epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Да Нёмна

Эх ты, Нёман-рака!

Ці ты думаў, ці сніў,

Як слязу бедака

Ў свае воды лавіў;

Як стаяў над табой

Сын нядолі худы

І над цёмнай вадой

Спяваў песні нуды,—

Што надыдзе пара —

Знемажэнне міне,

Вызвалення пара

Над народам блісне?

Што з балючых грудзей

Беларусі дзяцей

Над табой загудзе

Песня вольных людзей?

 

Капыль, 1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан