epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Да кляніны

Бедная клянінка,

Што ты пахмурнела,

Апусціла ралы,

Лісцем пажаўцела?

 

Запрапала зелень

Свежасці вясёлай,

І стаіш панура

Над халодным долам!

 

Эй, скажы, клянінка,

Скажы, дарагая,

Што цябе за гора

Губіць і знішчае?

 

Ці благія хмары

Цёмнай грамадою

Надламалі сэрца

Бураю ліхою?

 

Ці сухія ветры

Шырокага поля

Закавалі душу

Ў дзікую няволю?

 

Ці маланкі з громам

Цябе разабілі,

Ці благія рукі

Корань падрубілі?

 

Ці сама ты з тугі,

Бедная клянінка,

Без віны завяла

Ў жыцці сірацінкай?

 

Ты скажы, клянінка,

Што ты пахмурнела,

Апусціла ралы,

Лісцем пажаўцела?

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан