на двор, але гаспадар, хапіўшы яе за рукаў, супыніў.

— Куды ты, саматугам на ражон?! — вылаяўся ён.— Кладзіся лепш на зямлю ды моўчкі чакай канца.

Гэта рада падала знак усім: сталі хавацца хто куды. Франусь, не даючы сабе адчоту ад спалоху, кінуўся к падпечку, але нешта затрымаўся і падлез пад пол. Старэйшы брат схаваўся ў куце пад сталом; дзеці асталіся на печы.

— Святы божа, перагані ты гэту навалу хутчэй! — малілася ў шэпт старая Доўбніха.

Гаспадар яе спыняў:

— Маўчы ты ўжо... ша-а... Ці не чуеш, што бегаюць паўз хату.

Старая змоўкла, але нейкая балючая цікавасць заставіла яе падняць вочы і паглядзець у акно.

Чырвоны пук святла кінуўся ёй у вочы і тут жа як прыбіў на месцы. Старое цела ахапіў паралюш.

— Гарымо-о! — адзічэлым піскам, сабраўшы ўсе сілы, выгукнула Доўбніха.

Зразу ўсе ачуліся ў вокнах.

Вуліцаю вёскі ішла купа польскіх салдат, як бы ведучы за сабою адзнак свайго нападу — шырокую палатніну агню, які з’ядаў будынак рэўкома.

Дзесь, у процілеглым ад іх канцы, чуваць было па зыку, што за алешнікам адбывалася частая ажыўленая перастрэлка.

У Доўбняў закоўзала на тварах здавальняючая ўхмылка. У нядаўна дрыготных нагах пачуўся ўстой, нібы хтось падлажыў пад іх знарочыстыя падстаўкі.

— Глядзі, Франусь, як добра ты трапіў! Цяпер будзь смелым! — пацешыў сына стары Доўбня.

Франусь маўкліва парадаваўся.

— Перабыў... так...

— Ото ж, дзякаваць богу, добра. Як бы спрыязна нябесная падышла.

З многіх хат, асмеліўшыся, выйшлі на вуліцу кабеты і дзеці. За імі паказалася некалькі старых.

— Хаця парадак які будзе! — паважна выказаўся стары Доўбня.

 

IV

К поўдню, калі страх крыху прайшоў, у хаце Доўбняў канчаткова супакоіліся. Пасля перажытага не верылася, што ўсё добра абышлося. Тым болей цешыла ўсіх за Франуся, што ён вылузаўся ад бальшавікоў і не астаўся адрэзаным ад бацькоў. Цяпер, калі прыйшлі палякі, яны разлічвалі на поўны спакой. Водлуг гэтага разлічэння Доўбні і строілі планы на будучае, радзячыся ўсёю сям’ёю. Франусь меў першую скрыпку і ў сямейнай радзе настайваў рабіць па ягонаму разуменню.

— Ты ўжо не спрачайся, Даніла,— перабівала гаспадара Франусёва маці,— Франусь не абмыляецца, калі так кажа.

Бацька згаджаўся, згаджаўся і Платон.

— Франусь свецкі чалавек!

Па гутарцы, у якой не прамінулі ніводнага хатняга пытання, нацешыўшыся ўволю нечаканым прыбыццем Франуся, Доўбні прыбраліся да полудню.

Зарухалі па хаце, заклапаціліся.

Франусь з аблягчэннем на сэрцы, разважным тонам у другі раз пачаў апавядаць аб сваім «паходзе на пабыўку», як ён ахрысціў свае ўцёкі з Чырвонае Арміі.

Хітрасць і смекалка, чаго не шкадаваў для сябе Франусь, цешылі бацькоў да смеху.

— Ды ты ў нас ведамы,— прыгаварвала маці,— абы з якім розумам не ашукаць цэлае роты бальшавікоў. Сядайце ж за полудзень,— звала яна ўсіх.

Але не ўспелі засесці за стол, як на двары за акном пачулася польская гутарка. Чуваць было, што палякі робяць нейкі абход па хатах.

— Пэўна, рэгістрацыю вядуць,— заспакоена сказаў Франусь, прымаючыся за міску.

— Так скора? Мо хіба на пастой? — недаверна дадаў Франусёў брат.

Ніхто не паглядзеў у акно.

А Доўбніха пайшла к дзвярам, каб адчыніць і сустрэць палякаў.

— Тут чыя кватэра будзе? — пераступаючы парог, запытаў адзін з траіх палякаў.

— Гэта хата Данілы Доўбні, проша пану,— адказала старая.

Трое ўвайшоўшых агледзелі хату і раптам спыніліся на Франусю.

— А то што за салдат? — робячы крок да стала, запытаў адзін.

Франусь міжвольна ўстаў з-за лавы і, не знайшоўшыся, што адказаць, палахліва запыкаў:

— Я... учора я вярнуўся-а... з чырвонае...

— Як, як, як!!! — падхапілі ўсе трое палякаў і, абураныя да злосці, кінуліся на Франуся, крычучы:

— Бяры да офэнзывы!

— Страляй яго!

— Бальшавік паганы!

— Шпег!

Запалоханыя Доўбні згрудзіліся ў кучу і, наперабой путаючы словы і іх сэнс, пачалі разважаць абураных палякаў.

— Паночкі-ы,— сказала Доўбніха,— Франуська мой толькі ўчора ноччу прыбег ад бальшавікоў... Ён іх ненавідзіць сам... Не чапайце яго, паночкі-ы...

— Ён будзе вам служыць... ён...— прасіў бацька.

Але палякі не зважалі на нічога: схапіўшы Франуся, яны моцнымі таўхачамі папхнулі яго да дзвярэй.

Старыя бацькі кінуліся цалаваць рукі палякам — тыя іх сярдзіта адпіхнулі, зачыніўшы дзверы.

— Страляй яго! Да офэнзывы! — не сціхалі крычаць яны ў сенцах і вывеўшы Франуся на двор.

К хаце Доўбняў збеглася грамада вяскоўцаў. Многія пачалі закідаць за Франуся словы. Але яны былі гарохам у сцену: палякі, не зварочваючы ні на кога ўвагі, павялі Франуся на расправу.

 

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан