epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Я жыву...

Я жыву таму, што маю

Веру моцную у тое,

Што загіне доля злая,

Чорнай сілаю якая

Землю вокал аблягае,

Бы жалезнаю рукою.

 

Я жыву таму, што сэрца

Спадзеў ясных не губляе,

Як улетку лісцяў дрэўцы,

І ў надзеях, бы праз дзверцы,

Наглядае спацар смерці,

Што нядолю скрозь знішчае.

 

Я жыву таму, што чую

Душой чулаю адроду,

Тую пору, хвілю тую,

Боганосную, святую,

Што нясе ў свет дарагую

Светазарную Свабоду.

 

Я жыву таму, што бачу

Панаванне лепшай долі,

Дзе не будзе хутка плачу,

За якую й я даў дачу,

Што адроду прыназначыў

На крывавым збройным полі

Ў барацьбе за шчасце й волю.

 

1918


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан