epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Гаспадар

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X


I

 

Слесар Якаў Гузік, праходзячы паўз браму завода, раптам спыніўся і паківаў галавою:

- Безгаспадарнасць, дальбог жа. Што б узяць ды падабраць, дык не. Валяецца - няхай валяецца... Пастаўлены стораж, а каб паглядзеў - куды там. Ды загадчык, напэўна, не раз бачыў - і таксама без увагі...

Якаў Гузік нагнуўся і падняў з зямлі здаровы кавалак жалеза.

Падняўшы, пачаў яго разглядаць, мераць на пядзю, вылічаць.

- Гэта ж выйдзе на некалькі ручак у плузе... Во... Цаляй пяць таўшчынёю... Які недагляд, якая нядбайнасць! Паўзавода рассей - і хоць бы што. Людзям не карціць... Мэрам бы нікому ніякае справы, - паскардзіўся ён сам сабе і рашуча крануў з месца.

- Гэта трэба сторажу пад нос паднесці... Глядзі вось... Самусь! - выгукнуў Якаў Гузік, прачыняючы варотцы ў завод.

Ніхто не аказаўся - стоража не было пры варотцах. Тады Якаў Гузік крыкнуў мацней, але зноў застаўся без адказу.

- Гэта ліха ведае што! - вылаяўся ён і выйшаў на вуліцу, каб пайсці са скаргаю на стоража ў кантору.

На вуліцы яго перапыніў каваль таго ж завода Палікар Скрынка.

- Якаў! - пазваў ён Якава Гузіка. - Стой! Ты куды?

Якаў Гузік спыніўся і паглядзеў на Палікара Скрынку.

- Бачыш, у кантору.

- Чаго?

- Свінства, дый годзе... Паглядзі во, якім жалезам кідаюцца. За брамаю падняў. А гэты, сукін сын, Самусь і нібыта той. Валяецца - няхай валяецца... Пазаву, думаю, ды пакажу во, каб на другі раз пільнаваў...

Палікар Скрынка выпучыў на Якава Гузіка вочы і насмешліва праказаў:

- Эх ты, гаспадар, гаспадар! Няўжо табе прыстае гэта клапатлівасць? Што ты думаеш гэтым выйграць? Пахвальбу?..

Якаў Гузік крута павярнуў ад Палікара Скрынкі і накіраваў да канторы завода. За ім услед паляцеў выбух заліўнога, пакатнага рогату.

- Гас-па-а-да-ар! Гас-ас-па-адар... Чча-кай крыху...

З-за дзвярэй канторы Якаў Гузік прымеціў, як Палікар Скрынка праводзіў яго мнагазначнымі кіўкамі рукі.

- Няўжо яму гэта не надаела? - здзівіўся ён і пастукаў у дзверы да загадчыка.

Дзверы аказаліся запертымі - загадчык не вярнуўся з абеду.

- Скутку не знайсці, - вылаяўся Якаў Гузік і выйшаў з канторы.

Якраз загудзела заводская сірэна. Чакаць загадчыка было нельга. Калі ён прыйдзе - ды яшчэ ці прыйдзе... А прыйдзе, то ласне яму будзе час займацца справаю аб кавалку жалеза?

«Які я цудны, аднака, - разважыў Якаў Гузік, ідучы назад да завода. - Стану аднімаць ад таварыша Фанарніка час. Ён жа выжане мяне з кабінета. Дай ты рады, уздумаў... Чалавеку столькі абавязкаў, цэлае прадпрыемства ў руках, а я... Цьфу ты, нікудышніца...»

З гэтымі развагамі Якаў Гузік падышоў да ўвахода ў завод. Ён спакойліва намерыўся ступіць у двор, як стораж знянацку хапіў яго за рукаў.

- Ты мяне шукаў, Якаў? - запытаў ён.

Якаў Гузік умомант перамяніўся ў настроі і суровым паглядам кінуў на Самуся.

- Шукаў... З-за цябе мусіў у кантору хадзіць ды назад... Думаеш, я, па-твоему, не даражу часам...

Стораж не чакаў гэтага ад Якава Гузіка і, недаўмённа вытарашчыўшы вочы, глядзеў яму ў твар.

- Так, цябе ніколі не застаць на тваім месцы... Я ўжо не кажу пра тое, каб ты хоць каліва выявіў увагі да прыўручанае табе справы.

Стораж не ведаў, што адказаць, і толькі паціскаў плячыма, мармычучы сабе пад нос.

Ён быў вельмі задаволены, калі ў адзін момант двое рабочых адгарадзілі яго ад Якава Гузіка, пацягнуўшы апошняга за сабою.

- Што ён да мяне мае? - скардзіўся цэламу дзесятку рабочых Самусь. - Без дай прычыны прычапіўся да чалавека як смала, і ні рады... Каб цябе ліха, каб цябе...

Якаў Гузік, зразумела, нічога акрэсленага не мог прад'явіць Самусю. У яго галаве злажыліся выразныя думкі наконт знойдзенага кавалка жалеза. Вынікі з гэтага можна было рабіць важкія, але на ўсё трэба падбіраць асобны час і ўдатную прычыну. Рабіць крымінал, адрываючы не ў пару ад працы людзей, - не прыстала...

Будзь то загадчык завода ці хоць бы стораж... І не нарвіся апошні на Якава Гузіка са сваім запытаннем, засталося б без лішняе гаворкі і непатрэбнае лаянкі. А то... Якаў Гузік яшчэ пры дзвярах у майстэрню падняў угару знойдзены кавалак жалеза і памахаў ім у бок Самуся. Праўда, услед гэтаму ён упічна сабе засмяяўся і праказаў да рабочых:

- Гэта мая надмерная стараннасць. Натура гэткая - не магу цярпець, калі бачу глум ці непарадак. То ж усё наша праца, нашы старанні... Калі мы іх не шанавацьмем - тады?..

Рабочыя не паспелі выявіць сабе, да чаго былі Якавіны словы, і пакінулі Якава Гузіка без адказу... Ён нездаволена кінуў поглядамі ўправа ды ўлева і пайшоў да сябе, к слясарнаму цэху.

У майстэрнях пачыналася праца: вярцеліся такарныя варштаты, бразгала начынне, шыпела тачыла. У кавальскай майстэрні хтосьці знарок надзвычай моцна ляпнуў молатам па лісту жалеза. Рэзкі ляск прайшоў па ўсяму будынку, балюча ўрэзаўшыся Якаву Гузіку ў вушы.

- Мудрагельства - не болей, - вылаяўся ён. І не паспеў дакончыць думкі, як пачуў знаёмы голас:

- Гаспадар! Гга-аспадар!

Ён паглядзеў убок і ўпёрся вачыма ў Палікара Скрынку.

- Ты зноў са сваім... - нездаволена праказаў Якаў Гузік.

- Чым скончылася ў канторы, скажы? - яхідна перабіў яго Палікар Скрынка.

Якаў Гузік маўчліва ўсміхнуўся і пайшоў далей. Спыніўшыся каля свайго варштата, ён раптам перанёсся думкамі ў нядаўняе мінулае і праказаў:

- Кпіць, і хоць бы што... А замест гэтага - прылажыў бы чалавек болей старанняў, тады... Пры ахвоце ды адданасці працы і парадак будзе і нічога не страціцца. Калі ўспомніць... Чым жа дрэнна была наладжана наша паходная майстэрня? Люба! Дагляд, парадак, чыстата... Ці ж гэта вада? «Гаспадар».

Ён яшчэ раз аглядзеў паднятае пры варотах завода жалеза і прыняўся за работу.

 

II

 

Якаў Гузік зацягнуўся ў працу да забыўнасці. У яго руках напільнік хадзіў па сталі, як смычок па струнах. Яго скрып - то былі зыкі ад струн.

Яго твар выдаваў настрой замілавання. Пагляд свяціўся здавальненнем. Каб хто за ім сачыў, то бачыў бы, як Якаў Гузік старанна вымяраў куты выпіленых шрубак, агладжваў у іх рубы, наводзіў ровень. Гатовыя - складаў памяркоўна, акуратна ў правільныя стосікі. Для яго ў часе працы не было іншага свету, апроч таго, які абымаў сабою варштат, напільнік, кавалкі сталі. Загэтым Якаў Гузік амаль што не азіраўся ў бакі, не аднімаў ні вачэй, ні ўвагі ад работы. Рэдка, мо два-тры разы ў гадзіну, яго ўзрокі траплялі на засмуглае, але асветленае сонцам акно. Кладучы гатовыя шрубкі, ён таксама зазіраў на знойдзенае жалеза, якое ляжала тут жа.

Але ні пагляд у акно, ні заўвага да жалеза не перашкаджалі яго роўным, адмераным поцягам напільніка па сталі.

«За працаю - будзь працаўніком, - разважаў ён сам з сабою. - Трэба разумець, што ты працуеш не на вецер, не ў чужую кішэню. Працуеш - гэта ствараеш. Чым лепш створыш тую ці іншую рэч, тым большую прынясеш сабе карысць. Сабе... Вось што дорага. Каб, здаецца, усім, як мне, гэта было ясна і блізка - тады... я б не знаходзіў тады за варотамі завода кінутага жалеза... «Гаспадар». Чамусьці Палікару гэта смешна... І ўшалопаў ліха ведае што! Замест таго каб лішні раз молатам стукнуць - ён пяць разоў языком ляпне... І лічыць сябе задаволеным. А там...»

Якаў Гузік нагнуўся, каб палажыць чародную шрубку, як пачуў на сваім плячы чыюсьці руку.

- Вось дык запрацаваўся - можна жывым украсці, - пачуў ён каля вуха.

То быў Яўсей, старшыня заўкома.

Гэта здзівіла Якава Гузіка.

За два гады яго працы на заводзе, калі Яўсей кіраваў заўкомам, Якаў Гузік не меў выпадку сысціся з ім ці пагутарыць. Неяк ішлося так, што ён, Якаў Гузік, аставаўся нікім не заўважаным, сам сабою, адным. А тым часам не прапускаў ніводнае сходкі, ніводнае вытворчае нарады. Нават на многіх выступаў, падаваў прапазіцыі, спрачаўся - і ўсё гэта недзе гінула, нікла. Нарэшце, мо з паўгода назад, з лёгкае рукі Палікара Скрынкі, яго пачалі пазнаваць як «гаспадара». Чаму «гаспадара»? А таму, што, ведаеце, Палікар Скрынка падлічыў, што на кожныя тры выступленні Якава Гузіка два з паловаю падаюць на гаспадарскія пытанні; а яго гутаркі агульнага характару - выключна круцяцца вакола «ўпарадкавання вытворчасці на заводзе». Яшчэ прымела Палікару Скрынку заўважыць Якавіну клапатлівасць над парадкам у заводзе: падняць кінутае жалеза, падмазаць станок, прычыніць дзверы. Усё гэта казала за яго пільную гаспадарнасць - чаму ж не даць Якаву Гузіку мянушкі «гаспадар»? Палікару Скрынку гэта было за ўцеху, калі ён гукаў Якава Гузіка, дзе трэба, а дзе не трэба, гаспадаром і паўсюдзіў гэту мянушку па заводзе і за яго сценамі. Чуў аб Якаву Гузіку як аб «гаспадару» і прадзаўком Яўсей.

Якаў Гузік не ведаў, як праламлялася ў Яўсеі значанне яго мянушкі. Ну, ніколі ж не думаў, каб так, як у Палікара Скрынкі... «А хоць бы і так», - рашыў Якаў Гузік у той момант, калі ўгледзеў перад сабою Яўсея.

Той не даў Якаву Гузіку спыніцца на гэтай думцы, як вылажыў перад ім зусім адваротнае.

- Ты знаеш, - сказаў ён Якаву Гузіку, - у мяне зарадзілася думка аб тым... як бы табе сказаць... каб гэта цябе высунуць намеснікам загадчыка нашага завода. У мяне пра цябе пыталі не раз...

Якаў Гузік вытарашчыў на Яўсея вочы і не ведаў, у чым тут справа, - у жарце ці ў іроніі. І палічыў лішнім весці далейшую гутарку на гэту тэму... Але Яўсей наступаў:

- Кадаўбец нас пакідае. А я не толькі чуў аб табе многа цікавага, а і ведаю добра сам, што ты... Думаеш, ніхто не заўважае?..

- Гаспадар? - перабіў Якаў Гузік і паглядзеў на жалеза, якое муляла яму вочы.

- Я насур'ёз, таварыш Гузік... Гэта не мяне аднаго думка, а і... Я раджу падумаць аб гэтым...

Якаў Гузік, казаць праўду, зрэдку тайком, сам-насам, дапушчаў думку аб гэтым. Але яе здзяйснення ён не спадзяваўся... У яго не было вялікіх намераў, не вытыркала жаднага імкнення да адказных пасад. І над тым, што б ён рабіў, каб гэта яму выпала што-кольвечы нечаканае ў гэтым напрамку, Якаў Гузік не гадаў.

- Я падумаю! - сказаў ён Яўсею і, калі той раптам адвярнуўся на вокліч, прыкусіў губы.

«Глядзі ты, якая трапіла да мяне смеласць. Гэта табе не жалеза падняць!»

І чамусьці да самага вечара ўжо зусім іначай ішла ў яго праца.

Напільнік хадзіў тым жа тэмпам, што і да Яўсея, а вось спору паменшала. Паменшала спору, бо Якаў Гузік адчуваў, пабольшылася ў галаве навеяных Яўсеем думак. «Намеснікам загадчыка завода! Гм... Яно не бесцікава, ды каб не было падобна да жарту! Ці ж мне калі аб гэтым прыходзілася думаць усур'ёз, дай ты рады... А тым часам... Не ведаю, адкуль гэта бярэцца», - недаўмяваў Якаў Гузік.

Ён пацепваў плячыма і падазрона пазіраў у той бок, дзе схаваўся Яўсей. Хоць бы той не чапаў яго! А то проста разварушыў Якавіна нутро, ускаламуціў жаданні... Чаго ў свеце не бывае! Стаць кіраўніком гэткага прадпрыемства, як іх завод. З пяцістама рабочых, ласне малая справа?

І ў гэтай раздуме Якава Гузіка таілася салодкая забава і трапяткая трывога. Ранейшая ўвага да свайго варштата вачавідкі пашыралася, расла і пераносілася на цэлую майстэрню і нават на ўвесь завод. Рупіла, няпрошана кратала сэрца нячыстасць акон, раскіданасць матэрыялу па праходах. Вуньдзе чамусьці свіціцца выбітая шыба, а на дварэ ён заўважаў не раз непрыбраныя кучы смецця. Нават не шчыльна прычыняюцца адна да адной форткі заводскіх варот... А аб сторажы і казаць не трэба... Каб гэта ды сапраўды выйшла так, што ён, Якаў Гузік, пападзе ў намеснікі...

Думкамі ды разважаннямі ў гэтым напрамку Якаў Гузік упёрся ў зацяжны свіст гудка... Напільнік займаздароў вываліўся з яго рук, адзенне неўпрыкмет ачулася на плячах.

Ён, дбайліва азіраючы па баках, пайшоў праўцом да дзвярэй. Мінаючы варштаты, абмацваў іх, падчышчаў; падняў з падлогі некалькі кавалачкаў дрэва і дроту. А стрэўшыся на дзядзінцы з майстрам стругальнага цэха, заўважыў:

- У нас недастае гаспадарнасці.

Майстар паківаў галавою і адказаў:

- На гэта патрэбны адпаведны чалавек...

 

III

 

Для чаго былі сказаны майстрам стругальнага цэха гэткія словы? Ці не думаў ён прайсціся па Якаву Гузіку? А мо што-кольвечы ведаў і ён ужо аб пушчаных Яўсеем думках пра намесніцтва?

Якава Гузіка гэта цікавіла і займала. Займала чым далей, тым мацней. І ўдому, калі ён прыйшоў з завода, ну проста не ішла яда ў горла... Усё вакольнае адышло на задні план. Маленькі столік у кутку цеснае каморкі прыняў выгляд чарцёжнага стала. Якаў Гузік, не адказваючы жонцы на запытанні, аблажыўся папераю і пільна штосьці на ёй крэмзаў. Крэмзаючы, вылічваў многа розных лічбаў. Задуменна меркаваў планы і, нецярпліва адрываючыся ад стала, тупаў два крокі наперад, два крокі назад па малюпаткай каморцы.

- Ты б павячэраў, а тады браўся б за гэту сваю работу, - нясмела намякала жонка. Яна мяльком закідала на Якавіны паперы ўзрокі і здзіўлена адвярталася назад: на паперы стаялі выведзеныя Якавам замыславатыя малюнкі дамоў, баштаў, дарог...

«У чым справа?» - здагадвалася кабета; яе доўга скрабла інтрыга адкрыць сакрэт сённяшніх мужавых паводзін. Жонка здагадвалася аб адным, што муж заняўся нечым сур'ёзным. І адзнанне гэтае сур'ёзнасці спыняла яе адрываць Якава ад яго думак... «А вось ён не пашкадуе паведаміць», - падумала яна. І абмылялася: Якаў Гузік не меў падстаў весці з жонкаю гутарку аб сённяшняй размове з Яўсеем. Прызнацца, калі аднесціся да гэтага сур'ёзна, то нічога акрэсленага не выявілася. Быў адзін намёк. Але намёк трапіў у каразлівае месца. Чаму? Таіцца нечага: Якаў Гузік сапраўдны гаспадар ад галавы да ногцяў на ножных пальцах. Ён нарадзіўся для працы, для гаспадарання... Згодна яго думак, стары свет рушыўся таму, што не ўсе працавалі, а з працы адных нажываліся другія. Новы ж свет акрэпне і ўзбагацее тады, калі кожны яго будаўнік будзе добрым гаспадаром. Дбайнасць у працы, шчырыя адносіны да людскога дабра, клопат за агульным, як за сваім, - вось штурхачы росквіту новага жыцця... Праўда, ён, Якаў Гузік, не мае сілы рэфарматараў і няздатны на вялікія замахі, - ну ж колькі ў яго хапае мажлівасці, ён дае жывы прыклад чулага гаспадара... Ён згодзен, што Палікар Скрынка ёмка нацэліў у точку, калі назваў яго гаспадаром. Але таксама прыйшлося б Палікару Скрынку і яму падобным згадзіцца, калі б ды... Яўсеевы словы мелі належны вынік... Згадзіцца перамяніць свае погляды на пытанне гаспадаркі...

Кавалак жалеза, які выклікае жарты, занадта цвёрды, каб растаць у смеху...

Годзе смяяцца там, дзе патрэбна сур'ёзу... Якаў Гузік заўсёды дапамінаў аб гэтым... Мажліва, каб ён меў сілу і волю, у форткі заводскіх варот не пралез бы ніводзін кавалак жалеза... Прыклады былі - паходная слясарня. Цяжкім часам, а лічылася ўзорнай на фронце. Працоўная дысцыпліна стаяла на яць... Яму здавалася не раз, што развярніся майстэрня ў завод - справа б намнога палепшылася. Якаў Гузік трымаў бы струну нацягнута... Здавалася...

Але пайшлі іншыя часы, усё перакруцілася, змянілася, і ён стаў радавым рабочым...

Радавым, непрыкметным...

І ў той час упарта ўважлівым, старанным, цяглым...

Гаспадарнасць, гаспадарнасць...

На добры лад, ён мог бы спрабануць на кіраўнічым месцы. Уся машынерыя яму вядома. І стругальнае, і кавальскае, і слясарскае, і нават сталярскае рамёслы яму не чужы. Найшоў бы сцежкі і да ладу з рабочымі... А калі б часамі і не патрапіў у чым - на другі раз паправіўся б... Падума-аць!

К адзінаццатай гадзіне Якаў Гузік узважыў свае сілы і здольнасці і вывеў, што яму пара ўзысці на вышэйшую ступеню.

Самому не вымагаць, а калі прапануюць - не ўхіляцца. Да чаго труслівасць і нявера ў свае сілы! Прэч, не ў наш век! Рабочаму не павінны быць страшнымі перашкоды на шляху яго пасування наперад. Ён не павінен супыняцца перад сумненнямі. Жыццё перадалося яго кіраванню - трымай мацней лейцы ў руках...

- Я заўтра сумею даць Яўсею пацвярджальны адказ. Думаеце - рабеце. Пастараюся ўскладзеныя на мяне надзеі апраўдаць, - заключыў Якаў Гузік і згарнуў свае «чарцяжы».

І жонцы адкрыўся:

- Прызнацца табе, Алена, мне сёння намякалі аб адміністрацыйным месцы. Прадзаўком Яўсей!

- Я бо бачу, што ты гэтак захапіўся.

- Цудная, трэба ж падумаць, пакуль даць адказ.

- Дык ты, вядома, рашыў?

- Рашыў, калі б на гэтым стала...

- А то?..

- Бывае ўсякае... Могуць і перадумаць...

- Чаму так?

- Здагадваюся... Ты думаеш, я адзін такі, якога можна... У нас, бачыш, болей за пяць соцень рабочых... Ёсць і вартнейшыя мяне... Чаму канешна, каб я?

- А бо ты не сумеў бы з другіх? Хто вельмі цяперака навукі вялікія канчае. Ведама... А ты вось пятнаццаць гадоў на рамясле.

Якаў Гузік не хацеў перад жонкаю таіць: ён чуе ў сабе здольнасць на гаспадарскае месца. І, праўду сказаць, мажліва, што падобных яму на іх заводзе не вельмі многа. Наўрад ці хто адмеціў у каго-кольвечы падобную яго дбайлівасць. Усяго, што нейкая скромнасць не дае яму высунуць сябе ў вачох адпаведных устаноў...

Іншы, на другога б!.. Выцягне язык - і, здаецца, яму мора па калені... А каб за справу ўзяцца - ломіцца, брудзіцца, тандэтуецца... А чым часам часта яго бярэ... Да прыкладу - Палікар Скрынка... «Гаспадар». Упік...

На добры лад - варта было б гэткіх Палікараў падвучыць справе гаспадарання. Гэта не ўкараціла б іх языкоў...

- Ты заўсёды маўчыш, і цябе заціраюць... - папікнула Якава Гузіка жонка.

Ён не адказаў нічога.

«У кожнага свой розум», - падумаў пра сябе.

 

IV

 

Назаўтра Якаў Гузік нёс пры сабе на завод гатовае цвёрдае рашэнне - згадзіцца на прапазіцыю Яўсея. Меркаваў самому наведаць прадзаўкома і выказаць яго так выразна, каб не было жаднага сумнення. Каб не было адыходу ні назад, ні ўбок. Не павінен жа Яўсей таіць учарашнюю гутарку. Якая б то была таварыскасць!

Але зазірнуўшы ў памяшканне заўкома, ён нікога там не застаў. Ён адлажыў на после... Прыйшло тое после - і Якаву Гузіку не ўдалося стрэцца з Яўсеем таксама... Тады заставаўся час па рабоце - і гэты зманіў яму... Як незнарок, як прымха якая, Якаў Гузік не мог сысціся з прадзаўкомам не толькі назаўтра, а і на працягу цэлага тыдня.

Адкуль браліся тыя прычыны, хто строіў тыя перашкоды - іх была процьма... Ён дзівіўся. І нарэшце ў Якава Гузіка растала ўсякая вера, знікла ахвота, апаў настрой. Дома ён не ведаў, як і што адказаць на жончыны запытанні. Некалькі разоў бязверна адкладаў з адказам на заўтра, а раз намякнуў на акрэслены тэрмін, на які быццам бы справу адлажылі. А ўжо к канцу тыдня, перад самым канцом работы, ён рашыў сазнацца жонцы, што ўсё было кламствам. Ужо нават пальцы яго рук намерыліся злажыцца ў кулак, каб магчы ўзмоцніць пачуццё разувер'я, як Яўсей знянацку прыдушыў яго ў Якавіным нутры.

- Нарэшце! - гукнуў ён на адгоне мо двух сажняў ад Якава Гузіка, калі той складаў начынне. - Вырашана! А колькі каштавала сілы... Ледзьве пераканалі... Прыходзілі з аддзелу і з раённага камітэта. Не хочам. Невялікая кучка крыкуноў... Што з яго за актывісты, крычаць... Ніколі слова людскага не пачуць... Зусім адарваўшыся ад палітычнага жыцця... І завошта яны на цябе? Палікар Скрынка, Самусь, Дзямян Рашка?.. Ты з імі меў што?

Якаў Гузік паціснуў плячыма.

- Мажліва, таму, што я люблю работу, а яны пустую гутарку. А мажліва... Ці ж здагадаешся?

- Вось і я ніяк не магу здагадацца. Упрэцца, ведаеш, каторы з іх і на ўсё горла раве: «Якава Гузіка - не варта». Але нарэшце большасць заўкома аказалася на нашым баку... А цяпер - усё пойдзе без перашкод... Ты толькі не зважай на нічога, мала што. Ёсць яшчэ гармідарцы... Гэта наша бяда, ведаеш... Але я - не патураю на іх...

Запыталі ў мяне пра кандыдата, і я зразу на цябе. Думаеш, я не ведаю, хто і як адносіцца да справы?

Ужо гудок вяшчаў аб канцы работы і вакола рабочыя пакідалі завод, а яны - Якаў Гузік з прадзаўкомам Яўсеем - рэзва абгаварвалі пытанне ўнутрызаводскага жыцця. Яўсей выкладаў шэраг дробных недахопаў: у справе пастаноўкі гаспадаркі завода, у некаторай нядбаласці адміністрацыі да патрэб рабочых, у недасканаласці працоўнай дысцыпліны з боку асобных рабочых.

Якаў Гузік шчыра выказаў сваю падзяку таварышу прадзаўкома за яго рэкамендацыю і цешыўся схожасцю паглядаў на справу адраджэння гаспадаркі і прамысловасці краіны. Якаву Гузіку не верылася, каб у Яўсеі, невядомым для яго чалавеку, таіліся аднакавыя з яго, блізкія яму думкі. Гэта асаблівасць распаляла ў ім веру ў гатовую падтрымку яго на вызначанай працы. Ды наогул увесь факт розных гутарак аб ім сведчыў аб тым, чаго ён і не чакаў. Увачавідкі расла яго вядомасць. Значыць, дарэмна ён раней думаў, што яго ніхто не ведае, ніхто не прыкмячае, апроч ліхамысных Палікараў... Жыццё - складаная рэч, у якім цяжка разабрацца. У адносінах да яго якраз гэта жыццёвая складанасць увабралася завабнаю пікантнасцю. Прасцей кажучы, жыццё яму, Якаву Гузіку, радавому слесару другога дзяржаўнага завода сельскагаспадарчых машын, наперакор усяму рэзва ўсміхнулася... Дык, калі так, чаму ж не адказаць жыццю тым жа настроем? Го! Ён валодае сіламі, ахвотаю і жаданнем да жыцця і да творчасці. Ён любіць гэту творчасць, шануе яе, адданы ёй. Чым большы яе размах - тым для Якава Гузіка цікавей. У гэтым паспеюць упэўніцца Яўсей, рабочыя, тыя, хто вызначае яго на адказную працу. Інакшым тонам гутарыцьмуць і палікары скрынкі.

Якаў Гузік уверана сказаў:

- Я рашыў паспрабаваць. На другі дзень, калі вы мне намякнулі, прыйшоў да заключэння - згадзіцца... Пасля ж, не сустракаючыся з вамі, крыху ўсумніўся... А зараз - добра... Мне думаецца, што я знайду ў сабе сілы досі...

Яны на ўвесь завод засталіся адны. Рабочыя выйшлі, усё маўчала. Толькі ўборшчык падмятаў падлогу. Ён раз-поразу азіраўся на іх, але не адважваўся перабіваць. Мала аб чым яны гутараць! Нарэшце не ўцерпеў: яму дораг час, і хто б сабе ні быў Яўсей ці Якаў Гузік, яны не павінны займаздароў выкрадаць яго, уборшчыка, час. Гэта варта дапомніць - упадабае хто ці не. І стораж гукнуў:

- Таварыш Яўсей, вы яшчэ доўга?..

- Вядома, не, - адказаў ён і развітаўся з Якавам.

Той жа паспешна адзеўся і, лёгкі, бадзёры, як ніколі, пабег да дзвярэй. У выхадзе з іх ён не мінуў выявіць перад уборшчыкам сваю гаспадарнасць, заўважыўшы:

- Ты не забудзь, Лукаш, праверыць замок.

Уборшчык усяго паспеў азірнуцца, як Якаў Гузік знік за варотамі завода. Аднак ён не застаўся без адказу.

- Глядзі-ы, які руплівы! Што б было, каб гэта зрабіў яго гаспадаром! - кінуў Лукаш удагон Якаву Гузіку.

 

V

 

Якаў Гузік тупаў па дзядзінцы завода і пільна азіраў заводскі будынак, склады машын, агароджу, вартоўню. Колькі ўсюды недахопаў, недаглядаў, вынікаў нядбалых адносін да справы. Гэта ж усё яму цяперака давядзецца папраўляць. Ох, ды працы наперадзе! Праўда, ён, Якаў Гузік, не адзін. Ёсць загадчык, на якім болей адказнасці за прадпрыемства, але і ён ад гэтага не вольны. Намеснік загадчыка - немалое званне і немалая адказнасць. Ён не толькі можа загадаць рабочаму, ён мае права зрабіць тую ці іншую заўвагу і загадчыку. А ў час, калі загадчык адсутнічае, намеснік - гаспадар. І цяпер вось Якаў Гузік у гэтым стане: загадчык паехаў у сталіцу, а ён выпаўняе яго абавязкі. Хто аб гэтым не ведае? Кожны чалавек, які мае дачыненне з заводам, у курсе справы... Якаў Гузік падмеціў, ваходзячы на заводскі дзядзінец, як спрытна стораж Самусь уступіў яму дарогу, выцягнуўшыся ў струнку. Толькі мігнулася рука да казырка шапкі... А хутка ён праканаецца аб адносінах да сябе з боку рабочых... Ці ж не цікава? Ого!

Якаў Гузік прайшоў па дзядзінцы завода, аперазаў яго абходам з надворнага боку і зазірнуў у сярэдзіну завода. Завод працаваў. Усё гуло, раўло, вярцелася. І вось, калі ён увайшоў у завод, яму здалося, што ў сугучнасць працоўнага голасу ўплёўся чулы подух задзіўлення, выказаны рабочымі. Каб пералажыў яго на словы - атрымалася б: «Ага-а, Якаў Гузі-ык!»

Поруч з гэтым да яго накіравалі сотні вачэй. З-за калаўротаў, варштатаў, з-за рамянёў і слупоў несліся к яму цікавыя погляды. Ад іх нельга было не сумецца: бач, штодня будзе тое самае. І калі ён, Якаў Гузік, сумее сябе паставіць належным чынам - тады... Вось задача, над якою трэба доўга думаць. Бо кожны пагляд - гэта выпрабоўнае мацанне... Сярод усіх іншых дзесьці хаваецца і пагляд Палікара Скрынкі, Дзямяна Рашкі і многіх ім падобных.

Якаву Гузіку не сцерпелася, каб не павярнуць вачэй да кавальскага цэха. З молатам у руках пазіраў на яго Палікар Скрынка. Што ён думае? Няхай што хоча думае, а ён з далікатнасці прывітаецца з ім, як і з усімі іншымі. Начальнічы чын не павінен дыктаваць адносінамі з таварышамі...

Якаў Гузік ціхаю хадою абышоў усе майстэрні завода, прывітаўся з рабочымі. Гаспадарскім вокам агледзеў варштаты, сталы, начынне, гатовыя рэчы. Амаль не з кожным рабочым памяняўся двума-трыма словамі. Ходзячы, падняў не на месцы пакінутыя напільнікі, малаткі, кавалачкі дроту, жалеза.

Нарэшце апынуўся ў кавальскім цэху. Падышоў да Палікара Скрынкі і запытаў яго аб ходзе працы ў гэтым цэху. Палікар Скрынка збянтэжыўся ад нечаканасці і не знайшоўся, што адказаць.

Але не паспеў Якаў Гузік зрабіць некалькі крокаў убок, як да яго дайшлі выразныя склады слова: «Гаспадар».

Якава Гузіка ўразіла, але ён не адвярнуўся. Толькі сам да сябе прамовіў:

- Калі, з аднаго боку, не трэба быць бюракратам, то, з другога - нельга весці працы без гаспадарскага аўтарытэта... Яго павінны адчуць тыя, хто не любіць працаваць...

Яшчэ, набліжыўшыся да выйсця з завода, дадаў:

- За працаю мусіш быць загартаваным гаспадаром, а не вялым абібокам...

Аднак мулкаю гарошынкаю ў сэрцы націскала прыкрае пачуццё ад Палікаравых слоў. У вошта яны вырастуць далей? Ці не пярэйме іх адзін за другім увесь кавальскі цэх? А можа, яго словы разрастуцца ў цэлыя сказы? І тады?..

- Ды што тады! - рашуча праказаў перад кантораю Якаў Гузік. - Думаючы аб гэтым, нічога не магчымеш зрабіць... А я мушу рабіць, рабіць...

Цэлая плойма бягучых пытанняў з заводскага жыцця апанавала Якавіну голаў. Ён увайшоў у кантору, сеў за сталом і пачаў абдумоўваць кожнае з іх. Рацыяналізацыя, рэжым эканоміі, паляпшэнне якасці вытворчасці спляталіся ў адзін ланцуг і радзілі агромныя планы. Завод мігаў перад Якавам Гузікам фордаўскімі прадпрыемствамі. Бясконцаю стужкаю віўся канвеер аўтаматычны, выходзілі на двор шарэнгі трактараў, жняярак, малатарань. Лес каміноў вянчаў пяціпавярховыя гмахі будынкаў... Дзесьці далёка-далёка цягнулася палоса плённае творчае працы...

- Ці можна ўвайсці? - перабіў яго знаёмы голас у прачыненыя незаўважна дзверы.

- А... калі ласка, - адказаў Якаў Гузік і адхіліўся ад стала.

Перад ім стаяў Яўсей.

- Я перашкоджу? Толькі на хвіліну, - папярэдзіў ён Якава Гузіка і пры гэтых словах сеў каля стала.

- Сядайце, - падмацаваў Якаў Гузік Яўсеева права сесці. - Нічым не замінаеш... Я яшчэ толькі што асвойваюся з працаю. Толькі што аглядаў завод, знаёміўся з працэсам працы. Прызнацца, не зусім добра ішла дагэтуль справа... Многа-многа давядзецца палажыць энергіі, пакуль паставіць на нармальны шлях. Было шмат недагляду...

- Зразумела, - згадзіўся Яўсей, - справа не лёгкая... Ну, як цябе стрэлі рабочыя?

Якаў Гузік памаўчаў. Пасля, зрабіўшы невыразную міну на твары, адказаў:

- З першага разу цяжка вызнаць настрой рабочых... Здаецца, не заўважна было непрыязнага ўражання... Хоць...

- Што хоць? - падхапіў Яўсей.

- Ды яно пустое... Палікар Скрынка правёў мяне звычайнаю лаянкаю. Напэўна, не ўпадабаў майго назначэння. Але ж ласне ўсім угодзіш? Або павінны ад капрызу ядынак цяраць агульная справа? Я трымаюся правіла... - Якаў Гузік упэўнена прайшоў па пакоі канторы. - Тады добра, калі ад гаворкі не адстае і праца, а калі язык замяняе рукі - то машына не пакруціцца... Я б прасіў, таварыш Яўсей, каб і з твайго боку гэта мелася на ўвазе...

- Мне гэтага не трэба казаць! Я сам добра разумею... Каб у мяне былі іншыя думкі, ці ж бы я, думаеш, так за цябе стаяў? Браток ты мой... Мая праца як прадзаўкома не разыдзецца з тваёю... Хіба якія-небудзь надзвычайныя здарэнні таму перашкодзяць. Праўда...

Чагосьці абодва паглядзелі ў акно.

- Праўда, - працягнуў Яўсей, - для наладжання тваіх з рабочымі адносін прыйдзецца разоў колькі выступіць перад імі. Трэба будзе зрабіць адзін-другі сход, арганізаваць вытворчую нараду... Я, прызнацца, і прыйшоў за тым, каб цябе папярэдзіць аб гэтым. Мы склікаем праз тыдзень, на суботу, вытворчую нараду; ты павінен будзеш вылажыць свае меркаванні наконт перспектыў... Га?..

