epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Хто мы?

Мы — сыны

Новых дзён!

Мы прарокі — ваякі за волю.

Перуны

З бліскавіцамі значаць наш шлях

Ад нядолі мінуўшых вякоў

На чырвоны лунаючы сцяг

Усясветнай Камуны.

Нас вядзе

Да яе нестухаючы імпэт адвагі,

Як пяўца — слухаць гучныя струны

Неўміраючай сагі,

Як сцярпеўшага мукі ад смагі —

К вадзе.

Цвёрды грунт

Нам вабіла па шляху цярпенне;

Дакранемся нагамі — ўлягае каменне,

Ночы змрок разлятаецца чорны,

І гуляе прасторны

Вялікі, упорны

Наш бунт.

Дзе відаць,

Дзе стаяць

Векавыя устоі няволі,

Дзе яе уміраюць ахвяры,—

Туды шлём

Буру й гром!

Без спагады-патолі

Аддаем мы заслужныя кары!

Мы — сыны

Новых дзён!

Светлай долі працоўным — тварцы.

Мы Ўсясветнай Камуны ганцы —

Вестуны!

 

Мінск, 9/V-1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан