epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Чырвонаармеец Панкел Ліпа

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI


І

Калі Панкел Ліпа вярнуўся ў казарму і прыйшоў у сваю роту, то яго таварышы ўжо спалі. У казарме было ціха: толькі і чулася глухое цюканне старога загарка дзесьці за сцяною ў канцылярыі ды мерныя выразныя стукі вартаўніка па калідоры.

У абодвух баках калідора, у неглыбокіх ямках-лёхах у сцяне былі ўстаўлены замурзаныя дымам, недагледжаныя лямпы-свірэлкі, якія, цьмяна гаручы, кідалі ад сябе смуглае праменне.

Панкел пільным узрокам агледзеў усё памяшканне, паківаў чамусьці галавою і спакойна ўсеўся на сваёй койцы, якая трэцяю стаяла ад надворнай сцяны.

— Эх, і абрыдла ж усё да чорта... Але няма рады, хоць ты захлыніся. Колькі часу ўсё адзін і адзін, без родных, без усялякае аб іх чуткі... Адзін адным — нібы саўлук, нібы бязродны... Вайна і вайна! Канчатку ёй, заклятай, ніякага няма. Толечкі вярнуўся з фронту раненым, пакалечаным... ні дадому, ні да сваіх, а ў шпіталь, халодны, брудны, бездаглядны мур... І столькі мукаў перацярпеў, столькі здароўя згубіў!.. Чужыя людзі, койкі, енкі... І вось, яшчэ нават як след не ачуняў, а тут глядзіш, ізноў збірайся на фронт... згарэў бы хоць ён тамака... Гэта ж жартачкі-ы! Ці ж хопіць мяне на гэтыя новыя мукі?..

Панкел ізноў пакруціў галавою, выказаў злосную міну і заскрыгатаў зубамі... Азірнуўся вакол сябе. «Не! На гэты раз на фронт не пайду... Хаця б ачухацца ад гэтых ранаў. Досыць! Чаму мне трэба больш за ўсіх ваяваць? Ды завошта мне ваяваць трэба?»

І Панкел бадрыўся ад выказаных думак ды мерыўся ажно выкрыкнуць іх уголас, але надышоўшыя новыя роздумы яго спынілі, ахаладзілі. «А калі прымусяць?» — мігнулі яны перад ім. І Панкел спалохаўся іх; крыху памаўчаў у нейкім глуздзе. «І калі прымушацьмуць, будуць застаўляць, то і тады не пайду, не пайду, і квіта... Хай што хоць са мною робяць. Не паслухаю прыказу, ні за што. Сапраўды кажа Проў: «Будзь цвёрдым і не гніся так лёгка пад прыказамі. Мала што табе бальшавікі пачнуць прыказваць, ці ж усё ім выпаўніць». Так: не буду выпаўняць, стану крыху паўпарцей».

Панкел устаў з койкі, смачна зяхнуў, справадзіўшы позіх зацяжным енкам, і пачаў распяразваць папругу. Выняў гвоздзік спронжкі з дзіркі рэменя і спыніўся. «Ах, як добра было б пагутарыць цяпер з Провам, удваіх, наасобках. Цікава пачуць, што ён мне парадзіць зрабіць, калі ўсё-такі і прымусяць мяне пайсці на фронт. Цікава! Вельмі цікава! Вось не буду спаць — пачакаю яго»,— парашыў Панкел і аддаўся новаму наплыву думак, няцэлых, трывожных, смутна-невыразных. І назойны рой скаваў Панкела, як ланцугамі, і прымусіў спакойна сядзець.

Вакола яго таварышы ўжо храплі. Адны ляжалі на сваіх койках спакойна і нерухома, другія варочаліся з боку на бок, бы на спрунжынах, кракталі; іншыя не маглі супакоіцца ад кашлю і охалі. Вартаўнічага хутка стала не чуваць, нібы і ён задрамаў.

«А мо Проў ужо і спіць? — мігнула ў Панкела думка, і ён азірнуўся ў бакі, нібы шукаючы яго койкі.— Не, месца зусім пустое»,— адказаў Панкел сам сабе.

Прова яшчэ не было — значыць, дзесьці ён спазніўся ў горадзе.

«Трэба яшчэ крыху пачакаць; потым пачну распранацца, а вось, покі збяруся лажыцца, ён і натрапіць... Але ж і хітры, аднак, гэты Проў, нечага сказаць! Усё пранюхае, усё дазнае — хітры, відаць, з багатага котлішча... не мне равеснік... Бач, як усяго багатага мае пры сабе: і кавы, і бялізны, і грошы, і ўсяго. Не шкадуе нічога. Гэтак, вядома, і служыць няцяжка. Ды, нябось, яшчэ на фронце ні разу не быў... Ні на фронце, ні на варце... Круціцца сабе, нырпаліць па горадзе, і не знайся... Ёмкі-ы, о-го-о, казаць нечага. Купца якогась сын, няйначай... Па ўсяму відаць... Ды і ў гутарцы, ліха яму, цягне за іх... за сваіх; глядзіш — так і гне ў іх бок, заступаецца, усяляк іх абараняе».

Панкел кіўнуў галавою і ўздыхнуў: «Ну, вядома, так ужо, мабыць, і трэба... Гэта не вялікая ганьба, мала што... Аднак хлопец ён усё-такі разумны, тлумачны... Судзіць справядліва, толкам, ажно люба паслухаць... Вось я асабіста дужа люблю яго паслухаць...»

Панкел паціху, з перапынкаю раздзяваўся, кожную рэч звяртаючы акуратна і кладучы — што ў ногі, а што пад падушку, іншае ж пад голаў. «Няйначай трэба дачакацца Прова,— думаў далей Панкел,— трэба вымусіць яго на гутарку, парадзіцца з ім, што рабіць... Усё-ткі два розумы, дзве галавы — не адзін, не адна...»

Панкел абарваў думкі, пачаў ззуваць боты, крэкчучы ад ныцця спіны і колкі ў баку.

— Ах, так ломіць! О-ёй-ёй! Ох-хо-хо! Вось і едзь на фронт... у дарозе згінеш,— шэптам праказаў сам сабе Панкел і хапіўся рукой за плечы, потым за бок...

У гэты час пачуўся ціхі стукат дзвярэй, а потым і шорханне шагоў. Панкел адагнуўся ад койкі і паглядзеў у бок дзвярэй — то прыйшоў Проў, які паціхеньку, з асцярогаю, каб не нарабіць груку, на пальчыках заварочваў вузкімі праходамі к сваёй койцы. Панкел нібы не прымячаў яго і нырпаліўся над сваёю пасцеллю.

— А ты ўсё яшчэ не спіш? Нябось, нядаўна вярнуўся ў казарму? — падышоўшы, шэптам запытаў яго Проў.

Панкел паважна адагнуўся ад койкі і пільна агледзеў Прова. З ног да галавы акінуў узрокам, з хвіліну памаўчаў, потым загутарыў:

— Не вельмі даўно прыйшоў і я. Прыйшоў і задумаўся: гэта ж хочуць ізноў адпраўляць нас на фронт, а мне так не хочацца, так страшна... не то, бач, каб баяўся, але ад болю, ад незажытых ранаў... Страшна, і я рашыў прычакаць вас, каб...— адрыўна, няўпэўнена, нібы намацоўваючы грунт, адказаў Панкел, павярнуўшыся к Прову і падступіўшы да яго на шаг.

— Мяне? Чаму гэта? — нібы здзівіўся Проў і затаіў выплыўшую на твары радасць. Моўчкі абодва прыселі побач на койцы Панкела і некалькі часу памаўчалі.

— Ці чулі вы, што нас ізноў на фронт думаюць пасылаць? — першым пачаў Панкел, недаверна аглянуўшыся вакола сябе...

— Так, чуў, думаюць... Што ж дзіўнага ты ў гэтым знайшоў?

Панкел крыху памаўчаў, потым сказаў:

— Не хочацца, ведаеце, абрыдла вельмі... Я не паправіўся якраз... усё цела ные, ломіць... Дый падумайце — восьмы год я ўсё гэтак вандрую: то фронт, то назад у шпіталь... Пяць разоў быў ранен... Увесь час без вестак аб родных, дзе і што яны; не ведаю долі ні жонкі, ні дзяцей... Знайсці б іх, праведаць аб іх што-кольвечы, на хвілінку з імі б угледзецца і... больш нічога... Тады б я зноў гадзіўся на справу, маўчаў бы, слухаў і выпаўняў бы прыказы... Хоць яно то і супачынку дужа хочацца, чалавек не сталь — не можа трываць бясконца, ну... Але то няхай сабе, вось яшчэ мо як пратрымаўся б... толькі сямейка, дачушка, хата... Дзе яны і што? Без капейкі грошай пакінуты... Ах, канчатку няма ні гэтай вайне-завірусе, ні гэтым фронтам паганым, ні...

Па твары Панкела беглі балючыя сударгі, мяняючы свае абрысы за кожным словам; голасна праводзіў іх востры скрыгат зубоў і адчайны выверт рук.

Проў пільна сачыў за выразам твару Панкела і, пацяшаючыся ўнутры, думаў: «Вось яшчэ адзін... Гэта паказвае, што ўжо ёсць глеба, гатова... Ды чаму ж не быць? Стаміліся людзі, заездзілі іх у канец бальшавікі... Затое і іхнія скрэпы пачалі трашчаць... Можна цяперака арудаваць з поспехам... латва... Вось на заўтрашняй рахубе трэба будзе абрадзіць усё і брацца за справу старанней... Толькі пагнуць у гэты бок... як належыць...»

— Слухай, Панкел, а давай паспробуем зрабіць так, каб нам зусім не ваяваць, добра? — асцярожна парадзіў Проў.

— А ласне гэта можна зрабіць? — зацікавіўся Панкел, нібы акрыяўшы ад нейкага сполаху.

— Гм! як зрабіць? — Проў агледзеўся вакол і па казарме; гэта зрабіў і Панкел.

— А вось...— пачаў ізноў Проў,— на фронт пойдзем ахвотна, паслушна, а па дарозе — давай падгутарым чырвонаармейцаў, і як прыйдзе да бойкі — уцяком з часці, здамося ў палон: «Бярыце нас! Здаёмся!» — крыкнем і перабягом да казакоў... усе, палком, гуртам... А там, а там у іх і адпачнем... У іх усяго ёсць, і мы ўдостач пад’ямо... Га, Панкел, згодзен ты на гэта?

— А ці ж можна так? — перапалохана запытаў Панкел.

— Вось цудны які, а чаму ж не? Хіба ты мне не верыш?

Панкел задумаўся.

— Н-не-е, ведаеце, цяжка і... страшна здавацца ў палон. Ды і брыдка, непачэсна-а... Гэта правакатарства, здрада. Усе будуць пальцам тыкаць: «Здраднікі, прадаўцы», скажуць. А што дастанеш за гэта? Ласне пахваляць за гэта нашы ворагі? І дадуць якія-кольвечы прывілеі?

— Го, браток, не думай благога... Не ашукаешся; хто да казакоў пераходзіць — даюць таму ўсякія палёгкі... Ды што казаць! Там народ — не нашаму раўня! Далікатныя, паністыя ўсё... Ведае, што рабіць і як абыходзіцца. Усе вучоныя, разумнікі... Там, у казакоў, зусім інакш нашага... Кінь, браток, верыць бальшавікам! Брэшуць яны, не болей.

Проў цікаўліва, з падмігамі, з захаванымі ў маршчынках твару лёгкімі калючымі хітрыкамі акідаў Панкела празрыстым поглядам, сочачы за тымі адбіткамі ўражання на яго твары, якія пакідала за сабою гутарка.

Панкел жа маўчаў. Некалькі разоў, з перацягамі, нібы з пуду, прабягалі па яго смуглым задуменным твары пуглівыя, недаверныя ўхмылкі, пакідаючы за сабою сляды глыбокага суму, вострага сумнення і густое шкоды чагосьці, яму аднаму вядомага.

— Ну, як жа? — даўшы яму падумаць, запытаў Проў, не перастаючы ўвесь час азірацца вакол сябе.— Па-мойму будзе ці не? Разабраўся?

— Гэта не салдаты і не ваякі: сённека к нам, а заўтра ад нас,— скажуць яны. І будуць здзекавацца над намі, як і над усімі іншымі нашымі таварышамі... і шомпалы, і розгі, і расстрэлы... О, не, гэта, па-мойму, нецікаўна.

Проў нецярпліва даслухаў, пачасаў вісок і сказаў:

— Кінь, браток, то бальшавіцкая брахня... пераканалі цябе бальшавікі, каб застрашыць чырвонаармейцаў, адбіць у іх ахвоту... Го-о! А колькі, аднак, здаецца нашага брата-а! І добра робяць, вылузваюцца з лапаў бальшавіцкіх!..— сціскаючы ў сваёй руцэ руку Панкела, разуверваў і ўгаварваў яго Проў.— Ты вер мне, Панкел: зусім хлусня тое, што нібыта казакі ці дабравольцы з намі — чырвонаармейцамі — дрэнна абыходзяцца... Я табе кажу... Падумай, што ж бы то было, каб гэта так рабілася,— тады б на чым выйгравалі б ваюючыя між сабою стораны? Кожны разлічвае на спакусу і абман сваіх ворагаў. Ой, колькі здаецца чырвонаармейцаў казакам! І гэта казакі добра ведаюць і шануюць тых, хто ім здаецца ў палон. Ну, сумняваешся?

— Трэба крыху падумаць,— адказаў Панкел.

— Ды кінь, браце! Чаго там болей думаць? Чаго сумнявацца? Не век жа жыць табе на фронце, то ў казарме, не век жа гразіцьме жыццю, ліха ведае за што і каго... Калі думаеш аб сабе, аб сям’і, то трэба ж скончыць з гэткімі варункамі калі-колечы і адпачыць трохі... Ці ж аднаму табе за ўсіх адбаярвацца? Ці ж больш табе, чым усім, трэба? Ды, галоўнае, за якую тут падзяку ўсё гэта? — горача і старанна казаў Проў.

Панкел шчыра падумаў, потым дапытліва адказаў:

— Ну, добра; а калі я і згаджуся, рашу, то як гэта будзе там, на фронце, вымеркаваць?

Проў шчыльна прытуліўся да Панкела і на вуха прашапацеў:

— Гэта ўсё будзе зроблена і абмеркавана падрабязна... Ты зойдзеш да мяне, я буду ў штабе і пазаву цябе... Там у нас усё наладжана — цэлы гурток ёсць, арганізацыя цэлая. Вось там мы ўсё і абладуем... На фронце ўсё відней, спрытней, а тут... нельга сказаць, як выйдзе... Галоўнае — будзь пэвен; пільнуйся мяне: я аб усім табе буду казаць, як і што рабіць. Ну, як, Панкел? Латва?

Панкел памаўчаў. «Ён ужо здаўся! Далей не выцягне»,— прабегла ў думках Прова, ён падняўся з месца і пацягнуўся. Яго твар выказваў радасць перамогі яшчэ над адным чалавекам.

— А хочаш,— прыгнуўся ён к Панкелу, не даючы яму апамятацца ад разам нахлынуўшых на яго думак і ўздыму пачуцця,— і ты можаш быць залічаным да нашай хэўры... Ты можаш смела падгаварваць і другіх сваіх таварышаў: бач, бліжэйшых да цябе і надзейнейшых... Цішком, вобмацкам, выпрабоўна... Кожны чалавек — лішні гвоздзь у справу. Чымсьці болей нас будзе — тым смялей і вярней... і ахватней... Папробуй, а ну ж і ўдасца... здалёк так, з падходам...

Проў прытуліўся да яго вуха...

— У нас за гэта плацяцца грошы. Ды іншая падзяка даецца... Такі ўжо зроблен парадак... Прабуй... перш шапні, памацай, як кажуць, без імяў, здалёк... як нічога б сам не ведаў, а, бач, з чутак, з перадач... вядома, нібы звычайны чырвонаармеец сярод сваіх...— асмеліўся пасуліць Проў, угадваючы падатлівасць і прыхільнасць да сябе Панкела.

— Самае важнае для мяне — гэта дамоў бы на кароткі час... Тады б... то ж ад фронту недалёка... Вось мо б гэта праз вас можна было б, то...— дапытліва праказаў Панкел.

Проў здаволена ўсміхнуўся.

— Чаму ж не — будзе і гэта. Колькі хоць... Чымсьці болей ты прывабіш да сябе — тым болей дастанеш падзякі... Не толькі дамоў пусцяць, а і грашыма яшчэ надзеляць на дарогу... толькі пастарайся... не сумнявайся, брат, ні капелькі...

Проў не даказаў: стукат шагоў вартаўнічага, паспешна захадзіўшага калідорам, яго перабіў...

Проў швыдка адскочыў да свае койкі і, прыгнуўшыся, стаў раздзявацца.

Панкел паважна, у задуменні, паваліўся на койку і апрануўся коўдраю, захаваўшыся ў яе з галавою.

Вартаўнічы не звярнуў на іх увагі, а прайшоўшы між іх аддзяленнем, павярнуў налева, да дзвярэй.

Проў скоса паглядзеў услед яго, жартліва падмігнуў вачыма і працягнуў голаў у бок Панкела, думаючы з ім пагутарыць яшчэ крыху, але, убачыўшы, што той ляжыць, апрануўшыся з галавою, пакінуў намер, адвярнуўся і ўлёгся сам.

 

ІІ

Пасля гутаркі з Провам Панкел доўга не мог супакоіцца. Лёгшы спаць, ён пільна і доўга абдумваў кожнае слова як Прова, гэтак і сваё; варочаўся з боку на бок, усё не могучы заснуць, а назаўтра дык цалюткі дзень яму нічога не ішло ў голаў: за вошта б ён ні браўся, чаго б ні датыкаўся ў думках, гутарка з Провам збівала яго думкі да сябе. Панкел верыў і не верыў Прову, згаджаўся з яго радаю і не згаджаўся. У яго сяродку, у душы, была блытаніна пачуццяў, так што ён не мог ні на чым адным спыніцца, за вошта ўхапіцца, каб аглядзецца, злавіць кіраўнічую думку. Праўда, адметней і ўдатней усяго ў галаве Панкела здрачыла ўсё ж тая, знаёмая яму аднаму неадчэпная думка — думка аб доме, аб родных; і толькі за ёю ўкрадкаю, нічога супольнага не маючы, ганялася балючая непрыемная другая думка — ужо аб фронце; усе ж іншыя, засмугшы, вярцеліся вакол гэтых дзвюх, то выказваючы на хвіліну свой бледы выраз, то губячы яго ў імгле бесцікаўнасці і няўважнасці. «Проў кажа,— судзіў сам з сабою некалькі разоў у дзень Панкел.— Проў радзіць і ўгаварвае... Проў абяцае... Няўжо гэта ён шчыра і без задніх думак? І няўжо ткі яму паверыць? Няўжо ён мне дабра хоча? Значыць, паверыць яму, паслухаць яго і ісці за ім?.. Н-не! Гэтага я іні ў якім разе не магу парашыць... На гэта я не-а... пайду нізашто!..»

Як бы ў доказ гэтага Панкел матаў галавою, рабіў цвёрды мах рукою і крывіўся... «Не зраблю, бо штосьці мне гэтага не дазваляе, штосьці перашкодзіць гэтаму... Ды падазронасць бярэ: чаго гэта Проў так шчыра ўжо захвальвае «сваіх казакоў ды дабравольцаў» і ганіць бальшавікоў і просты рабочы народ... Бадай што, тут ёсць нешта нячыстае. «Людзі брэшуць! Бальшавікі нагаварваюць!» — кажа ён. Нябось, тут не нагаворыш, калі многія сваімі вачамі бачылі і на сваёй скуры перанеслі ўсе казацка-генеральскія даброты... О, гэта паганцы і злыдні такія, што ад іх дабра не прычакаеш... Казакі! Хто іх не ведае? Колькі яны крыві работнічай і сялянскай прапілі, баронячы цара! Го-о-о!» Але гэтыя думкі змяняліся другімі: «А мо... можа, праз Прова і інакш усё можна было б зрабіць... Відаць, ён там свой, закіне словам-другім — і я дома... Што значыць аднаго чалавека адпусціць? Хто гэта прымеціць?..»

Панкелу было не да яды: не цікавіла — і кропка. Уся завіруха пачуцця, узбураная варункамі, усе абставіны, выпхнутыя напаверх жыцця скуткам яго лёсу і прапёршыся, загнаўшыя сваю ахвяру ў цесны куток, зляпіліся ў нешта адно, цяжкае, балючае, залезшае яму ў нутро і скрабаўшае за самае ценькае і каразлівае месца.

Няўрымна, назойліва гняло яно Панкела, дражніла, шпігавала дрыготным свербам: «Як тут рабіць? Куды схіліцца? На фронт і за Провам? На фронт і таксама да забыўнасці, шчыра і верна несці сваю службу, як і ўперад? Куды пахіліцца? Дзе чакае мяне лепшы лёс? Не разбяруся — ды годзе! Не растлумачыў сам сабе! Зайшоў у гэткі куток, хоць задушыся — ды годзе... Не, трэба аддацца на волю лёсу, на хвалі жыцця...» Махнуў упэўнена рукою Панкел, і нібы гэта яго крыху супакоіла. Але зараз жа ў галаве яго запанавала кіруючая думка: «На фронт!»

«На фронт!» — у гэтым сыходзілася ўся агульнасць, злучаная з пераменаю абставін, з узбурэннем новых думак і пачуцця разбітае, надарванае самотнасці. «На фронт!» — перш няясна, украдчыва, неадметна варушылася дзесьці на задворках Панкелавай душы, а потым усё жывей, выразней, назойлівей высоўвалася напаверх новае пачуццё, ад якога нельга было адкасніцца.

І Панкел стаў чакаць таго моманту, калі да яго вушшу кранецца пазыў-вокліч: «Збірайся ў паход!»

Чаканні заўсёды ўздоўжваюць час, робяць яго цяжкім і з гэтым козлытна-цікаўным: хочацца дачакацца хутчэй, а на краю спаткання з дачаканым — ужо хочацца расцягнуць час выпаўнення чаканняў...

Панкелу прыйшлося чакаць пяць дзён. Для яго гэты час здаваўся вельмі доўгім, калі ён пераносіўся думкаю да апошняга дня, а ўжо на пяты дзень Панкел мог выліць сваё пачуццё ў словах: «Як хутка праляцела!» І, азірнуўшыся назад, ён убачыў, што гэтыя пяць дзён перабыліся (бо куды там было да жыцця!) на адзіноце, воддаль ад таварышаў, без стрэчы нат з бліжэйшымі з іх. І гэта было таму, што Панкелам валодала нейкая бесцікаўнасць да ўсяго, апроч фронту, з туманным яго выразам; ім валодаў такі настрой адчаю, што хацелася ўсяму свету гукнуць: «Для мяне цяпер ты не патрэбен!» — каб адкасніцца і маўчаць-маўчаць...

Пры гэткім настроі зусім зразумела, што Панкел на ўсе замеры Прова пагутарыць з ім адказваў хлуснёю, што нібы яму нямашака часу, або баліць галава, ці нядобра на сэрцы.

Але ў гэтыя дні, калі ўвесь свет быў чужы для Панкела, блізкі паход на фронт вызначаў многія самотныя яго інтарэсы. Так, Панкел загадзя старанна сабраў свае рэчы, раскіданыя і на гваздзях у слупе, і на койцы пад падушкаю, і пад койкаю; пасартаваў іх па іх вартасці і карыснасці для сябе і акуратна запакаваў у куфэрак: няхай будзе напагатове. Раз-поразу, усяго да дзесяці разоў, ён перамацаў кожную рэч, каб праканацца, што нічога не забыў.

То было на трэці дзень. І якраз, калі яго, Панкела, клапаціла капаніна ў маёмасці, у казарме камісарам быў скліканы сход чырвонаармейцаў. На сход была сабрана амаль не ўся казарма. На сходзе абгаварваліся бягучыя пытанні, звязаныя з наступным паходам, з цяжкім становішчам на фронце, якое вымусіла гэты іх паход; перш камісар, потым камандзір, а далей яшчэ з камуністаў іх роты два таварышы ў сваіх гарачых прызыўных прамовах чорнымі фарбамі абмалёўвалі цяжкія часы, напаткаўшыя савецкія рэспублікі, заядлыя патугі ворагаў працоўнага народа знішчыць Савецкую ўладу і аднавіць свае старыя, пабудаваныя на няволі рабочых і сялян, парадкі. Усе прамоўцы адмячалі святую павіннасць кожнага з чырвонаармейцаў забыць усё, што злучана з іх прыватным жыццём, і смела ды цвёрда ісці на ворага.

Панкел сядзеў увесь працяг сходу на сваёй койцы, калупаўся непрыкметна ў сваім куфэрку і многія словы прамоўцаў прапускаў паміж вушэй. Праўда, праз гэта ўражанне яго не губілася ад прызыўных слоў, сэрца не маўчала спакойна. У Панкелавым нутры ўздымаліся ваяўнічыя пазывы, рос бадзёры настрой, варушылася злосць да ворагаў працоўнага народа... І калі пасля сходу чырвонаармейцы сталі жыва абгаварваць прамоўцаў, хто хвалячы, хто ганячы кожнага паасобку, то Панкел міжвольна адчуў, што яго жаданне «хутчэй на фронт!» пашырылася, вырасла ў вялікую сілу і заўладала ўсёю яго істотаю... «Фронт»,— нібы чыйсь голас шаптаў яму на вуха, і ўсе думкі, бы пчолы ля кветкі, вярцеліся вакол значнасці гэтага слова. А з думкамі ўставалі і ўражанні, якія мастацка-выразна ні то малявалі, ні то выяўлялі бачаныя ім, Панкелам, мясцовасці, іх разлогі пры лясах, абапал рэчак, дзе за ўзгоркам палявы штаб прымасціўся ў балаганах. Нават выяўна чуліся стрэлы, выкрыкі камандзіраў — усё знаёмае, нядаўнае, перажытае і... агорклае, абрыдлае. «Няхай бы не бачыць усяго гэтага болей!» — шавялілася спотайку нейкая адваротнасць... але пазыў «на фронт» зацьміў усё.

 

І калі ў суботу з раніцы Панкел спрасонку пачуў знаёмую ўжо яму каманду: «Уставай! У паход сабірайся!», то раптам бадзёрасць ахапіла ўсю яго істоту: Панкел стаў жвавы, рачысты, рухавы, з твару не сходзіла жывая ўхмылка.

Нібы на спружынах, ён хутка падняўся з пасцелі першым, папіў гарбату, першым сабраўся і першым выбег на дзядзінец. Увіхаўся, нібы спяшаючы на цікаўны баль ці ў госці да прыяцеля, чуў у сабе, як і бывала з маладых гадоў, вострую цікавасць да людзей, з якіх усе тыя, што мігалі перад яго вачыма, былі па душы, здавалася яму, блізкімі і мілымі. А Проў, дык той зусім захапіў яго сваёй таемнасцю, так захапіў, што вымушаў яго сачыць за сваёю бегатнёю па казарме, настарожвацца чутка да кожнага яго слова. Натыркаючыся на Прова, Панкел ухмыляўся прыемнаю і мяккаю ўхмылкаю, якая казала Прову: «А я ўсё-ткі шаную цябе». Проў выразна вычытваў гэтыя словы, ведаў, што іх пісаў настрой душы Панкела, і, задаволены, паказваў выгляд, што адказвае яму тым жа самым. Толькі выпадкова яны не стрэліся ў той дзень ды душа ў душу не пагутарылі.

Панкел да таго аддаўся збору на фронт, да таго захапіўся цікавасцю блізкага паходу, што цалкам увайшоў у яго рух, клапатлівасць, у яго баявую трывожнасць. Ён пачаў злаваць, бачачы, як многія з таварышаў-чырвонаармейцаў нядбайна, гультаявата і марудна збіраюцца; дваіх нават упікнуў за іх знарочыстую маруднасць.

— Вы ж на сходзе гэтак голасна гукалі: «Памрэм ахвотна! Хоць сёння на фронт!» — прыпомніў ім Панкел, каб балючай іх уразіць.

Затое, калі ўсе выйшлі на двор, пастроіліся ў роўную шарэнгу, ён радасна ўздыхнуў і лёгка павярнуўся направа, першым зрабіўшы цвёрды і ўпэўнены крок у вароты.

 

ІІІ

На фронт Панкелу са сваёю часцю прыйшлося ехаць болей пяці дзён. Але, нягледзячы на гэту доўгую дарогу, ён не нудзіўся і не стамляўся, а, наадварот, быў бадзёрым і жвавым. Усё яго востра цікавіла, ажно Панкел цешыў сябе раз-поразу: «Ніколі, здаецца, не было так весела». А калі глядзеў на ўсіх, то здавалася яму, што ўсе падмячаюць гэты яго настрой.

Увесь час язды стаяла мяккая, сонечная пагода: сіняе неба бяскрайным полагам вісела нерухома над зямлёю і, здаецца, адбівалася ў сваёй сіні апустошанае поле і галеючы лес. У чыстым паветры занадта гучнымі паказваліся крыкі варон і шпакоў.

Праз усю дарогу іх поезд спыняўся толькі на буйных станцыях. Ён ішоў не надта спешна, неяк нібы гультайна, марудна, ажно Панкелу хацелася яго падапхнуць, пагнаць. На кожнай станцыі, нібы заўчасна было ўмоўлена, так акуратна і парадкам іх сустракалі рабочыя і служачыя станцый і суседніх мястэчак ці месцаў, шмат дамешаныя сялянамі сумежных вёсак, з чырвонымі сцягамі, пеючы песні пад медныя зыкі музыкі.

Стройна падбліжалася маніфестацыя да вагонаў іх эшалона, спынялася і адчыняла мітынг. Чырвонаармейцы траха не ўсе выбягалі з вагонаў і грудзіліся ў грамаду, а болей нерухомыя і гульныя збіраліся ў дзвярах вагонаў і настарожваліся ўбачыць і пачуць, што будзе рабіцца і гаварыцца. І бачылі, як кожны раз з гушчы прыйшоўшых да іх на спатканне выходзілі адзін-другі прадстаўнікі, якія аддзяляліся ад грамады і пачыналі свае прамовы. Гаварылі нядоўга, але ўсе прызыўна, завуча, бадзёрачы, настройваючы ваякаў на самаахвяру ў імя рэвалюцыі. Таксама па чарзе вызываліся развітнейшыя і развейшыя з чырвонаармейцаў адказваць на прывітанні, гэтак і адказныя прамовы выказваліся ў простай, зразумелай, ад душы шчырай мове, праводзячыся пекнымі наіграмі музыкі.

Праз усю дарогу Панкел быў у гэткім паднятым настроі, што з надзвычайнаю цікавасцю лавіў кожнае слова прамоўцаў, дапускаў іх да сэрца і салодка, ваяўніча адчуваў сваё пачуццё ў іх.

На адзін з чародных мітынгаў Панкел нават сам папрасіў у камісара сказаць невялічкую, але моцную, гарачую прамову і, дастаўшы згоду, зразу ж пачаў гатавацца. Скляпенне, форма прамовы ў яго галаве злажылася паміж яго патугі, сама сабою, і на перагоне Панкел стараўся яе абгладжваць. Кожную думку, кожнае слова ён разбіраў з усіх бакоў, перастаўляў з месца на месца, чарадаваў з другімі, падмяняў, дапасоўваў мацнейшае па ўкладзенай у яго сіле пачуцця да слабейшага. Сваю прамову Панкел кіраваў на адну мэту, намерваўся збіць ён адну цэль: бадзёрым і магутным пазывам заплаціць у сваіх таварышаў смагу бесспагаднай помсты да ворагаў працоўнага народа, да нішчыцеляў волі беднага, прыгнечанага люду. Стараўся ўлажыць у душу чырвонаармейцам жалезную ўпартасць і загартаваць волю да рашучай перамогі над ворагам. Усё, што адцягвае думкі ад гэтага святога дзела, што сваёю самотнаю дробяззю засмучае сэрца, наганяе жуду і адбівае надзею, Панкел мусіў зганіць і звесці на нічога, задушыць. «Толькі ісці ўперад, як ішоў я і дагэтуль».

Хутка Панкел нашчэнт быў захоплен думкамі аб сваім выступе перад таварышамі. Патрошку ўражанні яго пачалі маляваць вобразы розных момантаў з руху грамады, які станецца пад уплывам яго слоў. Вось у адзін момант твары ўсіх зробяцца сур’ёзнымі, парывіста ўсе замахаюць рукамі, паціснуцца ўперад, потым паспяшаць у вагоны і патрэбуюць хуткай адпраўкі ў бойку... Яго, Панкела, будуць насіць на руках, гайдаць, гукаць, каб ён быў іх правадыром. «Эх, даехаць бы хутчэй да ўмоўленай астаноўкі»,— у такт стуку калёс пераказваў сам сабе Панкел...

Нарэшце дачакаўся — прыехалі. Цягнік спыніўся... Панкел першым выбег на станцыю, паглядзеў ва ўсе бакі, каб злавіць камісара і адчыніць мітынг, але — прымха — ды годзе! — камісара вызвалі на перагаворы к простаму проваду, дзе ён прабыў увесь час астаноўкі, не паспеўшы адказаць на прывітанне і падарунак сцягу прыйшоўшай на станцыю рабочай маніфестацыі.

Панкел абурыўся, зажурыўся і хацеў ужо пасылаць праклёны і камісару, і камандзіру, і начальніку станцыі. «Як-то яны мелі права так зрабіць? Чаму разбілі яго планы? Гэта знарок, сумысля? — Але на хвілю спыніўся, падумаў і супакоіўся.— Што ж! Нічога не зробіш! Прыйдзецца пакінуць на другі раз. Усё роўна яшчэ паспею сказаць!» І хоць бадзёрасць крыху апала, усё-ткі далёка было да суму, да жуды. Не ўплыло і гэта на Панкела і ў сэнсе пахілу яго думак да Прова.

Зусім не!

Праз два дні Панкел, седзячы ў другім вагоне, нават і не сустракаўся з ім. Калі бачыў здалёк, то спакойна прапускаў між ваччу. Неяк абуднілася ўсё і пасумнела перад нахлынуўшым пачуццём рэвалюцыйнага настрою. Толькі на трэці дзень з часу ад’езду, а назаўтра пасля таго, калі Панкелу не ўдалося сказаць прамову, Проў на адной станцыі падбег да яго, хапіў за палу шыняля і спыніў. Проў быў задуменным і не прымеціў нездаволенай міны Панкела, які ў гэты момант не хацеў з ім нізашто спатыкацца.

— Штосьці цябе і не злавіць, братка,— суха праказаў Проў.

Панкел крануўся ісці.

— Чаго ж уцякаеш так хутка? — запытаўшыся, дадаў ён.

— Спяшаю... Вось хіба ўбачымся з вамі і пагутарым на месцы,— нядбайна адказаў Панкел і крута, недалікатна нават павярнуў ад Прова. Гэты скрывіўся, пагрозна матнуў рукою і пабег.

Пасля гэтага выпадку яны яшчэ пару раз спатыкаліся на станцыях, у гушчы таварышаў, але абміналі адзін другога і, нібы чужыя, разыходзіліся, не абмовіўшыся словам. Панкел не спрабаваў вызываць з нутра маўклівыя перажыткі нядаўніх гутарак з Провам, насуленых ім планаў і рашэнняў, якія прынясе яму фронт, а Проў не лічыў патрэбным пакуль што падгарачваць Панкела сваім настойным дапамінам: ён быў перакананы, што яго агітацыя не пройдзе дарма, што скуткі яе глыбока сядзяць у Панкелавай душы, і варта толькі ў любы час да іх дакрануцца, як яны абудзяцца. За гэта Проў быў спакоен.

І абодва з іх бачылі ў часовай чэрствасці сваіх адносін звычайнае з’явішча.

Праўда, Панкел часта-густа, адыходзячы ад месца стрэчы з Провам, міжвольна задумваўся, непрыкметна азіраўся і недавольна казаў:

— І напрэцца ён заўсёды на мяне, ліха на яго!

Так непрыметна мінаў час, так непрыметна праляцеў і ўвесь тэрмін дарогі.

І калі эшалон прабягаў апошні прагон, Панкела ахапіў нейкі трывожны настрой, яму яксьці не верылася, што ўжо яны хутка прыедуць на месца; мігала хаценне, каб час расцягнуўся яшчэ надалей, каб сама язда прадоўжылася.

Панкел стараўся адганяць думкі аб тым, што вось-вось яны прыедуць, спыняцца і пачнуць выгружацца; ён нерухома ляжаў на палку вагона і не зварочваў ніякай увагі на рухавасць заклапочаных таварышаў.

Гэта яго паказная і натужная нядбайнасць нават звярнула на сябе ўвагу некаторых яго таварышаў, якія клапатліва і нервова забегалі па вагоне, збіраючы рэчы, скручваючы шынелі і аглядаючы вінтоўкі.

— Ну, а ты ж як, Панкел? Так і не думаеш вылазіць на Быстраўцы? — здзіўлена пытаў яго сусед, азіраючыся на Панкела.

— А ён паедзе проста, праз фронт, да дзенікінцаў у госці,— падказаў другі, усміхнуўшыся.

— Што ж за дзіва! — дадаў трэці,— бач, Панкел і родам з дзенікіншчыны.

Панкел маўчаў, нібы не аб ім зусім і гутарка ішла. «Няхай баўтаюць, што хочуць,— падумаў ён,— языка не адрэжаш або не прывяжаш к зубам...» І сам адвярнуўся да сценкі.

А таварышы не ўнімаліся: жартавалі, падсмейваліся за яго спакой і нядбайнасць да ўсяго. Далей-болей — і чуць не ўвесь вагон загутарыў аб Панкеле.

— Штосьці наш Панкел занурыўся сённека. Ці не каханую колішнюю толькі сніў?

— Як не журыцца — гарачая справа на носе... Тут ужо не аб каханні ходзіць...

— Яно б ехаць ды ехаць, а то раптам глядзіш, і злазіць прыходзіцца.

Адзін другога вастрэй, адзін другога калючай выкідалі таварышы словы і пускалі іх у Панкела, стараючыся ажывіць і дастаць ад яго адказ. Але мэты яны не дасяглі. Панкел ляжаў і маўчаў. І толькі рэзкі свіст цягніка, які вяшчаў аб прыбліжэнні станцыі, заставіў Панкела падняцца і сесці.

— Ці ж ужо прыехалі? — неахвотна праз зубы праказаў ён, звярнуўшыся ні то да самога сябе, ні то да таварышаў, і пачаў пазяхаць, пацягвацца і крактаць.

У гэты час некаторыя з чырвонаармейцаў, паспеўшы сабрацца, завіхнуліся ізноў вакол гутаркі з Панкелам, а другія збіраліся і не звярталі на яго ўвагі.

— З пару прыйдзецца ехаць,— пасмяяўся адзін.

— Едзем без перасядкі ў Растоў,— дадаў другі.

Цэлы шэраг другіх не астаўся ў даўгу.

Панкел не шманаў: ён пачуў, што цягнік збавіў ход, і моўчкі злез з палатак ды прыняўся агледжваць свой куфэрак.

 

IV

Многа часу не патрабавалася, каб размясціцца войску ў адведзеных для яго на станцыі Быстраўцы памяшканнях, але ўсё-ткі, пакуль гэта паспелі зрабіць, мінула болей пяці гадзін. Дзень быў змінтрэжаны цалкам.

Панкелу, як на тое ўжо ішло, і тут выпала месца ўблізку ад Прова (вядома — Проў пастараўся для гэтага). Толькі яны выгрузіліся з вагонаў, ён увесь час сачыў за Панкелам і непрыкметна для Панкела апынуўся ў іх партыі, размешчанай у будынку быўшай Мар’інскай гімназіі.

І, зрабіўшы гэта, Проў з першае хвілі пачаў меркаваць на тое, каб выбраць зручны выпадак пагутарыць з Панкелам, абудзіць у ім астыўшую цікавасць да надыходзячай авантуры і не даць яму перадумаць. Проў нават пачаў пабайвацца, бачачы зменнасць у Панкела, і дрэнчыў хутчэй абламзаць яго з галавою.

Але гэтае асцярогі не патрабавалася, здарэнні шанцавалі Прову: у Панкела, на дзіва хутка, наспела новая змена, якая вярнула яго да настрою часоў гутаркі з Провам на месцы. Казарменнае паветра, абставіны казарменнага абыходу раптам нахлынулі на яго і сагналі павеў дарожнага ўражання. Панкел, прымеціўшы ўблізку да сябе Прова, зарупіўся аднавіць з ім гутарку. І нават недаволіўся, калі час бег, а гэта не ўдавалася зрабіць, бо Проў перш нудзіўся з цэлую гадзіну на адзіноце, а потым, з вечара да самае поўначы, лётаў, як шалёны, з памяшкання ў памяшканне, чагосьці шукаючы між чырвонаармейцаў, шушукаючыся з некаторымі з іх, мабыць сваімі хаўруснікамі, і пры гэтым заўзята матаючы галавою.

Толькі з пачатку першае гадзіны папоўначы Проў звольніўся і заявіўся на сваё месца. Панкел, вядома, гэтага не дачакаўся — не мог прасядзець без сну якіх з пяць гадзін засаб: што рабіць пры гэтым? А без работы ды ў роздуме нялёгка. Праўда, за дарогу ён не ўтаміўся, не мог утаміцца пры сваім настроі, аднак толькі пераступіў парог дачаснае казармы, як ім завалодала нейкае цяжкое пачуццё, вельмі блізкае да ўтомы. А калі пачало мрачэць і вечар зазірнуў у вокны будынка, Панкела пацягло да сну — нават вячэраць яму не захацелася, толькі выпіў кубак пустое гарбаты і хутчэй жа лёг спаць. І толькі ўлёгся на койку, як ужо праз хвілін пяць храпеў, нягледзячы на тое, што вакол яго стаяў зычны шолам, крык і гоман.

Маладое зялёнае жыццё заўладала цалкам маладымі жыццярадаснымі чырвонаармейцамі, сярод якіх ён быў старэйшым, бадзёрыла іх упарта, адганяючы прэч усе страшныя думкі, якія пагражалі аб наступным баявым хрышчэнні. Фронт быў пад носам, усяго якіх-колечы дванаццаць-пятнаццаць вярстоў ад Быстраўкі, але — што ім было да таго! Ім дадзена мажлівасць бяспечна, спакойна правесці ноч, супачыць ад дарогі. Цялюткая ноч у іх распараджэнні! А ноч бурна-кіпучаму маладому жыццю — гэта вечнасць. Як удостач можна пажыць у гэты тэрмін! Што там, назаўтра, чакае іх, то будзе, бач, толькі заўтра, мо зрана, мо ў абед, а мо і зусім вечарам. Усё залежыць ад капрызлівых здарэнняў... Ды і што там заўтра? Мала што заўтра! Ці ж на смерць яны засуджаны, ці ж на няшчасце прызначаны, што трэ палохацца заўтрага? Ці ж, наогул, ёсцека што страшнае для маладога, прагнага і палкага ваякі? Бач, яны ж прыехалі сюды, на фронт, не для ахвяр, не на загубу, а змагаць сібернага ворага свабоды, працоўных людзей, абараніць сацыялістычную Савецкую краіну ад пасягненняў на яе... Яны прыехалі спыніць прадаўнічы наступ паноў і капіталістаў, якія нясуць працоўнаму народу скінутыя ім ярмо і ланцугі няволі; яны прыйшлі па волі паслаўшых іх братоў і бацькоў пад аховаю Чырвонага Сцяга Камунізма, поўныя натхнення, вялікай гатоўнасці і палкай адвагі, скончыць з паганым цудзішчам, што працягвае рукі па светласці волі. І сэрцы іх поўны гатоўнасці змагацца за яе, і душа поўна бадзёрай веры ў перамогу. А іх вясёлыя твары, што пыхкаюць радасцю, а іх цёплы бесклапотны смех! А жарты, а гулянкі, а штукарства!..

Панкел соладка праспаў пад гоман і шолам казарменнага жыцця болей чатырох гадзін. Праўда, часта ён прачынаўся і паглядаў, ці няма Прова, але зараз жа ізноў апускаў галаву, заплюшчваў вочы і храпеў-храпеў. І хто ведае, колькі б гэтак Панкел прабавіў часу, каб не зычны, нечаканы стрэл за акном, зроблены, мабыць, па неасцярозе вартаўнічым.

Панкел раптам ускочыў з пасцелі, вылупіў вочы, сюды-туды кінуў узрок і праказаў, крыху супакоіўшыся:

— Што за трасца! Няўжо гэта вораг падышоў к Быстраўцы? — І каб усё-ткі пераканацца, ён падбег к акну і паглядзеў на двор. Густая цемра паўднёвай зімовай ночы ахутала яго, толькі прамень, цягнучыся доўгаю палоскаю ад акна, рассякаў яе, кладучыся на брудную ад гною зямлю і дастаючы сваімі канцамі пахіленага частаколу саду.

Панкел смела адвярнуўся ад акна на казарму, у якой з грамады жартуючых чырвонаармейцаў ніводзін нават і не звярнуў увагі на стрэл. Гэта Панкела супакоіла, і ён паважна вярнуўся да койкі, пацягнуўся над ёю соладка і зноў разлёгся.

Але ўжо заснуць не мог: утома мінула, а сон не меў сілы збароць вакольнага шуму ў казарме. Аднак Панкел усё ж не хацеў уставаць, сілячыся ляжаць нерухома, абдумоўваючы наступнае. І вось да яго з’явіўся Проў.

Скончыўшы свае справы на станцыі, Проў вярнуўся ў казарму. Ён быў вясёлы і задаволены. Аб яго задуме ведаў тут толькі Панкел, з якім Прову няйначай трэ было сягоння ж пагутарыць аб прадстаячай справе. Пераступіўшы парог часовай казармы, Проў раптам пакіраваў да Панкела. Падышоўшы, ён перш не адважваўся яго зачапіць, думаючы, што Панкел спіць, і крыху пачакаў, ласкава гледзячы яму ў твар. Потым рашыўся і крануў Панкела за руку. Панкел мігам расплюшчваў вочы і глянуў у твар Прова.

— Не спіш, Панкел? — запытаў Проў з лёгкаю ўсмешкаю.

— Дагэтуль спаў, ды стрэл абудзіў,— адказаў спакойна Панкел, паднімаючыся і садзячыся.

— Які стрэл? — здзівіўся Проў.

— Ды вось тут, пад акном: мабыць, вартавы па неасцярозе стрэліў.

— Ну, і што?

— Нічога.

— Ага!..— Проў крыху падумаў.— Ведаеш, Панкел, я хацеў бы з табою пагутарыць аб сім аб тым,— запрапанаваў ён.

— Ну, добра! Гэта не мяшае. Я таксама чакаў вас для гэтага,— згадзіўся Панкел.

Проў усеўся поруч з Панкелам, пахінуў да яго голаў і, крыху падумаўшы, сказаў:

— Ну, дык як жа ты, Панкел, парашыў з нашаю справаю? Напэўна ўжо добра абмазгаваў? Бо штосьці, я бачу, ты зусім іначай настроен... нібы раздумаў?..

— Дальбог...— перабіў Панкел...— занадта цяжкое пытанне: нельга парашыць скора, каб проста вам адказаць.

— А чаму?

— Смеласці, бачыце, не маю. Мне ўсё здаецца, што з гэтага нічога добрага не выйдзе...

Крыху пачакаў, нібы шукаючы слоў.

— Вось я прыпомніў якраз,— загаварыў далей Панкел,— быў такі выпадак: адзін раз мой таварыш таксама быў згадзіўся перайсці да ворага і... што ж вы думаеце? — казакі і белагвардзейцы насмерць замучылі яго...

Слова «белагвардзейцы» Прова чапнула за жывое, ажно ён скрывіў нездаволеную міну і злёгку скалатнуўся. Панкел глядзеў удол і гэтага не прымеціў.

— Вось гэты мой таварыш,— казаў далей Панкел,— і яшчэ двое з ім перабеглі да белагвардзейцаў, а тыя ўзялі ды мучылі-мучылі іх, здзекаваліся-здзекаваліся, ажно і жыццё адабралі. І, слухайце, толькі за тое, што яны былі ў Чырвонай Арміі і самі рабочыя. Ці ж гэта магчыма? Якавы ж тады лад з імі можа быць? Хто ж можа ручацца, што з намі, бач, са мною, яны гэтага не зробяць?

Проў выслухаў Панкела з увагай і зразу не знайшоў, што адказаць на пастаўленае яму пытанне. Толькі спусціўшы мо хвілін з дзесяць, ён незразумела для Панкела прамовіў:

— Гэтак кажуць кіраўнікі...

Панкел не ўясніў гэтых слоў, але міжвольна адчуў, што Проў імі або зацьмявае праўду, або хавае чэснасць. Гэта Панкела наздрочыла, і ён упічна ўхмыльнуўся ў вочы Прову.

— Ну, як? Не верыце гэтаму? — закінуў ён у дадатак.

— Такі і не веру, бо калі тое і было, то, можа, у сне, а не сапраўды... Многа ёсць доўгіх языкоў, каторым трэба часацца аб што-колечы... Ды на ўсё трэба рашчот палажыць... Вось, вер, браце, мне: што датыча нас, то я ручаюся галавою, што мы ў іх будзем як у Хрыста за пазухаю... Ты мне не верыш? Тады... вось маеш з сабою набіты сямю кулямі рэвальвер...— Проў спотайку працягнуў Панкелу руку з рэвальверам...— На, вазьмі, і ў выпадку таго, калі я хлушу табе, пускай у мяне ўсе кулі... Згодзен? Хочаш?

Панкел задумаўся.

— А скажыце, калі ласка,— раптам загаварыў ён,— чым жа мы мецьмем апраўдаць такі нехарошы наш паступак?.. Бач, сумленне будзе мяне мучыць, што я прадаю справу працоўнага народа, што я змяняю дзелу свабоды...

Проў не даў Панкелу дагаварыць: ён сціснуў яго руку і перабіў на слове:

— Чым апраўдаць? Гм! Якое каму трэба даваць апраўданне? Перад кім? З якое прычыны?.. А калі ўжо так, перад самім сабою, дык проста сваёй уласнай карысцю, сваёй уласнай выгадай... На свеце даражэй усяго чалавечае жыццё, яго самотнасць... Чалавек, асоба — гэта асобны цэлы свет, як асобная дарагая будыніна. Вось гэту будыніну і трэба ахоўваць, сцерагчы... Трэба, каб яна прастаяла належачы ёй тэрмін, як найбольш карысная для сябе... Разумееш, чалавек — гэта святая рэч, і, як святую рэч, яго трэба шанаваць у імя таго жыцця, якое яму дадзена, у імя шчасця гэтага жыцця... Хто ж цябе пашануе, калі не ты сам? Хто аб табе паклапоціцца, калі не ты сам? Бачыш — з цябе зрабілі бескаштоўную рэч, якую шпурляюць усюды, як трэску... Трэска падае ў ваду — тані; трэска пападае на агонь — гары... І ты згарыш загадзя, як трэска, калі не вырвешся з цэпкіх рук, што хапіліся за тваю самоту... А сям’я? А родныя? Жыць з імі разам, стрэўшыся пасля доўгай разлукі... Жыць вольна і незалежна, ахоўваючы сябе ад пасяганняў на тваё шчасце і волю... Вось, як цяпер. Ласне ты жывеш? І ласне, наогул, ты — ты? Вядома, што — не. Ты — нявольнік казармы, ты — раб, ты — астрожнік. Табою распарадкуецца чужая воля. Падумай, колькі табе давялося перацярпець гора, перанесці мук, недахваткаў і розных нягодаў? Сам ты казаў, што каля дзесяці разоў цябе адпраўлялі на фронт і каля дзесяці разоў ты вяртаўся раненым, ледзьве жывым. Болі, шпіталі, галадуха... Нуда, маркота, журба... А цяпер вось ты ізноў перад тварам смерці, на нажах і сярод куль. А завошта, запытай? Што ты дастаў за гэта для сябе? Для сям’і? Нічога!.. І не дастанеш, павер... А згубіш жыццё дарэмна, за няма што... Вось табе апраўданне... Бяры, разбірайся... Як яблыка — круглае, як сонца — яснае. Бяры — пераконвайся...

Проў пільна ўзорыўся Панкелу ў вочы і з хвіліну пранізваў іх сваім вострым, калючым і цяжкім узрокам. Ажно Панкел не вытрымаў холаду яго вачэй і прыхмурыў свой погляд. Яму стала раптам неяк млосна, ніякавата. У душы заскрабло сумненне, у галаве замітусіліся адрыўныя няясныя думкі, туманна-невыразныя, але колкія; жаданні засвідравалі грудзі.

«А, бач, многа шчырай праўды ў словах Прова,— мігнула ў галаве Панкела,— сапраўды ж, калі я пачну ўжо жыць па-чалавечаму? Калі я вырвуся з гэтых балючых ланцугоў ваеншчыны? Калі я пачую сябе вольным?»

Гэтыя яго думкі Проў перабіў запытаннем:

— Ну, дык што ты скажаш? Нябось, усё яшчэ думаеш сумнявацца і надалей?

Панкел адказаў не зразу, нібы не маючы магчымасці выявіць тое становішча свае душы, якое апанавала яе пасля праколваючых слоў Прова. Ён мусіў пачакаць, падумаць... і толькі праз хвілін пяць адказаў:

— Але, сумняваюся.

Проў падняўся, недавольна зарухаўся, адвярнуўся ўбок, потым выразна паглядзеў на Панкела і сказаў:

— Дарэмна, браце... Мыляешся... з-пад рук выпушчаеш волю... я табе кажу! Адгані прэч сумненні... Бяры, калі ляжыць каля рук. Будзь чалавекам цвёрдым, упэўненым, рашучым, а не анучай, мачулай. Ну... Згодзен ці не? А то ўжо трэба лажыцца спаць і... канчаць... Кажы, Панкел, згодзен?

Панкел увесь сціснуўся, нібы ўвайшоў у думкі, натужыўся ў разгадках гэтых думак, зачапіўся за перамогшую з іх і, трымаючыся яе, запытаў:

— А які ваш план?

Проў прысеў, змяніў міну і дабрадушна адказаў:

— Па-мойму, навошта табе заўчасу ведаць... Ты ж усё яшчэ не рашыўся... І толькі новых сумненняў нажывеш.

А думка напірала на Панкела.

— Мне трэба ведаць усё, каб я мог ноччу абдумаць, вырашыць і тады...— настойна сказаў ён.

Проў спусціў тон.

— Скажу табе праўду, Панкел: ніякага вырабленага плана няма... Ды навошта той план? Усё ў маіх руках... Вось па згаворанаму знаку збяромся і...

— Чаму вы так цудна кажаце: няма! Не так жа гэта проста — узяў і пайшоў.

— А амаль не так: збяромся і пойдзем... Пойдзем смела, і ніхто не верне.

— Ці ж вы спадзеяцеся, што так удасца?.. Ой, я бачу, што мы... Слухайце, Проў, а каб...

— Ну, ну, ну?!

— Вось лепей было б так: выпрасіцца ў разведку, а вам узяць камандаванне ёю, і тады выйдзе шыта-крыта...— парадзіў Панкел, забыўшы сумленне, кінуўшы роздум і падданы ўгаворам Прова.

А гэты давольна ўхмыльнуўся, і на твары яго бліснула лёгка-хітрая ўхмылка, так жа хітра зажмурылася левае вока, і ён коратка і выразна сказаў:

— Так, яно так і будзе. О, брат, мы ведаем, як і што зрабіць...

Панкел упершыню неяк прасвятлеў, ажывіўся, нібы ім заўладала нейкая асобная сіла, якая сагнала ўсё старое і вымавіла вуснамі Панкела:

— Тады... рабіце... я з вамі... я ваш... я ад вас не адстану...

Проў стрымаў сур’ёзную міну на твары, нават вокам не маргнуў, усе вынікі ад перамогі над істотаю Панкела ён перанёс у нутро і адчуваў сваю ўрачыстасць.

— Заўтра я табе падам знак,— сказаў ён, падняўся і пайшоў ад Панкела.

А гэты сумненным узрокам правёў яго да месца, адвярнуўся, пацягнуўся некалькі разоў і, стараючыся быць спакойным, з закончаным рашэннем улёгся спаць.

У казарме панавала ціша. Чуўся здаровы, не рэзкі храп салодка спаўшых чырвонаармейцаў, ды з-за акна даносіўся тупат шагоў вартавога і рэзкі брэх сабак. Сумная лямпа-газоўка слаба дагарала, і полымя яе агню несупынна калыхалася, ганяючы па памяшканні страшлівыя цені.

Панкел ляжаў спакойна і нерухома, але сон да яго не ішоў: на яго раптам нахлынулі думкі, быццам і пакідалі яго пасля расстання з Провам толькі дзеля таго, каб асвяжыцца, набрацца сіл і наймацней ашчаперыцца за голаў Панкела. Спрачацца гэтым думкам нельга было ніякім чынам: і Панкел захапіўся імі цалкам. Наступнае, на вошта ён толькі што даў згоду, вырасла ў цэлую гару, раздалося ва ўсе бакі, ахапіла яго сцяною свае цемні і акрыла, бы мяшком, хаваючы свет, і жаданне, і думкі, і волю, калі яны датыкалі чаго іншага. У вобразах жывых з’явішч, агромністых і цудоўных, уставалі розныя запытанні: як і чым усё гэта скончыцца? Што з гэтага выйдзе? І... страшней і пагрозней іншых: ці варта-такі яму, Панкелу, на гэта ісці? Мала што Проў стараўся ўгаварыць, пераканаць яго, што ўсё задуманае варта мэты, што яно беспраменна вымушана патрэбамі поўнасці яго, Панкела, жыцця? Мала, што Проў лічыў свае доказы Панкелу важкімі і значнымі, нібы новымі, дагэтуль невядомымі яму, аднак Панкел глядзеў на іх не сур’ёзна, лічачы ўсё выясненае яму вядомым і старым; да таго старым і асвойтаным, што не хацелася паглыбляцца думкамі. Панкел пачасту сам ужываў іх для ўгавору сябе самога, калі да яго часамі надыходзіла пачуццё ўтомы і маркотнасці і злы дух падбухторваў на праступак, на здраду справе працоўнага люду, на здраду работніцка-сялянскага ўрада і Чырвонай Арміі. Тады ён кожны раз глушыў і нішчыў гэтыя доказы, бо захаванае ў глыбі яго душы пачуццё шчырага рэвалюцыянера-народалюбца прабівалася напаверх і патрабавала сабе пачэснага месца. Панкел зразу перарабляўся і станавіўся бадзёрым, палкім абаронцам рэвалюцыі, яе адважным салдатам.

Праўда, чым далей прамінаў час, тым утома ўмацоўвалася ўсё болей і болей, маркотнасць паглыблялася, і шчырае пачуццё рэвалюцыянера-ваякі гасла, зацьмявалася. Казарма і вайсковасць, вайна і раны, шпіталі і мукі цяжарным каменем ціснулі яго з усіх бакоў. А закраўшаяся ў сэрца жуда па роднай сям’і і кутку пасабляла гэтаму. Не дзіва, што гэткія абставіны лёгка падгатаўлялі ў ім добрую глебу для ядрага ўзросту ліхому семені.

На гэткую вось глебу якраз і ўспаў Проў, сумеўшы закінуць у парушаную душу Панкела праступна-завабнае слова. І хоць не так ужо лёгка гэта яму далося,— Панкел як-ніяк пільна азіраўся вакол, не забываў і другога боку справы, стараючыся падлічыць тыя скуткі, да якіх хіліць змена рэвалюцыі,— але ж усё-ткі паддаўся, з натугам, з нутранай барацьбою, ды паддаўся. А паддаўшыся, у хуткім часе яму стала гэта рупіць, стала балець. Яго душа раздваілася, і між дзвюма яе часткамі ўзгарэлася барацьба, якая пачала мучыць Панкела, дратаваць усю яго істоту. Страшныя вобразы-зданні і мары-выгляды панесліся перад ім. Панкел раз-зараз зрабіўся бязмоцнай трэсачкай на ўздыме іхніх бурных хваль, бязвольным і бязмоцным стварэннем... Вакольная сапраўднасць зрабілася страшнай выявай. Ім абуяў нейкі невыразны сполах, і вось-вось гатавалася вырвацца з усіх часцін яго істоты, пагражаючае злому духу, вырашэнне: кінуць, не ісці з Провам, праклясці тую хвіліну, у якую даў яму сваю згоду... Але якраз на парозе ды выяву гэтага рашэння ўзнялася якаясьці варожая яму сіла; яна абурыла істоту Панкела, і ён быў бязвольным, пакорным у яе абдыме і пад яе ўказку сказаў-пастанавіў: «Няхай будзе як будзе, а калі ўжо парашыў — не буду адступаць. Я ж усё-ткі не адзін ды і не ануча». Пасля некалькіх пераказаў гэтага рашэння Панкел на ім спыніўся, супакоіўся, агарнуўся коўдраю ды соладка-соладка заснуў, бы забіты...

 

V

Назаўтра, нягледзячы на тое што позна заснуў, Панкел прачнуўся адзін з першых і адчуваў сябе нішто, нават бадзёра...

Хваля казарменнага жыцця абдала яго ўсяго і ўсяго захліснула. Гарбата, праверка, прыбранне, сход — нішто не прайшло паўз Панкела, каб яго не зацікавіць. Нават па-ягонаму, яксьці ўсё гэта сёння выглядала шмат цікаўней, як заўсёды, дагэтуль: хоць усё гэта было і знаёмым, але сёння аддавала чымсьці новым і свежым. Праз гэта час імчаўся хутка і непрыметна, так што не паспеў Панкел і аглядзецца, як падаспеў абед, а за ім і вячэрні чай. Дзівіла, цікавіла і трохі суміла яго толькі тое, што на працягу ўсяго дня не прыйшлося яму сустрэцца з Провам і атрымаць ад яго заўчасна абяцаны ім знак; паміж тым, думка толькі і вярцелася вакол гэтага фокусу. «Што-колечы нядобрае, мабыць. Ці не перамяніў толькі Проў сваіх думак аба мне? Сумеўся, і толькі... і меў рацыю, бо гэтак доўга я не паддаваўся, валэндаўся з ім, вадзіў яго за нос... А гэта — невытрываласць і перашкоды... А дарэмна — трэ было іначай рабіць... Вадзіў-вадзіў — і потым ні то згадзіўся, ні то — не. А чаму б мне было зразу не зрабіць гэтага? А то... каб хаця не наадварот усё гэта выйшла — тады-ы...»

Панкела агартаў сум, а ў душу закрадваўся нейкі сполах. Ён не на жарты пачынаў шкадаваць, чаму не зрабілася ўсё без яго, каб ён не знаў і не ведаў... Чаго і як яго злучыла з гэтым Провам, які так аблутаў яго душу...

І вось, якраз у самы разгар гэтых яго роздумаў і раскаяння, з’явіўся Проў. Падышоўшы непрыметна да задуменнага Панкела, ён крануў яго пляча і паўшэптам праказаў:

— Ужо ўсё гатова! Збірайся, брат... Якраз па-твойму і выйшла: на разведку пойдзем.

Для Панкела гэта было нечакана, і ён ажно жахнуўся і здзіўлена запытаў:

— А многа нас пойдзе?

— Чалавек з трыццаць...

— Тры-ыц-ца-аць? — цягуча і здзіўлена праказаў Панкел.

— Але! Чаго ж дзівішся, а? Чым больш — тым лепш. Будзь гатоў, а я пайду... Мне трэба ісці...— скарамоўна пераказаў Проў і, пакінуўшы Панкела, хутка пабег з будынка.

Панкел падняўся з койкі, нейкі час пастаяў на адным месцы, нібы ашаломлены, з замершымі думкамі і разбураным пачуццём і ўвесь затросся.

Такая раптоўная развязка перапужала яго і нанова прывяла к сумненню... А да гэтага яго нутраны папрок выяўляўся ўсё ясней і выразней. Сударажна Панкел сышоў з месца і ціха, несвядома пачаў збірацца. Рукі паслушна, часта мімавольна ходзячы, сабралі пасцель, палажылі ў куфэрак рэчы, паставілі яго пад койку, потым надзелі на яго фігуру шынель, ворак і патронную рамухоўку, а ногі самі крануліся к выйсцю з казармы. Панкел заручыўся ад суседа пасачыць за яго куфэркам, усё яшчэ думаючы вярнуцца, не верачы ў надышоўшы задум, а ўсё лягчэйшае і каштоўнейшае забраў у ворак, у кішэні, за пазуху. Праз плячо ён павесіў вінтоўку, а к боку да пояса прычапіў рэвальвер.

Выходзячы з казармы, ён некалькі разоў акінуў яе пільным узрокам, нібы баючыся, каб самыя сцены не данеслі нікому, пакуль ён скончыць усё.

Чырвонаармейцы, між якімі праходзіў Панкел, не звярталі на яго ніякае ўвагі: мала куды і зачым яго пасылаюць! Кожны дзень ідзе каравул, пост, разведка, дняванне.

Толькі адзін, занадта ўжо цікаўны ці няўцерпны, калі праходзіў між яго Панкел, запытаў:

— Куды гэта, таварыш?

— У разведку, брат, іду,— ахвотна, не падазраючы нічога, адказаў Панкел і неяк быў задаволены тым, што хоць адна душа ды зацікавілася ім.

— З богам, таварыш! Жадаю поспеху! — пажадаў запытаўшы, сам здаволены тым, што яго мінула гэта.

— Дзякую, браток! — падзякаваў Панкел і выйшаў на двор.

А на дварэ, ці ўжо пад уплывам зорнай ночы, ці пад націскам шчырага пажадання таварыша, які адзін загутарыў з ім у казарме, Панкел нібы ажыў, абадзёрыўся, нахлынулі свежыя думкі і пачуццё.

— Куды ж гэта ісці? Ды ці варта наогул куды ісці?

Сумненне выбілася напаверх думак.

— Панкел! Сюды! — пазваў яго голас з-за варот.

— Я! — скарамоўна адгукнуўся Панкел.

— Ідзем хутчэй, ужо ў зборы, чакаюць.

Панкел здрыгануўся, але паслушна пакіраваў у вароты. Вартавы, не запытаўшыся, прапусціў яго на вуліцу. А на вуліцы ля сцяны стрэў Панкела пасланец, які яго спыніў і штосьці прашапацеў, паказваўшы рукою наперад. Прастаяўшы з хвілю-другую, троху пашаптаўшыся, яны крануліся і пайшлі. Ішлі праз нейкі пляц, ці проста гала, праз два завулкі, крывыя, вузкія і няроўныя, і хутка выйшлі да нейкага будынка, у вокнах каторага свірэў агеньчык і мітусіліся людзі. На вуліцы ж, перад ганкам будынка, ужо ў парадку стаялі ўсе ідучыя ў «разведку».

Панкела пасланец прывёў да задняга рада, паставіў яго поруч з нейкім таварышам, а сам пабег у будынак. Панкел паслушна стаў, агледзеўся вакол, азірнуў суседзяў, хацеў перамовіцца з адным, але раз таму, што ў змроку не разгледзеў добра, а другі раз затым, што тыя маўчалі, ён нічога не сказаў і спакойна, да акамянеласці спакойна стаяў.

У пярэдніх радах ішла ціхая гамонка, даваліся нейкія распараджэнні, напэўна самім Провам — добра Панкел не расчуваў. Ды ўпраўду, ён і не стараўся прыслухоўвацца. Ім апанавала нейкая дзеравянная нядбайнасць, бесцікаўнасць да ўсяго, што рабілася перад ім: праўда, хвілінамі ў душу Панкела пранікала цяжкасць, горнасць і гідлівасць. Разам з тым выблісквалі сумненне, неспакой і трывога, якія падпальвалі ўнутры сумную думку — пазыў вярнуцца, уцячы хоць адгэтуль. Непрыметна для сябе Панкел палохаўся бліжэйшых хвілін. Але брак часу не даў мажлівасці вырасці думкам у тое ці іншае рашэнне. Каманда «шагам марш!», раптам даляцеўшая да яго вушэй, быццам штырхачом даўбанула яму ў плечы, і Панкел пакорна, адначасна з усімі падняў левую нагу і топнуў у такт камандзе. Ад агульнага ступу пачуўся глухі стук, разнёсшыся ў цішы далёка вакол. За першым тут жа адступіўся другі, трэці, пяты, дзесяты. Перагаварванні між некаторымі чырвонаармейцамі глухлі ў топаце шагоў; толькі рэдкае пакашліванне перамагала іх тупат і новаю нотаю ўрывалася ў аднатоннасць невыразнага рэха між сценамі дамоў і хат. Зрэдку сям-там, воддаль і ўблізку, адзываліся чуткія сабакі і трывожны бразг калатушкі вартаўніка.

Панкел ішоў, спусціўшы кнізу голаў, маючы перад сабою цёмныя, невыразныя цені таварышаў. Ён зусім не прымеціў, ахоплены ўвесь тлумнымі няяснымі думкамі, калі разведка выйшла з жылога месца і апынулася ў полі. Каманда «цішэй шаг!», глуха данёсшыся спераду, вымусіла яго падняць голаў і азірнуцца вакол. Панкел угледзеў, што ён астаўся крыху ўзадзе, на адгоне ад бакавых таварышаў, і некалькі шагоў зрабіў бегам, каб параўняцца з імі; бегучы, ён пачуў утому і падазрона паглядзеў уперад.

Чорная сцяна цемры акружала іх грамадку. Чым далей разведка падавалася ўперад, тым болей адсоўвалася разам з ёю пярэдняя сцяна цемры.

Дарога, якою ішла разведка, была роўная і гладкая і гэтым казала аб роўнай мясцовасці. А дзякуючы гэтаму і ветру, злёгка павяваўшаму ў пасяленні, тутака адчынялася прастора дзьмуць, як хоць. І вецер дзьмуў, як меў сілы.

 

VI

Ужо выйшаўшы са станцыі, Панкел пачуў у сваім нутры штосьці асобнае, ні то трывожнае, ні то гадкае. Ён перш стараўся на гэта не зварачаць увагі, заглушаючы сілком думкі і кіруючы зрок то на зыркія зоркі, то на рух цёмных сцен, якія агароджвалі абшары перад імі. Але чым далей «разведка» падавалася ўперад, тым мацней і надаедней гэта «штосьці» старалася адцягнуць Панкела ад усяго старонняга, вымушаючы спыніцца на сабе і на сваіх дзеях. Міжвольна, пад нейкім магутным націскам, Панкел усё часцей і часцей пачаў азірацца назад, на станцыйныя будынкі, на пяройдзенае поле. Кожны раз, бы толькі ён паварочваў голаў, у яго вачах маляваліся страшныя фігуры цудаў. Вадакачка выглядала асабістым сіберным зверам, які, здавалася, бег за ім, матаючы велічэзнаю галавою і растапыранымі рукамі, а меншыя будынкі са святлом у вокнах здаваліся паўзучымі цмокамі.

Панкел праз сілу, сціснуўшы зубы, вымушваў сябе пільней узірацца ў цемру ночы, але як бы ён ні ўзіраўся, усё ж нічога не бачыў у сапраўдным жывым выглядзе. Толькі і дасягаў ён таго, што тыя здані, якія маляваліся яго патрывожаным уражаннем, мяняліся ў вачах, перароджваліся на новыя і яшчэ страшнейшыя.

Сполах, захапіўшы Панкела, пачаў пераходзіць ва ўтому і злаваць яго; пачыналі балець ногі, дрыжаць усё цела; хада рабілася не пад сілу, і Панкел чым далей, тым часцей і на болей адставаў ад каманды, не маючы сілы нагнаць яе і ісці з ёю нага ў нагу.

— Што з табою, таварыш, чаго ты адстаеш? — падазрона пытаў Панкела час ад часу сусед.

— Дыхавіца ўзнялася! — хлусіў яму, не задумваючыся, Панкел.

— Цудны, аднакава, ты: няхай бы на гэты раз ты астаўся.

— А як бы на другі? — ні то запытваў, ні то адказваў Панкел.

— Ну, то вядома: цяпер вярнейшая справа... Праўду кажаш. Што ж, можна і на адгоне паспяваць,— радзіў спагадлівы таварыш.

На гэтым гутарка абрывалася: Панкел болей нічога не казаў. Узнятая ўнутры яго завіруха раскаяння, тупога і бязмоцнага, і крыўды на сябе за сваю падатлівасць, узвёўшую яго на праступную сцяжынку, нейкім рэжучым камяком падышла к горлу. Узбурылася пачуццё адчаю, якое ажно кідала яго то ў гарачку, то ў холад. Што ні шаг, то Панкел пакрысе адставаў, бо не мог паднімаць ног. Задрачылі ў галаве калючыя думкі, поўныя папрокаў і ўпікаў. Асобная, магнусовая сіла іх тыкала ва ўсе бакі, так што ўсё іншае зацьмявалася імі. Панкел папрабаваў зрабіць некалькі патугаў, каб адкасніцца ад гэтага настрою, страхнуць атруту пачуцця і гвалты думак, але быў бязмоцным і здаўся на іх катаванне. І толькі намерыўся спыніцца і ўсцішыў хаду, як раптам пачуў настойны і выразны, ужо знаёмы яму нутраны голас: «Не хадзі — азірніся назад і бач: за табою сочаць тысячы вачэй. Тысячы сэрцаў спадзяюцца дачакацца ад цябе харошых суцяшаючых вестак. Ты пайшоў у разведку, каб знайсці, як лепей выбраць месца і час для нападу на ворагаў працоўнага народа, якія пасягнулі знішчыць яго волю. Цябе паслаў рабочы і селянін бараніць іх уладу, заваёваную дарагою цаною крыві і жыцця соцень слаўных ваякаў. А ты... ты памагаеш знайсці іх смерць, абрыдную, здрадніцкую смерць. І навошта ты панадзеяўся? Каго ты паслухаў? Ці даеш ты сабе адказ — навошта ты ідзеш і што робіш? Гэтулькі славы заслужыў перад рэвалюцыяй ранейшымі сваімі чыннасцямі, а тут — пайшоў на змену. Зазірні глыбей у сваю душу, ці вяліць яна табе, ці дазваляе гэта? Чужымі думкамі жывеш, ліхім манам верыш. Як паглядзіць на цябе працоўны народ савецкіх рэспублік? Дзе ты схаваешся ад яго гневу і помсты?»

Панкел скрыгаў зубамі, прыкусваў балючыя губы. Хада яго цішэла, пачынала балець галава і цьмець у вачах.

— Я не пайду, я не згаджуся на здраду! — рашуча ўголас адказаў сам сабе Панкел.

І гэтыя словы яго прагучалі так рэзка і выяўна, што быццам абудзілі яго. Панкел уздрыгнуў усім целам, агледзеўся вакол і спыніўся.

Каманды разведкі ён не чуў, чуць-чуць даносіўся толькі глухі тупат ад ног ды нечы клічучы голас: «Паан-ке-эл!»

Панкелу здалося, па-першае, што мо ён ачуўся, мо ўтрывожанае выабражэнне яго збівае з панталыку, і прыслухаўся пільней. Вокліч некалькі разоў перагукнуўся. Тады Панкел прыпыніўся...

Дзесьці здалёк чулася яму страляніна, то частая, то рэдкая, а ўлева ад яе, адкуль цягнула вільгаццю, напэўна з-за рэчкі, выглядаў агеньчык; промень яго паднімаўся невысока над зямлёю і губіўся дзесьці за горкаю ці за лесам.

Панкел стаяў і пільна ўзіраўся па баках, прыслухоўваўся і не мог крануцца з месца.

А вакол чым далей, тым начны шолам узрастаў, родзячы нейкія невыразныя, але крыклівыя стукі і выгукі, якія роем вярцеліся каля яго вуха, нахабна не адстаючы ні на адну хвілю.

І вось, настаражыўшыся, Панкел патрошку пачынаў выяўляць з усяго гоману чыесьці клапатлівыя неспакойныя выгукі і перакліканні як бы дваіх ці колькіх чалавек, відаць, кагосьці старанна шукаючых. Панкелу паказалася, што ў іх перакліканні раз-поразу ўспамінаецца яго імя, і гэта пачало яго страшэнна нерваваць і трывожыць.

Вакол гуў вецер, згібаючы невялічкую бярозку, выпадкова закінутую ў шырокае гала і выпадкова напаткаўшую Панкела. Гэта блытала словы пярэкліку. Але Панкел хацеў расслухаць усе выгукі. Дзеля гэтага ён парашыў стаць на каленькі, прылажыць вуха да зямлі і прыслухацца,— кажуць, што так вельмі добра ўсё чуваць,— і вось Панкел ужо намерыўся гэта зрабіць, як раптам невысока ўгары, у густой цемры пранеслася празрыстым пісагом разарваная ракета. На кароткі момант, хвіліны мо на чатыры, святло ракеты асвяціла абшар на вярсты дзве вакол. Панкел паспеў акінуць вокам асветлены абшар і пры гэтым выразна адмеціў, як не вельмі здалёк некалькі чалавек мігнула перад вачамі, перабягаючы з месца на месца. Міжвольна ў адным з іх Панкел пазнаў і пачуў Прова, з усімі дробнымі адметкамі і выразамі ў яго постаці, так ім завучанай.

Гутарка бягучых з кожнай хвіляй чулася ўсё бліжэй і бліжэй да Панкела і ў згусцеўшай пасля разрыву ракеты цемры шмат выразней і гучлівей. «Шукаюць мяне! Пагоня за мною!» — раптам стукнула ў галаве Панкела, і ён, здавалася, адчуваў устаўшую бледнасць твару, растрывожанае цюканне сэрца...

«Пабягу!» — мігнула ў яго думках. І, доўга не думаючы, Панкел сабраў усе сілы ды пусціўся бегчы.

І ўжо з першым крокам, зняўшы яго з заварожнага месца, Панкела залашчыла надзея, абышла радасць, што хтось добры навёў яго на думку вярнуцца назад, да сваіх, аставіць праклятую змену і загадзя перасцерагчы ад бяды сваіх таварышаў ды можа цэлы фронт. Бліск ракеты, доўга не гінучы з яго вачэй пад полагам цёмнай ночы, нібы нажом, адрэзаў яго ад тых, каго ўзглаўляў і вёў за сабою здраднік Проў...

Адбегшыся некалькі сажняў, Панкел спыніўся, адсопся і зноў пачаў азірацца і прыслухоўвацца. Пачуццё бадзёрасці і адвагі пераходзіла ў пачуццё помсты.

Лёгкасць, што рушыла яго з месца, змянілася раптоўным цяжарам.

Панкел злаваў на сваё бяссілле, папракаў сябе і скардзіўся.

«Гэтулькі крыві мае пралілі ворагі, гэтулькі слёз ссушылі, гэтулькі мук вытачылі! І я... і я зноў з-за дробных прыватных спраў гатоў здрадзіць вялікай справе рэвалюцыі... Разам з здраднікам пайшоў на... Ах, і як жа ўмела яны, праклятыя, падходзяць да цябе, як смякаліста спакушаюць!.. Ільготы, спачынак! Ласне знойдзецца ў іх спагада ка мне? Го, ім патрэбны ахвяры, ім патрэбен разлад у рэвалюцыйных радах... У чырвоных радах... Вось з-за чаго яны гэтак «клапоцяцца» аба мне, аб маіх прыватных справах... Прадажнікі! Злы-ыбедні-кі-ы...»

Думкі збілі Панкела з панталыку: ён прыгнуўся і, прыгнуўшыся, таптаўся на адным месцы. Ні страляніна, якая не сціхала праз увесь час і нібы ўсё набліжалася, ні здагон не падганялі Панкела. Толькі вецер, мацнеючы штохвілю, чамусьці наганяў на яго нейкую трывогу і сполах. Панкелу чуўся ў яго гудзе загад рушыць з месца і кідацца наўцёкі. З кожным ветраным павеем настрой узрастаў, узмацоўваючы рашымасць і адвагу. «Пушчу-у-ся-а далей наўцё-э-кі-ы!» — праказаў сам сабе Панкел і толькі намерыўся крануцца, як тутка, непадалёчку, пачуў выразную гутарку:

— Шукайма тут — ён ці не прылёг толькі.

Панкел увесь здрыгануўся, выпрастаўся, закружыўся на адным месцы, азірнуўшыся вакол, і кінуўся як мага наўцёкі. Вольныя, не ў меру слабкія боты забаўталіся на нагах і гулка зашлёпалі. Груды і няроўнасці, межы, купіны, што пападаліся пад нагамі, мяшалі бегчы.

Але Панкел сцігаў нацянькі, якраз на міргаючыя далёка смуглыя агеньчыкі, якія нібы прыветна і ласкава манілі яго к сабе... Перш было бегчы лёгка, як бы сполах з надзеяй уцячы падганялі яго, але хутка Панкел пачуў утому і цяжар, к гэтаму шапка насоўвалася на вочы і мяшала глядзець, а вісеўшы збоку ранец, якога ён шкадаваў кінуць, стукаў па плячах. То шапку, то вінтоўку Панкел час ад часу папраўляў... Раптам закалола ў баку і стала душна, да знямогі душна. Ён ужо намерыўся нават і спыніцца, але раптам пачуў перасцерагаючы голас: «Бяжы хутчэй. Нясіся ветрам, ляці віхрам, каб не спазніцца. На тваім ваччу робіцца вялікая бяда — патрэбна яе спыніць, патрэбна пераняць... Не таміся — бяжы хутчэй, шпарчэй. Яшчэ некалькі патугаў, і ты выратуеш становішча, не дасі зрабіцца страшнаму праступку. Бяжы з данясеннем, нясі вестку... Цябе там нецярпліва чакаюць... Панкел, Панкел, Панк-к-е-эл...»

Гэты патаемны голас нёсся з Панкелам, разліваўся ў свісце ветру, заглушаў яго думкі і пачуццё... А агеньчыкі былі ўсё ж яшчэ далёка ад яго і неяк усё цьмелі з кожнай хвіляй, як бы знарок, каб збіць Панкела з дарогі...

— Ні-ы-чо-о-га-а, да-а-бя-э-гу-у! — Голас, з цяжкім адчаем у сэрцы, пракрычаў Панкел і міжвольна павярнуў назад голаў.

— Сто-ой! Стой! — ва ўпор хтось крыкнуў, і гэты крык, бы нажом, паласнуў Панкелаву душу, выцяў балюча па яго нагах і скалануў усёю постаццю.

«То пагоня недалёка ад мяне!» — бліснула яскравай маланкай калючая думка... Але Панкел не спыняўся. Утаропіўшыся вачыма ў адзін бок на чуць-чуць абачныя агеньчыкі на станцыі Быстраўка, ён натужыўся яшчэ больш і зрабіў апошнюю спробу ўскорыць бег, толькі ў адказ на гэта няўмеру забілася сэрца, схапіла дыхавіца, пачалі блутацца ногі, і Панкел мусіў змяніць бег на хаду.

— Стой! Стой-ойэ! — рэзкім пранізваючым лямантам пранеслася між вушэй Панкела.

Абураны безнадзейнасцю, ён горда і смела адказаў:

— Да-а-бя-гу-у, пага-ан-цы-і, няго-од-ні-ы-кі-ы! Данясу-у аб усім вашым учынку-у... Не ўдасца вам давясці свой праступак да канца-а. Прадаў-цы-і!..

Рэзкі стрэл быў адказам Панкелу: штосьці рэзнула ў баку.

«Ранен!» — мігнула думка і разам жа аддалася ў пачуцці. Панкел барзджэй хапіўся рукою за вінтоўку, а другою за рэвальвер, абмацаў у рэвальверы корак, выцягнуў з кабуры і, адвярнуўшыся, у беспарадку і без усякай цэлі пачаў страляць наўгад, з запоем і злосцю. Яны ў адказ таксама зачасцілі стральбу.

— Усіх пераб’ю, паганцы-і! — крычаў Панкел у такт стральбы, ужо ўгледзеўшы ў змроку падбягаючых да сябе траіх чалавек.

— Пачакай, браток, мы-ы табе пака-а-жа-ам, як нам змяняць. Не выкруцішся з нашых рук! — пракрычаў над вухам Панкела знаёмы яму голас Прова і не паспеў дакрануцца Панкелавага сазнання, як тут жа выпушчаны стрэл зацямніў яго і паваліў на зямлю.

— В-в-в-а-ам не ўда-асца-а прадаць інтарэсы ра-або-очы-іх і сялян...— сумеў яшчэ ў сударгах праказаць Панкел.

— Уда-асца-а! — зламысна адказаў азвераны Проў, нагнуўшыся над сваёю ахвяраю.

І астатнім выявам тухнучага жыцця Панкел цьмяна пачуў датырканне халодных драпежных рук да свае шчакі.

— Во-ось, бра-ат, табе-э і радзі-ы-ма-а, і сям’я, і спачынак... Ха-ха-ха!!

Задаволены рогат Прова правёў апошні енк Панкела...

А вецер крапчэў, глушачы сваім свістам далёкія водгукі стрэлаў...

На станцыі стухлі агеньчыкі, нібы задутыя ім.

 

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан