Прысвячаецца Язэпу Дыле
Распасцерлася раўнінаю,
Стройнаю распласталася...
Беларускаю Ўкраінаю
Нездарма ўсё ж назвалася.
Лугам-поплавам мурожнымі,
Полем-нівамі ўроднымі,
Як ядвабам разложаным,
Пазіраеш ты, родная.
Паглядзець скрозь — неасяжная,
Вісне неба паземамі,
Шмат палеткі твае ўражая
Абсякала рука крэменем.
Йшлі грамадамі нязлічнымі
Белапанскія коннікі,
Руйнавалі нашчэнт, нішчылі
Хаты, поле і хвойнікі.
Дымам-полымем курылася
Праца цяжкая, чорная!
За свабоду шчыра білася
Вёска скрозь — непакорная.
І крываваю мяжынаю,
І крываваю істужкаю.
Пан граніцу ды раўнінаю
Пралажыў наўсцяж Слуцкаю.
«Не загоіцца, не, шарая,
Беларусь бальшавіцкая;
Пакараў яе бог карамі
За бунтоўнасць мужыцкую».
Гэтак думалі, так радзілі,
Але думка — дарэмная!
Зноў адыме, што пакрадзена,
Наша Случчына зрэбная.
Працай цяжкаю — сялянскаю,
Працай ўпартаю — рабочаю,
Яна гоіць здзекі панскія,
Выжывае аброчанасць.
Ўся садамі поўна, бэрамі,
Поўна жытам, пшаніцаю,
У наступнае ідзе з вераю,
Б’е адвага крыніцаю.
Не загіне, ды не вечнае —
Што ўрэзана, адлучана.
Будуць, будуць яшчэ злечаны
Беларусь і ты, Случчына.
Слуцак, 18/ІІ-1925
Прытуліўся, прылёг пад садамі,
Новых дзён ды вякамі ждучы.
А цяпер вось старымі дамамі
Мову іншую кажа Случы.
Ад князёў, ад паноў, ад няволі
Успаміны — гіньце ў пустэчы!
Не, не будзе, не будзе ўжо болей
Аб пары той ягонае рэчы.
Над будынкамі шэрымі сцягі
Свету новаму значаць цуды;
Разлятаюцца пекныя сагі,
Звоніць гімн працоўнаму люду.
Ядранее, як лес, жыта ціха,
Нахіліла калоссе удала...
Старадаўняя можа ткачыха
Вызваленне працоўным прыткала?
Ад усходу на захад далёкі
Яе вокліч звоніць завуча:
Сустракай, Слуцак, новыя векі,
Шумі радаснай рэчкай Случчу.
22/ІІІ-1925
З сівых вякоў выглядае даўнасць:
Замчышча, роў, курганы...
Ў казках-байках туманная слаўнасць
Дзеяў яго старыны...
Вёрсты адгону, межы-дарогі
Мералі гала-абшар;
Сэрца не чула дбалай трывогі,
Жыцце не мела ахвяр...
Праўда таму, ці мо дымная здань?
— Байкі ўсё гэта чыесь...
Ведама, ведама добра, што пан
Цёнгля меў муштры свае.
Меў тую дзікасць, якую после
Доўгія векі ўжываў;
Долю пакутную едкаю бросняй,
Долю яго спавіваў.
Ведама, замчышча князя-пана —
Гэта быў страшны куток!
Плён свае працы ў яго сяляне
Доўга насілі ў аброк.
Слесара браклі ў крыві мазолі,
Мучыла боль катляра.
Колькі пагарды, здзеку, няволі
Неслі князём да двара!..
Белыя коні пекнае княжны —
Чорная праца сялян.
Чуе-чуе андарак сярмяжны
Болі старых капылян.
Нёс свае хвалі бурлівы Нёман,
Мыў замкавы сцены ён.
Ліпы ж нашэптвалі: будзе зломан,
Будзе, ой, зломан прыгон...
Капля за капляй точаць каменні,
Іскра разводзіць пажар...
Колькі свабодзе ўжо пакаленні
Колькі прынеслі ахвяр!
Ўгору высока раслі магілы,—
Нёман у бок пахіліў,
Покуль над сівым буйным Капылем
Волю вяшчун пратрубіў.
Дымам на лес сухастой спусціўся
Блутнае байкі павер...
Яў прыгажэйшы яе нарадзіўся,
Яў, які бачым цяпер.
Ў Янкавым лесе хвоі шапочуць
Новаму часу напеў...
Ўзрокам як змерыць, не бачаць вочы,
Дзе бы палац забялеў.
Роўнымі стужкамі поле-нівы,
Ворыва, сеўба, жніво...
Плёны ад працы ратай руплівы
Звозіць сабе ў гумно.
Едзеш дарогай — пан не староніць —
Проста, хай курыцца пыл!
Чуе ўсё ж, чуе і добра помніць
Горкую праўду Капыль.
Помніць ён: вось канчаецца поле —
Ранай крывавай мяжа;
Там жа, там за ёю — няволя,
Панскага здзеку цяжар.
Топчуць капыты ніву-збажыну,
Рэжуць сялянскі загон.
Мараць дашчэнту знішчыць краіну,
Тую, што наша спакон.
Помніць Капыль і, поўны трывогі,
Ўголас пытае: калі
Звяжуць суцэльна шляхі-дарогі
Часткі парванай зямлі?
Покуль жа будуць з гэтым гадзіцца
Родны Слонім, Нясвіж?
Ціха, нядоўга! Можна дзівіцца —
Промін чырвоны імжыць.
Паліць ён, паліць краты-завесы,
Туліць ён... чорную быль...
Скора руку працягне на крэсы,
Грозную руку, Капыль...
Мые-мые граніцу рэчка Мажа,
Рэжа, як грунт капачы...
Час прадраканні добрыя кажа...
Хто ў іх не верыць, ждучы?
З сівых вякоў выглядае даўнасць,
Нікне на светлай мяжы...
Беражы, беражы, Капыль, дбайнасць,
Волю сваю беражы!
Мінск, 22/VII-1927