epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Чырвоны сцяг

Чырвоны Сцяг гарыць агнём,

Яго абвеяў дымам порах,

Яго мы ў землю там ваткнём,

Дзе быў твой стан, паганы вораг.

 

Яго ваткнём пад гул гармат,

Пад гукі песні баявое,

Дзе працу сваю ладзіў кат,

Дзе землю меў крывёй людскою.

 

Чырвоны Сцяг ў агні, ў дыму

Нясе з сабой канец прыгону

І кару смерцяю таму,

Хто ўзвёў яго на чын закону;

 

На тых, што меч падняў на блік

Свабоды яркай, светлай волі,

Вядзе ён ў бой ваяцкі штык

Ў руцэ спрацованай, ў мазолях.

 

Паборы знак — Чырвоны Сцяг,

Ён рэе там, дзе дымны порах,

Яго трымацьмем мы ў руках,

Пакуль не згіне скрозь наш вораг.

 

Мінск, 1921


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан