Я далёка цяпер ад цябе,
Я далёка, далёка — ў чужыне;
І так сэрца няшчаснае стыне,
Што далёка цяпер ад цябе!
Я няведамай сіле падданы,
Ля таго неразлучны з табой,
І жыву я табою душой,
Ўсё няведамай сіле падданы.
Нібы ветрык паважна шуміць
І на волю з сабой завабляе...
Вобраз твой прада мной вырастае
І гавора, як ветрык шуміць.
А хоць сэрца пытае падчас:
Ці не кіне той ветрык шумеці,
Ці захочаш мяне мілым меці,
Верна сэрца пытае падчас,—
Я стараюся думаць адно,
Што няведамай сіле падданы:
Мы з табою навекі звянчаны...
Я стараюся думаць адно.
1912