epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Я хацеў бы...

Я хацеў бы, здэцца,

Ў несціханай спрэчцы

Неразрыўна зліцца

З тымі, хто век біцца

Маюць за свабоду

Беднага народу,

За зямлю, за волю,

За шчасную долю...

 

Я б хацеў без змогі

Йсці да перамогі

У агні паўстання

Проціў панавання

На зямлі закону

Гвалтаў ды прыгону

Над працоўным людам

Вокала і ўсюды.

 

Я хацеў бы гартам

Ў бойцы той упартай

Ў камень змацавацца,

Каб не зруйнавацца,

Ў змове несціханай

З воражным мне станам,

Што ў ахове ўласці

Свае, ён не здасца

Доўгімі часамі...

 

Й будзе адбівацца

Куляй ды зубамі

Да астатняй хвілі,

Да апошніх сілаў.

 

Я хацеў бы бачыць,

Як агонь адзначыць

Промінам чырвоным

Час вялікі скону

Гвалтаў і прыгону

Ў жыцці чалавечым...

 

Я б хацеў дажыці,

Каб гардліва выйсці

Волі насустрэчу

Перад яе ўходам,

Жыць вавек з народам

У свяжыстай руні

Вечнае Камуны!..

 

Мінск, 1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан