epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Я люблю...

Я люблю, калі небны абшар,

Неспадзевана ўсім, нечакана,

Убярэцца ў адзежыну хмар,

Буйным ветрам здалёку нагнаных;

 

Калі гром над зямлёй прагрыміць,

Аж навокал зямля скалыхнецца,

Ды маланка агнём пачне неба паліць,

Аж яно на кавалачкі рвецца;

 

Калі вецер свой ўзвей завядзе,

Разбураючы ўсё прад сабою,

І вакол, як ні глянь, ўсё гудзе

Ў несустрыманым буйным развою...

 

Я люблю гэты час!

Яго ўздым

Непакорнай свабоднай стыхіі!

Нешта блізкае бачу я ў ім,

Што нутро маё радасцю мые!

 

Капыль, 1912


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан