epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Каля бору сонца ходзіць

Каля бору сонца ходзіць

На высокіх ценкіх дыбах,

Чарадою цені водзіць

Па кустох — густых сядзібах —

Даўгакосых,

Таўстаносых,

Цёмнатварых,

Грозных, ярых

Лесуноў.

З-пад кустоў,

З тайных сховаў,

Вабам, зовам

На палянкі,

На гулянкі,

Насустрэчу светлай ночы

Духаў скрытных зазывае

І ў сляпыя цемні-вочы

Сітам промень рассявае.

Вузкіх шляхаў выгіб ломкі

Машастовай рунню ўбраны,

І шнуруюць скокам ёмкім

Німфы-ведзьмі, феі-панны —

На граніцу,

Да крыніцы,

На гулянне,

Як загляне

Маладзік;

Як з-пад пік

Стройных ёлак

Рысаў голак

Ў блутнай сетцы

Напляцецца

І ўбярэ ваду крыніцы.

Гэй, хавайся, сонца, з неба!

Дай жа ночы-маладзіцы

Адчыніць сваю бяседу!

Вось і месяц

З крэмню крэсіць —

Сыпле крэйду,

Меліць пэндлем

Воду, бор.

Стада зор

Ў гала гоніць

І гамоніць

Шэптам лісцяў:

Гэй жа, выйсце

На гулянку, на вяселле!..

Бор змаўкае — не шапоча,

Ралкай жаднай не шавеліць,—

На крыніцу ўстраміў вочы.

Ў вербалозах, ў пухкім моху

Завіліся карагоды;

Вадзянік адставіў лёху

У крыніцы спадысподу.

Вір віруе

І шнуруе

Градкай лёгкай,

Лентай вохкай

Грэбень хваль.

Плецень-валь

Дымкай шарай

Туліць твары

Фей-русалак,

Што ў прагалак

Між кустамі над крыніцай

Распусцілі бросні-косы;

З хітрай мінаю глядзіцца

Ў іх лясун доўгавалосы.

Жаб капэля

Іх вяселіць

Мнагалікім

Хорам-крыкам

Певуноў,

Покуль зноў

З па-над бору

Кроўным морам

Пачне ўсходзіць

І заводзіць

Сонца спацыр жыццявейны,

Стаўшы ціха ўверх на дыбы...

І пражэцца крохкай ценню

Ўсё начовае — ў сядзібы.

 

Капыль, 31/V-1924


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан