epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Гарбар на вандроўцы

Прысвячаецца Цімоху Гамзе

 

Дожджык пакрапляе,

Дзень стаіць халодны,

Шпаламі шагае

Ў пуць гарбар галодны.

Ногі чуць клыпаюць

І грабуць нясмела;

Вочы пазіраюць

Сумна, асавела.

Апусцілісь рукі

Ад цяжкой утомы...

Дзе ж сканчанне мукі

Яго — невядома.

Сэрца болем рэжа,

Сэрца болем плача...

Ў зношанай адзежы

Холадна, бядача!

Косці боль ламоча,

Цяжар дацінае...

Гарбар есці хоча,

Хоча — ды не мае;

Ўчора йшчэ з астаткам

Грошы ён расстаўся:

Ў месцы на дзесятку

Ён падмацаваўся.

І пайшоў на вочы

Холадам, слатою,

Каб дайсці да ночы

Ў месца дзе другое;

Каб хаця дзе мала

Працы расстарацца:

Сэрцу б лягчэй стала,

Як ісці бадзяцца.

Але што ж, не чуюць

Людзі і не бачуць,

Як браты гаруюць

І ў нядолі плачуць.

А на крык: «работы!»

— «Ў нас няма!» — гукаюць

І ўнутру з ахвотай

Далей адсылаюць,

Не спытаўшы брата,

Ці ён есці хоча,

Ці ён знойдзе хату

Адпачыць уночы...

Вось ідзе памалу,

А куды — не знае;

З шпалы ды на шпалу

Ціханька ступае.

Падбіў ногі моцна

І стаміўся дужа;

На людзей ён злосны,

Злосны і на сцюжу.

З гораду у горад

Блукае, клыпае,

Гоніць яго холад,

Голад падганяе.

А ўслед з імі гора,

Гора следам ходзіць

І ўсяму гавора

Гарбару прашкодзіць,

Каб ён не дабіўся

Сабе лепшай долі,

Шчасця не дажыўся

Навекі ніколі.

А за што? Хто знае,

Чым ён вінаваты?

Доля, бач, такая —

Ёю ён прадаты...

 

Дожджык пакрапляе,

Па гразі хлюпоча,

Гарбара пужае,

З гарбара рагоча.

А у тахт начыне

З дажджом песню грае,—

Сэрца ад ёй стыне,

Кроўю ацякае.

Поўны весь клапотаў,

Йдзе гарбар, спяшыцца...

Дзе ж то на работу

Ён прыстаканіцца?..

 

Магілёў, 1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан