epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Годзе!

Доўга гнулі свае спіны,

Доўга пот мы свой лілі

Ля фабрычнае машыны

І ля панскае зямлі.

 

Паднявольна мы маўчалі

Паслухмянымі ўсягды,

Другіх вечна збагачалі,

Не вылазячы з бяды.

 

Доўга-доўга, але потым

Гром свабоды абудзіў

Нас ад цяжарнае слоты

І да бойкі даў прызыў.

 

Сіла спаўшая паўстала,

Волі промень стаў міргаць,

І сям’я працоўных стала

Жыццем краю кіраваць...

 

Гэй, дарогу! Ўзрокі ўгору!

Сіле творчай вольны ход!

Хто дагэтуль жыў ў пакоры,

Хто для іншых ліў свой пот,—

 

Прыйшоў жыцця адбудову

Неадкладную рабіць!

Устрой вольны, устрой новы

Пад фундамент залажыць!

 

Дзе ліліся пот з крывёю,

Дзе стаяў працоўных стогн,

Над свабоднаю зямлёю

Пераможны ўдарыў звон.

 

Свет адчынен людзям новым,

Будаўнічым маладым,—

Для вялікае будовы

Жыцце шлях адкрыла ім!

 

30/Х-1918


30.10.1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан