epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Гадавіна 25 кастрычніка 1917 года

Абляцеў поўны круг

Сонца вечнага ход,

Скончыў бурны свой рух

Рэвалюцыі год.

 

Струхлы выраз вякоў

Над гвалтоўным гняццём

Ў глыб бяздонны сышоў

Перад новым жыццём.

 

І на постаць зямлі,

На свабодны прастор

З неба промень злілі

Сотні, тысячы зор.

 

Закіпеў-загучэў

Абудзіцельны рух

Там, дзе ў шчылінках мрэў

Днёў канаючых дух.

 

Ў творчым віры жыцця

Ён будынак узвёў

Волі вольнай, быцця,

Ўчорых мар, ўчорых сноў.

 

Дні за днямі ішлі,

Мацавалі хадой

На свабоднай зямлі

Сацыяльны устрой.

 

І цяпер паглядзець —

Сэрца пыша агнём!

Якім гмахам расце

Маладое зярнё!

 

Па руцянай сяўбе

Прамяніся, усход!

Я вітаю цябе,

Рэвалюцыі год!

 

Масква, 1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан