epub
 
Падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Чырвонаармейцы

Ціха рэе —

Палымнее

Сцяг чырвоны.

Пад ім роем

Чынным строем

Рэюць тоны

Песняў волі...

Роўным полем

Грамадою

Йдзе паходам

Звод за зводам

З прагай к бою

Полк чырвоных.

Шчэць стальная

Адбівае

Ў блісках цёмных

Промень сонца.

Жар бясконца!

Стома давіць!

Ўсё ж не ўбавіць

Моцнай прагі

І адвагі,

Што ў іх сэрцах.

Ступ за ступам

Ідуць купай

Ў бой да смерці

За свабоду

Для народу

Легчы з славай.

Ці ж утратна?

Дружна, здатна,

Велічава

Гук нясецца!

Промя ж льецца

Пазалотай

З небнай высі.

Й песень тоны,

Й сцяг чырвоны

Ў ім зліліся!

 

Харкаў, 1918




Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com