Якаў Гузік мэрам бы сумеўся, але хутка ўраўнаважыўся і адказаў:

- Паколькі будзе датычыць майго погляду, я ні перад кім яго не ўтою. Добра... Склікайце... А Фанарнік таксама будзе выступаць?

- Калі прыедзе да гэтага часу, запрагом і яго... Але наўрад ці ён вернецца да суботы.

- Я думаю, павінен вярнуцца...

Яны яшчэ нейкі час пагутарылі і пад гук сірэны пакінулі кантору.

 

VI

 

Усе, хто цікавіўся дабрабытам заводскага жыцця, мог заўважыць здольную гаспадарскую руку Якава Гузіка. Яна, гэта рука, дзе ні прыкладалася, пакідала заметны след. Усіх захапіла яго дбайнасць: хоць бы на завадзь знайшоў хто на дзядзінцы закінуты кавалак жалеза, - ані. Вароты ўшчыняліся акуратна, у вокнах з'явіліся шыбы. Да агульнага шоламу шківаў, да стуку малатоў і скрыпу напільнікаў далучыўся стук сякер, абчэсваўшых дрэвы для новага будынка пад склад. Над гатовымі вырабамі распасцёрся новы брэзент, баронячы іх ад дажджу... Па майстэрнях сярод рабочых пайшлі чуткі, што Якаў Гузік атрымаў ліцэнзіі на новае абсталяванне завода. Намякалі на канвеер... Многім выразна кідалася ў вочы аднаўленне заводскага жыцця...

Але рэзкім няладам гучэлі цішком і адмоўныя да Якава Гузіка ноткі. Ён гэта заўважваў, бываючы ў заводзе ці седзячы ў канторы...

А перад вытворчаю нарадаю яму данеслі, што некаторыя з рабочых збіраюцца яго «крыць». Нават падказалі яму, мэрам бы сам загадчык, Фанарнік, мае выступіць з нягоднымі Якавінаму плану думкамі. Якаву Гузіку запрыкрала, але ён стараўся адагнаць ад сябе сумніўныя думкі. Няхай пакрытыкуюць, каму хочацца, пасля змоўкнуць. Не павінна ж так стацца, каб той, хто яго ставіў на месца, верыў больш словам, чымся дзелу. А гэта дзела, як-ніяк, ужо здабыта нагэтулькі, што хопіць супрацьпаставіць безадказнай гутарцы. Той гэта будзе адмаўляць, каго ўжо нічым не пераканаеш. А чэсны...

Якаў Гузік не хацеў працягваць гутаркі на гэту тэму, калі зайшоў у заўком да Яўсея. Ён зразу перайшоў да дзелавых пытанняў. І, пэўна, загэтым на Яўсея зрабіла моцнае ўражанне паведамленне Якава Гузіка аб узяцці новага заказу на плугі.

- Справа пасуваецца, - не сцярпеў Яўсей.

- Іначай не павінна і быць, - упэўніў Якаў Гузік.

І каб хто яго бачыў у момант выйсця ад Яўсея, - заўважыў бы, што ў Якава Гузіка пэўнасць не ў адных словах. Яна кіравала яго роўным, цвёрдым ступам, напружаным поглядам ваччу, парыўнымі рухамі рук. Якавіна постаць выглядала сталлю, ад якое адскочыць і шрот. Гэту асаблівасць адчувалі, вядома, і тыя, хто збіраўся яго абстрэльваць. І, дзякуючы гэтаму, нейкай надзвычайна выразнай асобаю выдзяляўся ў гэты дзень Якаў Гузік на фоне раз'юшанага працэсу работы... Молат у руках здаравеннага Палікара Скрынкі пры падыходзе Якава ападаў на чырвоную паласу жалеза куды мякчэй звычайнага. А рука Самуся рухлівей падляцела да казырка шапкі. На яго твары нельга было прымеціць і каліва нядбайнасці. Але што таілася ў Палікаравым ды ў Самусёвым нутры - цяжка было адгадаць. Усё ж Якаў Гузік не ўтаіў гардлівага пачуцця, калі ўгледзеў шчыльна прычыненыя вароты і падмецены двор. Як-ніяк, а яго ўплыў мае месца. «Па рабоце - няхай што-хоць, але за працаю не можа быць вышэйшых ад яе інтарэсаў. Ці ж трэба ў гэтым каго пераконваць?»

Гэтыя думкі ён выразна падкрэсліць на вытворчай нарадзе. Можа, каму і не спадабаецца - што ж парадзіш? Гэткі ўжо закон працоўнае культуры... Той, хто ўпарта не згаджацьмецца з яе вымаганнямі, няхай зоймецца «крыццём»... «Ды цікава, завошта ўсё-ткі мерацца мяне крыць? Няўжо двухтыднёвая служба намеснікам ужо кальнула каму-кольвечы ў вочы? А мо я застаранна ўзяўся праводзіць дысцыпліну? Ці наогул занадта пільнай з'яўляецца мая гаспадарнасць? Цікава!»

Якаў Гузік павольна ўхмыльнуўся, думаючы аб заўтрашнім. Што б яно вызначала? Аднак ён ніяк не чакаў таго, што паднесла яму жонка, стрэўшы яго на парозе.

- Вось маеш, - казала яна, - ты быў праў...

- У чым? - здзівіўся Якаў Гузік, вытарашчыўшы вочы на жонку. - Аб чым рэч?

- Ужо ты стаеш лішнім з тваім намесніцтвам. Толькі з паўгадзіны таму, як Сымон Кошык ліў на цябе памыі і гразіў скарпіёнамі... «Мы, - кажа, - яго ўвядом у рамкі. Гаспадар знайшоўся! Рэфарматар! Ён у нас не разгоніцца... Машынка закручана, глядзі... На нашым баку і Фанарнік, і заўком... А ты, - кажа мне і пальцам ківае, - не ганарыся так сваім станам - ненадоўга... Мы яму рыхтуем такога...»

- Што ты кажаш? - уняверыўся Якаў Гузік.

- Увесь двор, кажу табе, збегся... Такое прыстаўленне, што, ведаеш, гэтак прыкра, гэтак...

Якаў Гузік матнуў неахайна рукою, але балюча скрыгануў зубамі. «Значыць, яно нездарма, - падумаў ён, адышоўшыся к акну, - значыць, я мяшаю».

Перад ім паважнаю хадою папаўзла стужка чатырнаццаці дзён яго намесніцтва. Выпадак за выпадкам, здарэнне за здарэннем малявалі яму вобраз натужнай клапатлівасці ў гаспадаранні над заводам. Кожны крок, маленькі паварот, усякі рух, кожнае выказанае слова, нават погляд ваччу - ён праверыў, перабраў, пракрытыкаваў. І - нічога! Нічога гэткага, каб хоць за вошта можна было зачапіцца, не знайшоў. Якія былі заўвагі - усе яны мелі характар таварыскіх гутарак; нават не насілі выгляду заўваг, а больш схіляліся на параду або і на просьбу. Ніводнага ўзыску не зрабіў, намёку не даў на гэта, хоць даныя настойна таго вымагалі... Тут ужо ён уступіў сваім намерам, сваёй тактыцы і цвёрдасці дысцыплінарных вымаганняў. І, здэцца, усё абыходзілася ціха, спакойліва. Праца заўважна папоўнілася ўнёсам у яе пачуцця шчырасці. Гэтак, мэрам бы рыпеўшыя, свісцеўшыя варштаты падмазаліся алеем і рушылі мяккім, плаўкім бегам... А тым часам...

Бліснуўшы перад ім вобраз Сымона Кошыка адцягнуў зашмаргу задумаў. Якаў Гузік бачыў ускудлачаны доўгі хвост Сымонавай непашаны да работы. Каму, як не Сымону Кошыку, абвяшчаў Фанарнік публічныя выгавары: за спазненні на працу, за паломку варштата, за п'янства, нарэшце... Колькі разоў бараніў яго перад адміністрацыяй прадзаўком Яўсей? Па сваёй дабраце Яўсей браўся выправіць Сымона... І каб узяў да апытаў усіх рабочых, няведама, ці хоць каторы быў ба на Сымонавым баку... Ну, але ж... Сымон Кошык паўстае на яго, Якава Гузіка, і грозіць, грозіць... Якое ён мае права на гэта?

Мімавольна аднялася ад падлогі Якавіна нага і грузна апусцілася назад: па пакоі пранёсся гулкі стук.

- Што з табою? - запытала Якава жонка.

- Нічога, давай абедаць...

 

VII

 

Вялікая, прыбраная ў плакаты і партрэты зала заводскага клуба ўжо гадзіну ўпускала ў сябе рабочых. Яны сцякаліся ў яе непарыўным касніком. Усё большы лік чорных палосак украпляўся ў белыя рады доўгіх лавак. Часцей мітусілася чырвоная заслона над нелапою сцэнаю. Выразнымі буйнымі літарамі зазывалі аншлагі: «Павялічвай вытворчасць працы!», «Паднімай якасць прадукцыі!». Кожны прачытваў надпісы. Але дапамінак, які яны давалі, тут жа тануў у рэзвых спрэчках аб іншых пытаннях. У напушчаным ад цыгар дыму бляднела выразнасць літараў і разбягаўся іх сэнс. Адчувалася агульнае хаценне - хутчэй пачаць нараду. Руплівыя бегалі на сцэну, вярталіся назад, штосьці паведамлялі другім... Ужо мінула гадзіна пасля прыўрочанага часу, а паседжанне не адчынялася. Якаў Гузік усякся думаў аб прычынах гэтага. Ён чула прыслухоўваўся да кожнага слова, якое гучэла каля яго. Яму здавалася, нібы многіх увага звернута ў яго бок. Прынамсі, ён падмеціў гэта не раз. Вунь, справа ад яго, у кутку, Палікар Скрынка згуртаваў грамадку з некалькіх чалавек. Стаіць гоман, рогат, ідзе аглядка ў бакі. А воньдзе дырыгуе рукамі перад трыма рабочымі Сымон Кошык... Няцяжка здагадацца, што гэта рэпетыцыя перадстаячых выступленняў. Напэўна... Трэба мець на воку, іначай...

Але ў Якава Гузіка сабрана досыць пораху, каб адстрэліцца па ўсіх бакох. Ён падгатаваўся да ўсякіх нечаканасцей. Няведама, як далей, а пакуль у яго слабага месца няма. Няма - ён выпрабаваў сябе, праверыў... Вось няхай адно...

Якаў Гузік намерыўся яшчэ раз прааналізаваць сваю нядоўгую працу і паводзіны, свой пабудаваны на наступнае план, але быў спынены датыкненнем чыесьці рукі.

- Гатуешся? - запытаў падышоўшы.

- Ах, гэта ты, Лазар? - адказаў Якаў Гузік. - Я гатовы! - дадаў ён.

Лазар, майстар слясарнага цэха, сярэдняга росту мужчына, бландын, з мілавідным тварам, прысеў побач Якава Гузіка.

- Гатуйся, а то будуць крыць! Цэлая шайка сабралася...

- Завошта, цікава, скажы мне? - запытаў Якаў Гузік.

- Або я ведаю... або хто ведае... або яны самі ведаюць?.. - паціснуў плячыма Лазар. - У многіх жа так - дзе ўпускаюць рукі ці розум, там выручае язык... Нездарма ж кажуць, што язык без касцей... Так і гэта...

Лазар нахіліўся да Якава Гузіка, каб казаць яму далей, але раптоўна званок яго перабіў.

Калі яны з Якавам паднялі вочы, шарганулі вяроўкі і заслона агаліла сцэну. Усе мігам змоўклі, гледзячы на пастаўлены сярод сцэны столік, за якім стаяў Яўсей.

- Прашу супакоіцца, - праказаў ён і яшчэ раз пазваніў.

У залі зрабілася зусім ціха.

- Каб весці наш сход, трэба выбраць прэзідыум. Каго? - падаў ён са сцэны.

- Кавадлу! Сурэшку! Скрынку! Садовіча!..

Дзесяткі выклікаў, мацнейшых і цішэйшых, танчэйшых і грубейшых, градам па даху, лінулі да Яўсея. А следам некалькі чалавек, у тым ліку і Якаў Гузік, накіравалі вузкімі праходамі к сцэне. І не паспелі яшчэ ўсе ўладувацца каля стала, як Яўсей агаласіў:

- Слова для даклада аб перспектывах гаспадарчага стану завода мае таварыш Гузік.

Відаць было, што для Якава гэта сталася перадчасным, бо ён раптоўна ўзняўся з крэсла і паглядзеў на Яўсея. Той нешта яму сказаў і сеў...

Праз момант ужо Якаў Гузік стаяў з правага боку стала, на адкрытай сцэне і выкладаў сваю праграму працы і планаў. Ён гаварыў павольна, з націскам на частых словах, пераказваючы некаторыя сказы двойчы. Раз-поразу ён зазіраў у большыя ды меншыя паперачкі, якіх цэлы жмак трымаў у руках і ўсё яшчэ дабаўляў з кішэні. Прыводзіў шэраг лічбаў...

Гутарачы, не мінаў акідаць паглядам залу. І заўважаў, што яго пільна, старанна слухаюць. Сотні вачэй накіраваны праўцом яму ў твар. Ловіцца кожнае яго слова. Кожны падкрэслены ім сказ выклікае прыметныя калыханні ўсяе залы. Гэта надавала яму настрою, хэнці, захаплення. Ён нядбайна прапускаў без увагі рэдкія выгукі супроць яго, што іх кідалі дзесьці з задніх лавак і налева ад яго - з пярэдніх. Ён адчуваў, што яго прамова мае значны ўплыў на рабочых і акрэслівае іх пэўны настрой. Апошні наўрад ці спрыяцьме яго непрыхільнікам!.. Ужо відаць - гэта...

Захоплены прамоваю, Якаў Гузік не пачуў, як Яўсей падаў папераджальны званок. Тады бліжэйшы да яго, рагавы сябра прэзідыума, тузануў яго за рукаў.

- Ужо тэрмін? - запытаў Якаў Гузік у Яўсея, перарваўшы казанне.

- Акурат, нават пяць хвілін болей...

- Дык я канчаю... - абярнуўся ён да залы. - Значыць, пераказваю, нам патрэбны, паперш усяго, старанныя, уважлівыя, дбайныя адносіны да працы. Гэта асноўнае. Без гэтага немагчыма наладзіць ніводнага прадпрыемства, без гэтага нельга чакаць развіцця прамысловасці, нельга пабудаваць сацыялізма. Без гэтага не разаўецца і наш завод. Глядзець на справу, як на чужую, адносіцца да яе, як да казёншчыны, - гэта самы большы вораг сацыялістычнага будаўніцтва.

Сказаўшы гэта, Якаў Гузік павярнуў к сталу. За ім панясліся гучныя воплескі.

- Хто мае запытанні? - пераняў іх Яўсей выкрыкам да сходу. - Падавайце на запісках... А таварыш Гузік, - абярнуўся ён да Якава, - зараз адкажа?

- Ці не было б лепей злучыць у адно і адказы на запытанні і заключнае слова? - запытаў Якаў Гузік.

Яўсей перапытаў сход - усе згадзіліся на Якавіну прапазіцыю.

- Дык зробім перапынак, пакуль таварышы пададуць свае запытанні, а тады...

Раптоўна прайшоўшым гулам сход кампенсаваў і гэту Яўсееву прапазіцыю.

 

VIII

 

Пасля перапынку пайшлі спрэчкі. Адзін за другім выходзілі на сцэну прамоўцы і на ўсе лады абгаварвалі Якавіну прамову. Яго імя вярцелася і перавёртвалася на ўсе лады. Яго думкі і планы перастаўляліся з месца на месца, папаўняліся, крытыкаваліся. З першага погляду ладзілася гэтак, нібы кожны сказ новага прамоўцы быў пажаданым дадаткам да яго плана. І Якаў Гузік са здавальненнем, з самаўцехаю выслухаў каля пяці чалавек. Але раптам тон абгаварэння змяніўся. На сцэну выйшаў Палікар Скрынка.

- Мы не павінны спыняцца на Гузікавым плане, - пачаў ён сваё слова. - Якаў Гузік мала чым сябе зарэкамендаваў, каб мы маглі паверыць у рэальнасць яго вылічэнняў... Болей таго, мінулыя два тыдні яго работы паказалі, што нашаму заводу нельга пакладаць надзей на новага гаспадара... Адна рэч - падняць з зямлі жалеза, а другая...

Якаў Гузік нервова закоўзаўся па крэсле.

«Гэта ж жывая, злосная напрасліна, брахня, гэта безадказная балбатня», - праказаў ён сам сабе. Палікар Скрынка вынес сваю беспадстаўную варожасць і труціць ёю здаровыя сэрцы! Няўжо гэта нікому не карціць? І чаму-такі Яўсей дазваляе разводзіць атрутлівую дэмагогію? Няўжо і ён паспеў зняверыцца ў Якаве Гузіку? «Калі чаго добрага, дык я сам...»

Перад Якавінымі вачыма мігнуўся на змену Палікару Скрынку Сымон Кошык. Тыя самыя словы, што кідаўся імі Скрынка, паляцелі і з вуснаў Кошыка. Іх нельга было чуць без вострага хвалявання, без злосці і суму...

І Якаў Гузік дэманстрацыйна сышоў са сцэны. Ён прытуліўся ў цёмным праходзе за грудаю дэкарацый і прачакаў, пакуль скончыліся спрэчкі... Ён выйшаў назад на сцэну тады, калі апошні прамоўца канчаў сваё слова. Якраз яно было прысвечана ў яго абарону. Лазар, які гэта слова трымаў, рашуча і востра накідаўся на «безадказных балбатуноў», агаляючы іх беспадстаўнасць.

Гэта Якава Гузіка некалькі ўзбадзёрыла, прыдало яму смеласці. І калі праз пару хвілін ён узяў апошняе слова - дасталося ад яго кожнаму па заслугах. Замоўкшая зала лавіла слова ў слова Якавін адказ на напады. Было вачавідкі, што сімпатыі цалкам на яго баку. І цікава, дзе ж прытуліліся яго крытыкі? Няўжо ім усяго і трэба было, каб лішні раз укалоць Якавіна нутро?

- Як і ў дакладзе, - заключыў свой адказ Якаў Гузік, - я стаю на адным: з Палікаравым языком мы далёка не зойдзем. Тыя, хто з ім, не ёсць творцамі гаспадаркі. Іх час прайшоў. Зараз час людзей справы, работы, людзей шчырае, свядомае працы, а не пустых балбатуноў.

Якаў Гузік не спадзяваўся, што ў яго маецца гэтулькі пэнту і натхнення, якімі аддалі яго апошнія словы.

Тыдні два-тры назад ніхто б не мог чакаць ад яго падобнага красамоўства. А сёння - сёння выяснілася, што ў Якаву Гузіку хаваюцца незвычайныя здольнасці прамоўцы. Ён можа дзе трэба сказаць, і сказаць не абы-як. Нават зацікавіўся яго выступленнем увесь прэзідыум. Яўсей - дык той быў поўнасцю ўсцешаны. Ён задаволена сказаў свайму суседу: «Маладзец Якаў, абрэзаў языкі каму след».

Але самому Якаву Гузіку было не па сабе. Нарада пакінула нецікавае ўражанне... На сэрцы застаўся прыкры асадак ад чутага і бачанага. Яму не хацелася верыць, што ўсё рабілася само сабою, без усякіх хітрыкаў. Ён сам заўважаў на Яўсеевым твары хітрую ўхмылку, калі прачытваў ліхамысныя запіскі. Міжвольна думалася Якаву: «Назнарок выцягнуў Яўсей мяне на абгавор сходу. Бо ці можна ў два тыдні сказаць што-кольвечы аб праробленай рабоце?»

З гэтым настроем Якаў Гузік кінуў сцэну і прэзідыум. У праходзе да выйсця ён пачуў гутарку аб рэзалюцыі па дакладзе, але не спыніўся. Перад яго ваччу міганула з дзесятак рук і знікла за форткаю ўшчыненых дзвярэй. Наступнае глядзела на яго поўнай невыразнасцю. Як жа далей разгортваць працу? «Заставацца простым выканаўцам Фанарнікавых загадаў, і толькі? А думкі, намеры, хэнць і жаданне запраторыць у нутро? І на другой нарадзе падпасці абстрэлу за бясчыннасць? Не! лепей вярнуцца да варштата і адзначаць, што ты нешта творыш... Тады няхай мне скажуць, чаму яны мяне адрывалі ад яго? Навошта ламалі роўную хаду майго жыцця?.. Незразумела... - Якаў Гузік спыніўся перад сходамі. - Ды што я? Трусіць перад кучкаю безадказных балбатуноў? Масы рабочых за мяне. Не было б таго, ці гэтак бы слухалі маю прамову! Ці пляснула б мне хоць адна рука! Дарма! Я не дазволю перад кожным каменьчыкам сыходзіць убок. Гэта будзе не праца, не творчасць, а ломка, знішчэнне».

Якаў Гузік заварачваў на вуліцу, калі з адчыненага акна клуба пачуў заключныя воплескі. Чаму і што яны?

- Нецікава; яны справы не паправяць, - праказаў ён і накіраваў дамоў.

 

IX

 

Якавіна рука кратала закрутку брамы, калі над яго вухам празычэла:

- Таварыш Гузік?

Ён збянтэжана адхіліўся і ўгледзеў перад сабою Яўсея.

- Чаго ты ўзлаваў і не дачакаў да канца нарады? - запытаў ён Якава Гузіка.

Той хвіліну памаўчаў, пасля адказаў:

- А чым канец цікавей пачатку?

- То-та і ёсць, што цікавей... І вось чаму... Ха-ха-ха! - Яўсей весела смяяўся. - Пакрылі, ведаеш, на ўсе сто процантаў і так... Ужо не пасмеюць другі раз... Ты думаеш, дрэнна, што мы зрабілі нараду, - ніколі. Гэта навука брахуном... Будзеш бачыць... Давай пройдзем на хвіліну...

Яны рушылі з месца.

- Усё ж мне здаецца, - пачаў на хаду Якаў Гузік, - што... гэтым іх не правучыш... Мне здаецца, тут павінна падыходзіць з іншага боку... Кожнаму, хто мае здольнасць і стараннасць да працы, павінна быць забяспечана поўная мажлівасць гэтага. Мне здаецца, што мы занадта многа гаворым... Ці не пара было б пільней узяцца за працу...

- Чакай, чакай, - пераняў яго Яўсей. - Ты перагінаеш палку... Мы супольна будуем сацыялізм... А таму ўсе як адзін мусім быць у курсе гэтага будаўніцтва. Нельга абсякаць рабочую ініцыятыву... Толькі...

- Толькі няможна таксама збіваць з дарогі наладжанае працы... Мне здаецца, што вельмі шкодна ўпоперак рэальнай ініцыятыве ставіць дзесяткі неправераных доказаў... Вось сённяшняя нарада выразна паказала, куды б мы зайшлі, каб згадзіліся з Палікарам Скрынкаю або Сымонам Кошыкам... Удумайся адно, як ён становіць сваё пытанне... Па-ягонаму, выходзіць, што мы не павінны мець жаданага рэжыму на прадпрыемстве. Кожны, як захоча, гэтак мусіць рабіць. Што ж тады выйдзе? Да чаго мы дойдзем?

- Я згодзен, таварыш Гузік, з тым, што нам яшчэ шмат давядзецца папрацаваць над выхаваннем культурных адносін да працы... Нам у гэтым напрамку стаяць агромністыя задачы... Але браць пад сумненне ўсіх і ўсё і апускаць рукі...

- Так, цяжка падняцца рукам, па якіх б'юць кіем... Я з вялікім натхненнем ішоў на гэту працу, я з усёй шчырасцю ёй аддаюся, не даражу здароўем і часам, абы ляпей наладзіць вытворчасць, шырэй разгарнуць прадпрыемства, удасканаліць абсталяванне, а мне кідаюць мянушкаю... «гаспадар»... Ты толькі ўдумайся ў сэнс і вымову гэтага слова... З якою агідаю ў твары выказвае яго Палікар Скрынка ды яго сябры... «Гаспадар» - гэта перашкода гультайству, нядбаласці, абыякасці ў адносінах да працы. А па-іхняму - таго не павінна быць... Ці ж можна дазволіць сабе дайсці да гэткае апушчэльнасці? Дбалае гаспадаранне, бачыш ты, зычыць дакорам, іроніяй... Н-не, не...

Якаў Гузік рашуча замахаў рукою і больш пэўна пачаў адбіваць крокі. Яўсей не меў чым яму супярэчыць. Абодва нейкі час памаўчалі. Але кожны адчуваў патрэбу далейшае гутаркі. Зачэпленае імі пытанне інтрыгавала абодвух. Без поўнага яго высвятлення нельга і кроку ступіць у справе гаспадарання над заводам. Загінаючы за рог вуглавога дома, і Якаў Гузік, і Яўсей, як згаварыўшыся, у адно слова праказалі:

- Мы павінны...

Атрымалася нечаканым і смешным.

- Кажы, ну, - падаў Яўсей.

- Кажы ты, - перадаваў яму пяршынства Якаў Гузік.

Аднак ніводзін не паспеў вымавіць і аднаго сказа, як да іх данёсся рэзкі гоман з процілеглага боку вуліцы. Яны настаражыліся.

- Палікараў голас, - шапнуў Якаў Гузік Яўсею.

- Няўжо?

- Я табе кажу... Во, чуеш. - Яны прытуліліся да шэрае сцяны будынка і сталі прыслухвацца.

- Вось зараз ён пачухае тылак, - казаў Палікар Скрынка дваім сваім спадарожнікам. - Яму гэта гаспадаранне вомегам вылезе. Знайшоўся!.. З гразі ды ў князі... Гэта табе, галубчык, не бывалашняе... Трэба забыць...

- Не, ты яго, Палікар, па-мастацку пакрыў... Паглядзі, ажно не ўстоіў і сышоў са сцэны... Го-го-о! Міла было глядзець... Абіў усю пахвальбу... - падхвальваў Палікара Скрынку чыйсьці голас.

- Я яму вольна дыхнуць не дам... Не я буду, калі не выжыву яго з завода... Не пасобіць нічога і Яўсей...

- Зазнаўся, сукін сын... Ты паглядзі, пройдзе майстэрнямі, дык як стары гаспадар... Жыла!.. Вось і заўчора - падыходзіць да мяне і зразу: «У вас недагледжаны варштат», і бярэ, ведаеш, анучку ды пачынае пры ўсіх падчышчаць... Ласне гэта таварыскія адносіны да нашага брата - рабочага. А запытай Самуся, штодзень, сукін сын, падсочвае за кожным, ці не спазніўся на хвіліну-другую...

- Начальству падлагодніваецца... Без мыла лезе... Го, цяпер пайшоў народ!..

- Праўду, Палікар, кажаш - трэба гадаў асякаць... Няможна даваць зазнавацца... Барані Божа...

- Не зазнаецца... Калі не паможа словам, дык...

Далейшыя словы гутаркі скраў раптоўны стук брамы ў суседнім доме.

Якаў Гузік парыўна адхіліўся ад сцяны і намерыўся ісці ўслед знікшым Палікару з падарожнікамі. Яўсей яго перапыніў:

- Куды ты?

- Цікава даслухаць... Ці чуў ты? Вось, браток, і разгортвай работу!.. Ах! Ты ведаеш...

Яўсей узяў Якава Гузіка пад руку і завярнуў назад...

- Ці ж варта прыслухвацца да таго, што шэпчацца па куткох, украдкам, з боку людзей... Я табе кажу, што падобныя людзі не ў моцы выйсці з рамак балбатуноў...

- Няпраўда, Яўсей... Наша нарада паказала... што мы не можам або не хочам падтрымаць на належнай вышыні аўтарытэту тых, каму даручаем адказную працу... Праз гэта многае губіцца...

- Недаверак, скажу табе... Якаў... кінь... Табе даверылі - трымай...

Яны параўняліся з дваром Якавінай кватэры. Якаў Гузік прасунуў руку за зашчапкаю.

- Ды я... не паддамся пустой дэмагогіі... Я не сыду займаздароў са шляху творчае працы... Намеснікам, загадчыкам ці каля варштата - я роўна шчыры работнік... І мяне не любіць той, хто не ўмее і не хоча працаваць...

Стукнула зашчапка, і дзверцы, як на спружынах, адскочылі ад вушака.

Якаў Гузік працягнуў Яўсею руку.

- Ваша ўстанова павінна быць на маім баку.

- Якаў... ці ж можа фабзаўком ісці супроціў уздыму нашае вытворчасці?

- Мне здаецца, ні ў якім чыне... Ён не мае права...

 

X

 

- Я чуў, таварыш Гузік, што ў вас тут гібель непаразуменняў? - перайшоў Фанарнік да дзелавое гутаркі...

Якаў Гузік павярнуўся да адчыненага акна і праказаў:

- Ёсць... Няма чаго хаваць...

- У чым жа справа? Вы хіба не патрапілі?

- Так, - хапіўся Якаў Гузік за Фанарнікаў сказ, - не патрапіў... Я мерыўся ў адно, а пацэліў у іншае...

- Як гэта?

- Ды так... Я паспрабаваў крыху націснуць на нашу нядбайнасць, як атрымаў адбой... Не падабаецца некаторым...

- А ласне на нашым заводзе гэта наглядалася?

- Таварыш Фанарнік, вы хіба не бывалі ў нашых майстэрнях?..

- Вы за мяне...

Фанарнік пачырванеў і рушыў з-за стала...

- Вас не было, і, безумоўна, я мусіў за вас...

- Так, гм... ці надоўга... - У скрыжаваным тупанні па канторы Фанарнік знянацку наткнуўся на Якава Гузіка.

Абодва папрасілі адзін у другога прабачэння і разышліся на значны адгон...

- Я не ведаю, чым я вам замінаю?.. - праказаў Якаў Гузік і азірнуўся да дзвярэй.

У гэты момант у кантору ўбег майстар слясарнай Лазар.

- Я болей не магу так... Гэта чысты крымінал... Як назнарок... Учора зламалі варштат, дык даў выгавар. А сёння прыходзяць з эркаі і абвінавачваюць у грубых адносінах да рабочых... Я пытаю ў вас аднаго, таварыш Фанарнік, ці мы павінны ламаць машыны з падзякаю, ці нам... Я болей не магу так; я прашу зняць з мяне абавязкі загадчыка майстэрні...

Фанарнік крыху памаўчаў, пасля адвярнуўся да Якава Гузіка і праказаў:

- Пайдзеце з таварышам Лазарам і выясніце, у чым рэч...

- Давайце ўсе разам пойдзем, - пазваў Фанарніка Якаў Гузік.

Фанарнік падняў вочы ўгору, паглядзеў крыху на замусленую люстру пад столлю і адказаў:

- Я маю больш важныя справы, таварыш Гузік. Мне да нядзелі трэба прадставіць падрабязны план перспектыўнага развіцця нашага завода... Я буду прасіць вас...

- Але ж вы ўжо болей трох тыдняў, як не былі ў заводзе... Я хоць пакажу вам тое, што ў вашу адсутнасць завёў... Ці ўхваліце вы, ці, можа...

- Я згодзен з усімі вашымі новаўводамі, але ж павінны зразумець, што на мне ляжыць...

Фанарнік нервова падбег да пісьменнага стала, адчыніў шуфлядку і пачаў выцягваць з яе кіпы папер. Яго вочы пугліва бегалі па дробным шрыфту зялёных і сініх літар, па няроўных радкох рукапісаў. У тоўстых мазалістых руках камячыліся дакладныя запіскі, праекты, планы, разважанні... Па ўсцішанай канторы хадзіў раз'юшаны шам і шорпат папяровых лістоў.

Якаў Гузік спадылба сачыў за ўсім гэтым, несупынна прапускаючы тварам нецярплівую ўхмылку. Побач яго стаяў Лазар. Гэты натужна чакаў, чым кончыцца цягучая, густая маўклівасць, і азіраўся ў акно. Ён перапалохаўся, калі раптам Якаў Гузік мерскануў яго за полу і пацягнуў да выйсця.

- Вось табе прыклад увагі, - праказаў ён да Лазара за дзвярыма. - А пасля скажа, што без яго я не мусіў...

Лазар згодліва паківаў галавою.

- Я разумею, таварыш Якаў, што табе вельмі цяжка ў гэтых умовах працаваць... Толькі скажу адно - цябе рабочыя паважаюць... Я пераканаўся цвёрда. Бачыш, як праводзілі тваю прамову на нарадзе? Як прагліва лавілі кожны сказ твайго заключнага слова?.. Ды ў заводзе можна чуць шчырыя, спагадлівыя водгукі аб тваім кіраўніцтве. Не патурай на адзінкавыя выступленні. Гэта выключнасць. Гэта болькі, якія лёгка загояцца самі сабою. Зусім іншае са мною. Мне трэба пакінуць слясарную... Я не магу далей.

- На гэтыя болькі трэба добрага хірурга, таварыш Лазар, - не згадзіўся Якаў Гузік. - Пакуль яны загояцца, многа крыві атруцяць... Глядзі вось, ці гэта лад, каб сярод работы майстар пакідаў майстэрню і бег прасіць дапамогі?.. Ласне можна ўносіць падобныя перабоі ў працы?..

Абое да таго захапіліся гутаркаю, што не заўважылі, як падышлі да варот завода. Угледзеўшы іх здалёк, Самусь адчыніў дзверы і стаяў навыцяжку. Лазар паглядзеў на яго і штурхануў Якава Гузіка.

- З якога гэта часу? - шапнуў ён.

- Гэта?..

Якаў Гузік абарваў сказ на слове: ім перагарадзіў дарогу прадзаўкома Яўсей.

- Ідзяце?.. А я накіраваў па вас... Дзе таварыш Фанарнік? - Сухасць у яго голасе зацікавіла Якава.

- Чаго ты па нас?

- Рабочыя прасілі; яны самахоць наладзілі сходку і хочуць акрэсліць да вас свае адносіны.

Для Якава Гузіка Яўсеева паведамленне было нечаканым. Яго заінтрыгаваў і ў той жа момант нашарохаў сход рабочых. «Што б то было?» - кальнула думка. І, падганяны ёю, Якаў Гузік хутка зашагаў да завода. Лазар пайшоў за ім, а Яўсей заднім...

Яны былі каля дзвярэй у завод, як на дзядзінцы паказаўся Фанарнік. Учатырох, адзін за другім, яны ўвайшлі ў майстэрню завода і кучкаю згрудзіліся ў праходзе паміж фрэзеровачнай і сталярнай. Прайсці ўглыб было нельга: перад імі тоўпіўся мітынг, слухаючы імправізаванага прамоўцу. Стоячы на сталярным варштаце, з гэблем у руках, прамоўца гукаў:

- Я сведчу ад усяго нашага цэха, што Якаў Гузік - найлепшы таварыш. Ён ні разу не пераступіў мяжы таварыскіх адносін... Нам трэба раз назаўсёды сказаць - досі тузаць нашу адміністрацыю за няма нішто. Паводзіны некаторых з нашых таварышаў павінны быць знішчаны... Што гэта - служба агульнай справе ці дзяльба чужога?

Яшчэ не сціхлі з боку рабочых гукі адабрэння яго словам, як чарговы прамоўца з тымі ж палкасцю і рашучасцю бараніў Лазара:

- Ніхто не скажа без задняй думкі, што Лазар - дрэнны гаспадар. Ніхто, за выключэннем рэдкіх ядынак, не паскардзіцца на яго адносіны да нас. Трэба адкрыта сказаць, што таварыш Лазар дрэнны майстар для дрэнных рабочых. Нельга папускаць разбазыранасці ў часе працы. Няможна патураць дураслівасці... Вы, таварыш з рабоча-сялянскае інспекцыі, так і запішэце... Мы ні ў чым не вінавацім ні Якава Гузіка, ні Лазара Стукалкі.

Апошнія словы прамоўцы зліліся ў гучных воплесках сходу, які, сцяною павярнуўшыся да месца, дзе стаялі Якаў Гузік, Фанарнік, Яўсей і Лазар, гукалі «брава»...

- Я вельмі рад, таварышы рабочыя, што вы... - зрабіўшы два крокі наперад, загаварыў расхваляваным голасам Якаў Гузік... - У мяне не хапае падзякі, якую я мушу вам падаць за вашу ўвагу... не да мяне, не да Лазара, а да тэй працы, да тае справы, на якую мы разам з вамі пастаўлены. Я веру...

Гучны, урачысты свіст сірэны падхапіў яго словы і панёс далёка-высока па-за сцены завода.

 

1928


1927?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая