epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

"Дружна з ахвотай..."

Дружна з ахвотай,

Гэй, за работу,

Брацця, скарэй!

 

З песняю зычнай

Ў працы прывычнай

Будзе спарней.

 

Гора з нядоляй

Не знойдуць патолі

Болей сродзь нас;

 

Весела й хутка,

Мінута ў мінутку

Сойдзе нам час.

 

Ў стуку і груку

Забудзем мы муку

Працы сваёй.

 

Шчыра і смела

Гайда да дзела

Цеснай сям’ёй.

 

Там, дзе цярпенне

Родзіць імкненне —

Стане расці

 

Семя жывое

Шчасця людскога

Ў нашым жыцці.

 

Дружна з ахвотай,

Гэй, да работы,

Брацця, скарэй!

 

Праца рупная

Хай прывітае

Нас ўсіх хутчэй...

 

Вількамір, 1912


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан