epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Дарадчыкам

Вы ўсе кажаце мне,

Што маёй старане

Няма сэнсу сабе дабівацца

Лепшых шчасных дзянькоў

Для вялікіх збудоў,

Каб з краямі другімі зраўняцца;

 

Што мая старана

Ўжо не ўстане ад сна,

Які лёс на яе ўспеў накласці

І з якога не ўстаць

І не зможа паўстаць

Да святлейшае долі, да шчасця...

 

О, чакайце, браты!

На размоў ваш пусты

Вам краіна ўсячутна адкажа,

Як на шчасце, на бой

Ўміг вялікай гурбой

Яна люд свой збуджоны знаража,

 

Паглядзіце тады,

Які ён малады,

Колькі сілы магутнае мае;

І што зробіць яна,

Абудзіўшысь ад сна,

Як яе воля-свет разгайдае.

 

Не, не верце сабе!

Нам не нікнуць ў журбе,

Гледзючы на свой край доўгаспаўшы.

Дык не думайце, не,—

Што ўжо ён не ўскрасне,

Што ён мёртвы й навекі прапаўшы,

 

Сон пануе не век,—

Старана й чалавек

Так жа сама не век спачываюць,

Надыходзе чарод,

Устае край, народ,

Як вясною палі ажываюць.

 

Вось вясну перажыць

Ўсім краям належыць

Пад няўхільным прыроды прымусам.

Адным збыўся ўжо час,

Цяпер чэрга да нас...

Надыходзе вясна к беларусам!

 

1917


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан