epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Я хацеў бы пяяць...

Я хацеў бы пяяць,

Як пяе

Цёмны бор непагодаю,

Каб вакол абуджаць

Зыкам песні свае,

Хто ні кінуў шчэ спаць

Пад нядоляй-нягодаю.

Я хацеў бы палаць,

Як палае

Бліскавіца між хмарамі,

Каб агні запаляць,

Дзе шчэ цемра вітае

Над зямлёй, над абшарамі.

Я хацеў бы гусці,

Як гудзе

Вецер буры-навалы узнятае.

Каб нашчэнт разнясці

Па лясох, па вадзе

Панства долі-нядолі заклятае.

Я хацеў бы ўладаць

Хоць бы мігам адным

Непакорнай, магутнаю сілаю,

Каб змагчы, зруйнаваць

Ўсё ліхое вакол

І ўжыць шчасце над гэтай магілаю.

 

Харкаў, 1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан