epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Беларускі народ

Ён жыў прыгнечаным к зямлі

І слухаў моўчкі свіст савіны,

А думкі чорныя цяклі

Па ўлонні спячае краіны.

 

Па галах шэрых вузкіх ніў

Саха праводзіла разоры,

І ў іх ён слёзы ціха ліў,

І ў іх захоўваў сваё гора.

 

Змяняўся год, ішлі ў чаргу

Зіма, вясна, за летам — восень,

А песні цяжкую нудзьгу

Лілі, як дождж, з іголак сосен.

 

Ў павеях ветру, у віхрох

Сягалі стогны і пакута

Па ўсіх закінутых куткох,

Па кнеях сціснутых і скутых.

 

Але між гэтым пот, і кроў,

І стогн, і енк, і мукі жалю

Даўгіх гадоў,

цяжкіх вякоў

З сябе адмшчэнне выплаўлялі.

 

Ад шэрай стоптанай зямлі,

Ад потам вылітага долу

Пачаў сягаць да вышыні

Парыў разбуджаны, вясёлы.

 

І з-пад навісшага цяна

Ўсачыў народ ў святле далечы

Ды гук падаў:

«Вось там яна,

Краіна вольнасці адвечнай!»

 

Падаў і рушыў ў грамадзе,

Бы хвалі морам ў подых буры...

І грымнуў гром яго надзей

Ды зняў з жыцця выраз пануры.

 

Гартуй жа сілы,

ўстаўшы Сфінкс!

Хай попел вецер вольны сее...

Няволі доўгай рабскі чынш

Знялі ўжо рукі Праметэя.

 

Мінск, 3/ІІ-1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан