epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Беларуска

Як ідзе —

Шнур кладзе

Лёгкае хады.

Роўны стан

Увабран

Стужкаю ўсягды.

Свежы жар

Крые твар —

Свеціцца пагляд.

Валасы

Ў дзве касы

Спушчаны назад.

Паглядзіць —

Адарыць,

Сэрца ўскалыхне.

Падысці

Ў пачуцці

Да яе кожны мкне.

У руках

Рэзвы мах,

Праца, як гульня.

Ці з сярпом,

Ці з цапом —

Ўсё пяе яна.

Ні жуды,

Ні нуды

Ў песнях не чуваць.

Сонца, квет,

Цэлы свет

Рада б абнімаць.

Кожын верць

Паглядзець —

Погін каласоў.

Сіла, рух,

Вольны дух

З поля ды лясоў.

Хто маляр

Яе чар,

Строю, пекнаты?

Край з вякоў

Ніў, лясоў

Беларусь — то ты!

 

Капыль, 16/VI-1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан